Аўтано́мія (па-грэцку: αυτος — «сам» і па-грэцку: νομος — «закон») — права на самастойнае ажыцьцяўленьне пэўных функцыяў дзяржаўнай улады ці на кіраваньне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзяржаўнай канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага прынцыпу й можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласьць, асобная нацыянальная альбо рэлігійная супольнасьць[1]. Адрозьніваюць адміністрацыйную, палітычную аўтаномію. Палітычная аўтаномія, як правіла, даецца тэрыторыям, кампактна заселеным нацыянальнымі супольнасьцямі, што вызначаюцца асаблівасьцямі мовы, мэнтальнасьці, эканамічнага, палітычнага й культурнага разьвіцьця. Палітычная аўтаномія азначае права нацыянальна-тэрытарыяльнага ўтварэньня самастойна ажыцьцяўляць ўнутранае кіраваньне.
Нацыянальна-культурная аўтаномія — свабоднае, самастойнае функцыянаваньне й разьвіцьцё нацыянальных культур асобных этнічных супольнасьцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці іншых заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нацыянальных радаў, школаў, культурна-асьветніцкіх установаў і інш[1].
Царкоўная аўтаномія — самастойнасьць, незалежнасьць царквы ў пытаньнях унутранага кіраваньня, аўтакефалія[1].