Ака́фіст — род асобнага хвалебнага царкоўнага песнапеньня ў гонар Ісуса Хрыста, Багародзіцы і сьвятых, якое выконваецца стоячы (назва "акафіст" перакладаецца з грэцкай мовы як "несядальны гімн"). Першы акафіст у гонар Маці Боскай сьпяваўся ўсю ноч у суботу на пятым тыдні Велікоднага посту[1].
Гэты акафіст ёсьць адной з найбольш вядомых сярод усходніх хрысціянаў малітваў і песьняў у гонар Божай Маці. Аўтарам яго звычайна лічыцца патрыярх Канстантынопальскі Сяргей, які жыў у першай палове сёмага стагодзя, хоць некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць што гэты акафіст ранейшага паходжаньня. Акафіст хутка пашырыўся па ўсёй тагачаснай Візантыйскай Імпэрыі і з прыняццём хрысціянства славянамі быў перакладзены на царкоўнаславянскую мову. Ён быў вядомы на беларускіх землях і Францішак Скарына зьмясьціў яго ў сваёй Малой Падарожнай Кніжцы, якая выйшла ў Вільні ў 1522 г.[2]
Акафіст складаецца з 24 песьняў (строфаў), злучанымі альфабэтнымі акравершамі (г.зн. яны пачынаюцца кожная чарговай літарай грэцкага альфабэту). Прысьвячэньне адрозьніваецца характарам ад іньшых песьняў і не зьвязанае з імі акравершамі - яно напэўна было напісана пазьней і не зьяўляецца складовай часткай Акафісту. Парныя песьні канчаюцца воклічам "Алілуя", а няпарныя пачынаюцца словам "Радуйся" (адсюль і іншая назва гэтага Акафісту - "Радасьць Багародзіцы". Чытаньне Акафісту звычайна канчаецца кароткай малітвай ў гонар Багародзіцы.[2]
Хоць гэты Акафіст зьяўляецца гімнам у гонар Багародзіцы, зьмест яго глыбока Хрысталягічны. У ім апяваецца Божае мацярынства, месца Багародзіцы ў Божым пляне збаўленьня роду людскога. Увесь твор можна падзяліць на дзьве часткі. У першай расказваецца аб прыйсьці на сьвет Бога-Слова, ад Дабравешчаньня да сустрэчы з праведным Сямёнам у сьвятыні дзе той прызнаў Дзіця Збавіцелем. Другая частка гэта лірычны роздум над евангельскімі тайнамі.[2]
Апошнім часам Акафіст стаўся даволі шарока вядомым на Захадзе і быў перакладзены на эўрапейскія мовы.[2]