Антоніс ван Дэйк

Антоніс ван Дэйк
Аўтапартрэт (фрагмэнт)
Імя пры нараджэньні Antoon van Dyck
Дата нараджэньня 22 сакавіка 1599
Месца нараджэньня Антвэрпэн
Дата сьмерці 9 сьнежня 1641 (42 гады)
Месца сьмерці Лёндан
Месца пахаваньня
Адукацыя Пітэр Паўль Рубэнс
Занятак партрэт
Навуковая сфэра малярства
Сябра ў Антверпенская гільдыя Святога Лукі[d]
Жанры партрэтнае маляваньне[d], рэлігійны жывапіс[d][1], міталягічнае малярства[d][1], алегорыя[d][1], гістарычны жывапіс[1], партрэт[1] і анімалістычнае малярства[d][1]
Плынь барока
Пад уплывам Пітэр Паўль Рубэнс
Узнагароды
рыцар-бакаляўр
Подпіс Выява аўтографу

Антоніс (Антоон) ван Дэйк (па-нідэрляндзку: Antoon van Dyck; 22 сакавіка 1599, Антвэрпэн — 9 сьнежня 1641, Лёндан, Ангельшчына) — паўднёванідэрляндзкі (флямандзкі) жывапісец і графік, майстар прыдворнага партрэту й рэлігійных сюжэтаў у стылі барока.

Біяграфічныя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навучаўся ў Амстэрдаме ў 1609 і 1610 гады. 19-гадовым юнаком трапіў у майстэрню Рубэнса, уплыў якога найбольш адчувальны ў ягоных раньніх творах. У 1621 годзе Антоон ван Дэйк зьехаў у Італію й абсталяваўся ў Генуі. Тут ён знайшоў прыхільнікаў свайго таленту сярод мясцовай шляхты. Італьянскі пэрыяд творчасьці скончыўся ў 1627 годзе калі мастак вярнуўся ў Антвэрпэн. Ён заняў пасаду прыдворнага жывапісца эрцгерцагіні Ізабэлы й у адсутнасьці Рубэнса стаў першай асобай у мастацкім жыцьці гораду. 3 1632 году ван Дэйк працаваў у Ангельшчыне, куды ён прыехаў ня столькі паводле запрашэньня караля Карла I, колькі не жадаючы канкураваць з Рубэнсам, які тым часам вярнуўся ў Антвэрпэн. У хуткім часе мастак стаў адным з самых модных і папулярных жывапісцаў пры каралеўскім двары, у колах сталічнага шляхецтва. У сталы пэрыяд творчасьці ён адышоў ад традыцый Пітэра Рубэнса.

Аўтапартрэт (каля 1621)

Антоніс ван Дэйк быў найбольш адораным вучнем Рубэнса[2]. Ягоны талент разгарнуўся галоўным чынам у партрэтным жанры. Выкананьне работ на міталягічныя й біблейскія тэмы было для мастака эпізадычным і не аказала істотнага ўплыву на флямандзкі жывапіс. Майстар пражыў кароткае жыцьцё, але ў сваіх працах змог зьдзейсьніць тое, што некаторым мастакам удалося зрабіць за дзесяцігодзьдзі руплівай працы.

У творах Антоона спалучаліся высокае тэхнічнае майстэрства, глыбіня псыхалягічнага раскрыцьця асобы й бездакорны густ. Мастак пісаў партрэты людзей рознага сацыяльнага стану — ад манархаў, бліскучых арыстакратаў, герархаў царквы да заможных бюргераў. Але ў кожнай выяве адчуваецца імкненьне да раскрыцьця ў мадэлі важных якасьцяў характару, тонкіх настрояў, прыгажосьці. Калі ж гэта знайсьці было цяжка, мастак зьвяртаўся па дапамогу да багатага антуражу, дасканалай прадуманасьці кампазыцыйнай і колеравай пабудовы.

Уплыў Рубэнса адчувальны ў раньніх творах мастака («П’яны Сылен», да 1621 году; «Сьвяты Мартын і жабрак», каля 1621). Нават у выбары жанраў, міталягічных ці біблейскіх тэмах ён ішоў усьлед за настаўнікам. Аднак паступова ван Дэйк стаў адыходзіць ад традыцыяў жывапісу Рубэнса. Ягоныя творы набылі вытанчанасьць, вызначаную стрыманасьць плястычнага вырашэньня. Асноўную ўвагу мастак засяроджваў на псыхалягічных момантах жыцьця герояў, паказваў іх аддаленымі ад паўсядзённасьці. 3 гэтага часу дзейнасьць мастака канцэнтравалася пераважна ў партрэтным жанры й выказвалася ў распрацоўцы яго парадна-арыстакратычнага тыпу.

