Апэрацыя «Прыбой» (Сакавіцкія дэпартацыі) — кодавая назва масавых дэпартацыяў насельніцтва прыбалтыйскіх дзяржаваў 25-28 сакавіка 1949 году. Каля 90 000 эстонцаў, латышоў і літоўцаў былі дэпартаваныя ў аддаленыя часткі Савецкага Саюза. Гэтая апэрацыя была адной з самых складаных са зьдзейсьненых Савецкай Уладай у эпоху Халоднай вайны.
Будучы прадстаўлена як апэрацыя па выкараненьні кулацтва, сапраўды мела мэтай спрыяньне калектывізацыі ў вёсцы і зьнішчэньне базы падтрымкі Лясных братоў у барацьбе супраць савецкай акупацыі. Таму асаблівая ўвага надавалася анты-савецкім нацыяналістам, сымпатыкам і сваякам Лясных братоў, вэтэранам Нацысцкіх узброеных сіл і сваякоў зьняволеных у ГУЛАГ за анты-савецкую дзейнасьць. Дэпартацыя выканала пастаўленую перад ёй мэту: на працягу наступных некалькіх тыдняў, амаль усе хатнія гаспадаркі былі калектывізаваны.
З-за высокай сьмяротнасьці дэпартаваных у першыя некалькі гадоў пасьля высяленьня, выкліканай няздольнасьцю Савецкай улады даць патрэбную вопратку, жыльлё, з-за нядбайнасьці або праз злы намер, некаторыя дасьледчыкі лічаць дэпартацыі генацыдам.[1][2][3] На аснове дэклярацыі Мартэнса і прынцыпаў статуту Нюрнбэрскага трыбуналу Эўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў сакавіцкія дэпартацыі злачынствам супраць чалавечнасьці.[4][5]
За правядзеньне апэрацыі па высылцы грамадзянскіх людзей былі ўдастоены ордэнам Чырвонага Сьцяга вядучыя выканаўцы і кіраўнікі: генэрал-маёр Б. Кум, палкоўнікі А. Рэзеў, П. Пастэльняк, Д. Таевер, а ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны 1 і 2 ст. ўзнагародзілі генэрал-лейтэнанта С. Агальцова і падпалкоўнікаў О. Авіка, А. Прэсмана і І. Якабсона.