Абрэвіятура

Абрэвіяту́ра (італ. abbreviatura ад лац. abbrevio — «скарачана») — слова, утворанае з пачатковых гукаў або літар словаў, што ўваходзяць у пэўнае словазлучэньне. Зьяўляецца назоўнікам[1]. Працэс утварэньня абрэвіятураў называецца абрэвіяцыя (немарфемны)[2]. Абрэвіятуры сустракаюцца ў старажытнагрэцкіх і сярэднявечных тэкстах, напрыклад DN — скарачэньне ад «Dominus Noster»[3]. Абрэвіяцыя пашырылася ў эўрапейскіх мовах напачатку XX стагодзьдзя, у беларускай мове — ў 1920-я гады. У сучаснай беларускай мове паводле структуры вылучаюцца наступныя абрэвіятуры: ініцыяльныя (з пачатковых літар — ВНУ або гукаў — ААН), складовыя (з пачатковых частак слоў — сельмаг), зьмяшанага (складова-ініцыяльнага) тыпу; утвораныя з часткі першага слова і канцавой — другога (мапед); с пачатковай часткі і цэлага слова (дзяржзаказ, медпункт[4]).

Абрэвіятуры, ці скароты (скарачэньні), здаўна ўжываліся на пісьме ўсіх народаў, якія валодаюць пісьмовай мовай. Старажытныя рымляне імкнуліся дасягнуць гэтага сваімі ціраніянскімі пазнакамі; у новы час з той жа мэтай вынайдзена стэнаграфія.

У штодзённым жыцьці, калі патрабуецца зьберагчы месца й час, здавольваюцца ўжытнымі простымі скаротамі. Апошнія складаюцца ці са скароту выразаў, ці са скароту словаў. Скароты выразаў, якія складаюцца ў пропуску неістотных членаў мовы, без намаганьняў узнаўляных з агульнай яе сувязі (дапаможных дзеясловаў, асобных часьцінаў мовы і іншых).

Скароты словаў складаюцца часткова ў пропуску асобных літар і складоў і апусканьні значнай часткі ці нават усяго слова, за выключэньнем пачатковых літар, часткова ў адмысловых знаках, якія замяняюць словы. У найстаражытныя часы, калі пісалі загалоўнымі літарамі, можна было наогул скарачаць склады й словы, як гэта можна бачыць на надпісах, манэтах і старажытных рукапісах. Толькі з тых часоў, калі ўвайшлі ва ўжываньне вялікія грэцкія й лацінскія літары, зьявіліся сапраўдныя скарачальныя знакі для складоў, падвойных зычных, падвойных галосных і цэлых словаў. У грэцкіх рукапісах сустракаецца мноства падобных знакаў, збольшага якія перайшлі й у друкаваныя выданьні грэцкіх пісьменьнікаў, зь якіх зусім зьніклі толькі ў найноўшы час. Таму ў старадаўніх грэцкіх граматыках можна знайсьці пералік найбольш ужытных абрэвіятур. Старажытныя рымскія абрэвіятуры, ці ціраніянскія пазнакі, перайшлі разам з лацінскай мовай у Сярэднявечча, дзе яны сустракаюцца галоўным чынам у надпісах і на манэтах, а затым у рукапісах, асабліва пачынаючы з XІ стагодзьдзя, таксама й у граматах, зь якіх яны не зьнікаюць да XVІ стагодзьдзя ўключна. Абрэвіятуры, што сустракаюцца ў найбольш позьніх лацінскіх рукапісах і граматах, звычайна складаюцца з пропускаў, а яшчэ часьцей — са злучэньняў літар. Апошняе ляжыць у аснове шыфру імёнаў, ці манаграмы. Пералікі такіх скарачэньняў, што сустракаюцца ў граматах, і правілы іх тлумачэньня можна знайсьці ва ўсіх кіраўніцтвах да дыпляматыкі. Але з часу вынаходзтва кнігадрукаваньня гэтыя ўсталяваныя абрэвіятуры выйшлі з ужытку, за выключэньнем нешматлікіх.

  1. ^ Абрэвіятура // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 1. — С. 41.
  2. ^ Гваздовіч Г. А. Спосабы словаўтварэння // Беларуская мова: Вучэб. дапам. для 10 кл. агульнаадук. шк. з бел. мовай навуч.. — Мн.: Нар. асвета, 1999. — С. 106. — ISBN 985-03-0962-8
  3. ^ abbreviation (анг.) Encyclopedia Britannica Праверана 26 жніўня 2024 г.
  4. ^ Валочка Г. М. Беларуская мова ў табліцах і схемах. — Мн.: ТАА «Юніпрэс». — С. 37. — ISBN 985-6588-16-2