Мадэлямі раньніх партрэтаў былі заможныя бюргеры, прадстаўнікі шляхецкіх сем’яў. Іхнае выяўленьне будавалася на аўтарскім, суб’ектыўным бачаньні. Таму ў большасьці твораў пры разнастайнасьці кампазыцыйных прыёмаў можна заўважыць варыяцыю адной і той жа вобразнай тэмы. У «Сямейным партрэце» (кан. 1620—1621), «Аўтапартрэце» (1620-я) характарыстыкі даюцца праз выразныя павароты галоваў, палажэньні рук, выразы вачэй. У іх няма складанага антуражу, шматслоўнага атачэньня, што не перашкаджае ван Дэйку паказаць багатую палітру ня столькі пачуцьцяў, колькі іхных адценьняў. Вытанчанасьць мяжуецца з натуралістычнасьцю, смутак, задуменнасьць неад’емныя ад стрыманасьці[2]. Аналягічныя, амаль няўлоўныя, але шматзначныя настроі адчуваюцца ў «Партрэце Ф. Снэйдарса з жонкай» (1621), «Мужчынскім партрэце» (1620-я).

Партрэт Марыі Люізы дэ Тасіс (1630)
Карл I на паляваньні (каля 1635)

Падчас працы ў Італіі мастак сфармаваў асаблівы тып параднага партрэта, у якім эфэктнасьць паказу мадэлі, вытанчанасьць стаяць на першым месцы. Ягоныя творы вызначалі падкрэсьленая дэкаратыўнасьць кампазыцыйных і колеравых пабудоваў, мяккасьць калярыту. Гэта бачна ў партрэтах генуэскай шляхты — «Маркіз А. Дж. Брыньнё-ле-Сале й ягоная жонка Пааліна Адорна», «Дама зь дзяўчынкай», «Кардынал Гвіда Бэнтывольлё» (усе — 1620-я). Зьяўленьне гэтых адметных рысаў было, безумоўна, зьвязана з уплывамі вэнэцыянскага жывапісу, у першую чаргу працаў Тыцыяна, Караваджа.

Пасьля вяртаньня ў Антвэрпэн, як і ў папярэднія пэрыяды, алтарныя карціны займалі другараднае месца ў ягонай творчасьці ў параўнаньні з партрэтамі. Парадная, у некаторым сэнсе тэатральная эфэктнасьць цяпер саступіла месца ўрачыстай стрыманасьці, віртуознасьці плястычнага выкананьня. У характарных вобразах паўстаюць сучасьнікі мастака, імёны якіх цяпер вядомы дзякуючы ягонаму таленту, — палітычныя дзеячы, лекары, заможныя бюргеры й камэрсанты, гарадзкі патрыцыят, шляхецтва, мясцовыя прыгажуні («Партрэт Марыі Люізы дэ Тасіс», «Жывапісец П. Снаэрс», «Лекар Лязарус Махаркейзус»).

Ня ўсе працы ван Дэйка пэрыяду ягонага знаходжаньня ў Ангельшчыне роўныя па сваіх мастацкіх якасьцях (ён зьвяртаўся на дапамогу да вучняў і памочнікаў). Шэрагу зь іх уласьцівы пэўная сухасьць плястыкі, аднастайнасьць кампазыцыі. Лепшыя карціны сьведчаць аб сталым пошуку, імкненьні знайсьці той адзіны, адпаведны сутнасьці выяўленай асобы варыянт калярыту, акружэньня, сюжэту. Партрэтыст часьцяком уключаў у творы пэйзажныя матывы, бытавыя сцэны. Менавіта гэткім чынам паказаны Карл I на паляваньні (каля 1635 году). Некалькі паэтычнае бачаньне караля не пашкодзіла мастаку выявіць сапраўдныя рысы ягонага характару, паказаць фанабэрыстасьць, легкадумнасьць, самаўпэўненасьць, бязвольнасьць. Вынайдзены ў Італіі й разьвіты ў Антвэрпэне від параднага арыстакратычнага партрэта цяпер атрымаў сваё завяршэньне[2]. Калярыт працаў мастака стаў больш эмацыйным, эфэктным і дэкаратыўным, фоны й антураж — вытанчанымі, позы партрэтуемых асобаў — выразнымі. Гэта бачна ў «Конным партрэце Карла I» (1636), выявах «Дзеці Карла I», «Дж. Ст’юарт, герцаг Рычмандзкі», «Ф. Ўортан».

  1. ^ а б в г д е RKDartists (нід.)
  2. ^ а б в Лазука (2010)
  • Лазука Б. Гісторыя сусьветнага мастацтва. XVII—XVIII стагодзьдзі / Б.А.Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0899-9

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]