Алесь Пруднікаў лац. Aleś Prudnikaŭ | |
Алесь Пруднікаў | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Аляксандар Трафімавіч Пруднікаў |
Псэўданімы | Алесь Усходні |
Нарадзіўся | 14 красавіка 1910 вёска Стары Дзедзін Клімавіцкі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 5 жніўня 1941 вёска Утукі Кандапоскага раёну Карэла-Фінскай ССР |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт |
Гады творчасьці | 1930—1941 |
Мова | беларуская мова |
Але́сь Пру́днікаў (14 красавіка 1910, вёска Стары Дзедзін Клімавіцкага павету Магілёўскай губэрні, цяпер Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласьці — 5 жніўня 1941, вёска Утукі Кандапоскага раёну Карэла-Фінскай ССР) — беларускі паэт. Стрыечны брат пісьменьніка Паўла Пруднікава.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька Трафім быў прызваны на фронт падчас Першай сусьветнай вайны, цяжка паранены і памёр.[1] Празь нестабільную сытуацыю доўга ня мог знайсьці сталае месца вучобы. У 1924—1930 вучыўся ў сямірочнай школе ў суседняй вёсцы Мілаславіцы. У 1930 працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіпавічы — Магілёў — Рослаў, потым на новабудоўлях Менску, з 1931 — на рэспубліканскай кніжнай базе, у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, у БелТА. Вучыўся на творчым аддзяленьні Менскага пэдагагічнага інстытуту (1932—1933). У сакавіку 1933 быў арыштаваны, але праз восем месяцаў вызвалены зь вязьніцы і адразу ж прызваны ў шэрагі Чырвонай Арміі, дзе праслужыў да 1935. У 1935—1936 быў супрацоўнікам Клімавіцкай раённай газэты «Камуна». Скончыў Ленінградзкі настаўніцкі інстытут (1938). Працаваў настаўнікам, інспэктарам Пятроўскага (цяпер Кандапоскага) раёну Карэльскай АССР (у 1940—1956 — Карэла-Фінская ССР), адначасова вучыўся завочна на філялягічным факультэце Карэльскага ўнівэрсытэту. Зь першых дзён Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце выведнікам. Загінуў 5 жніўня 1941 каля вёскі Ўтукі Кандапоскага раёну. Рэабілітаваны ў 1956.[2]
Творчую дзейнасьць пачаў як школьны паэт у 1926 разам з Паўлам Пруднікавым[3]. У час навучаньня ў школе ў БССР разгарнуўся працэс беларусізацыі, і гэта паспрыяла таму, што творы ён пісаў на беларускай мове. Паралельна быў пазаштатным карэспандэнтам некаторых газэт. Так, у прыватнасьці, калі быў знойдзены скарб старажытных манэтаў ля вёскі Стары Дзедзін, ён з Паўлам напісаў пра гэта рэпартаж[4]. Першыя вершы зьявіліся ў друку ў 1930. У 1932 асобным выданьнем выйшла паэма «Зямныя зоры», дзе распавядалася пра ўдарныя будоўлі першай пяцігодкі[5]. Падборка вершаў зьмешчана ў зборніку «Крывёю сэрца» (1967).