Іслам у Казахстане

Іслам у Казахстане — найраспаўсюджаная рэліґія сярод вернікаў Казахстану. Мусульмане складаюць 70% насельніцтва паводле перапісу 2009 року[1].

Пранікненьне ісламу на тэрыторыю сучаснага Казахстану адбывалася цягам некалькіх стагодзьдзяў, пачынаючы з паўднёвых рэґіёнаў.

Першым штуршком да распаўсюджваньня ісламу стала Талаская бітва 751 року, падчас якое цюркі Цюрґескага каганату, аб’яднаўшыся з войскамі Абасыдзкага халіфату, перамаглі войскі Танскага Кітаю. Перамога ў змаганьні спыніла экспансію кітайскае імпэрыі Тан на захад і дазволіла ісламу зацьвердзіцца сярод аселага насельніцтва Сямірэчча і Сырдар’я напрыканцы Х стагодзьдзя.

Паводле іранскага навукоўца-гісторыка Туражу Атабакі, першапачаткова іслам зацьвердзіўся ў месты Туркестане і ягоным асяродзьдзі[2]. Потым, паводле сярэднявечнаму ісламскаму гісторыку Ібн аль-Асыру, дзякуючы саманідзкім місіянэрам у месты Таразе і ягоных асяродзьдзях[3]. Далей іслам стаў дужа павольна распаўсюджвацца на поўнач тэрыторыі сучаснага Казахстану.

Іслам быў зацьверджаны ў якасьці дзяржаўнае рэліґіі ў дзяржаве Караханідаў напрыканцы X стагодзьдзя. З пашырэньнем імпэрыі Чынґісхана распаўсюджваньне ісламу замарудзілася, бо традыцыйнаю рэліґіяю цюркаў было тэнґрыянства. Але іслам працягваў распаўсюджвацца ў наступныя стагодзьдзі. Бо іслам прынялі ханы Залатое Арды Бэрке (1255—1266) ды Узбэк (1312—1340). У той пэрыяд сярод цюркаў быў моцны ўплыў суфійскай духавенства. Вялікі ўнёсак у распаўсюд ісламу сярод усіх цюркамоўных народаў рэґіёну ўнёс заснавальнік суфійскага ордэна Ясавія Ходжа Ахмэт Ясаві, памерлы ў 1166 годзе ў месты Туркестане.

Ісламізацыя насельніцтва на тэрыторыі сучаснага Казахстану адбывалася паступова, цягам многіх стагодзьдзяў. Раней за ўсё былі ісламізаваныя мяшчане і земляробчае насельніцтва поўдня сучаснае тэрыторыі Казахстану. У сярэдзіне 15 стагодзьдзя іслам становіцца дзяржаўнаю рэліґіяю Казаскага Ханства. У XVIII-XIX стагодзьдзі Расейская імпэрыя пасьлядоўна пашырала тэрыторыі Казахстану й Сярэдняе Азіі, расейская імпэратрыца Кацярына II ужывала татарскіх мулаў для вядзеньня дыялёґаў і распаўсюджваньня свайго ўплыву на казахаў і іншых мусульманаў.

Цяпер іслам успрымаецца казаскім насельніцтвам як складовая частка этнічнае ідэнтычнасьці. Асноўная маса казаскага насельніцтва лічаць сябе мусульманамі і выконвае ў той або іншай меры хоць бы частку ісламскіх абрадаў і прадпісаньняў. Напрыклад, абрад абразаньня (сундзет) зьдзяйсьняе пераважная частка казахаў, пахаваньне паводле мусульманскіх абрадаў робяць усё казахі. Разам з ісламам сярод вернікаў-казахаў захоўваюцца і некаторыя звычаі даісламскага пэрыяду, што не супярэчаць ісламу.

Хлопчыкі носяць айдар (чуб). Ё абрады тусаў-кесу (абразаньне путаў) — абрады абразаньня валосься па дасягненьні нованароджанымі малымі веку 40 дзён. Часта можна пачуць, як казахі часам ужываюць слова «Тәңір», «Кудай» як сынонім слова Алаг, што паказвае перавагу сьхільнасьці да паґанскага тэнґрыянства.

У цяперашні час у Казахстане функцыянуе ля 3700 мячэтаў.


Пры падтрымцы шэрагу ісламскіх дзяржаваў у Казахстане была створаная цэлая сетка ісламскіх адукацыйных установаў. З 1991 року функцыянуе Вышэйшы ісламскі інстытут па падрыхтаваньні імамаў-хатыбаў пры Духоўным кіраваньні мусульманаў Казахстану, з 2001 року — Эґіпецкі ўнівэрсытэт ісламскае культуры «Нур-Мубарак» з эґіпецкімі выкладчыкамі (з 2012 року перайменаваны ў Казаска-эґіпецкі ісламскі ўнівэрсытэт «Нур»)[4]. Апошні вуз толькі за 2004—2011 рокі выпусьціў 262 адмыслоўца-ісламазнаўца, значная частка якіх пачала працаваць імамамі ды наіб-імамамі ў мячэтах Казахстану[4]. У 2002 годзе таксама быў адчынены Ісламскі інстытут падвышэньня кваліфікацыі імамаў Рэспублікі Казахстану[4]. Аднак ня варта перабольшваць значэньне ісламу ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны — напрыклад, толькі ў 2012 годзн зьявіўся першы ісламскі даляканал «Асыл Арна»[4]. Дзяржаўная ўлада імкнецца кантраляваць ісламскую асьвету — з 2011 року ў краіне зьявіўся дзяржаўны стандарт адмысловасьці «Ісламазнаўства» і ўжо ў 2011 годзе было вылучана 150 ґрантаў для навучэнцаў па гэтай адмысловасьці[5].

Іслам у Казахстане вызнаюць ў асноўным казахі, узбэкі, уйгуры, дунґане, таджыкі, кыргызы, туркмэны, татары, башкіры, шэраг традыцыйна ісламскіх народаў Паўночнага Каўказу, азэрбайджанцы (апошнія ў асноўным прытрымліваюцца шыізму).

  1. ^ Аналитический отчёт «Итоги Национальной переписи населения Республики Казахстан 2009 года»
  2. ^ Атабаки Тураж. Центральная Азия и Кавказ: транснационализм и диаспора, стр. 24
  3. ^ [[|Ібн аль-АсырИбн аль-Асир]], том 8, стр. 396
  4. ^ а б в г Рудов Г. А. Ислам в Центральной Азии: масштабы и перспективы влияния // Научно-аналитический журнал Обозреватель — Observer. — 2014. — № 6 (293). — С. 60
  5. ^ Рудов Г. А. Ислам в Центральной Азии: масштабы и перспективы влияния // Научно-аналитический журнал Обозреватель — Observer. — 2014. — № 6 (293). — С. 61

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]