Барбара Радзівіл

Барбара Радзівіл
лац. Barbara Radzivił
Барбара Радзівіл
Барбара Радзівіл

Герб Трубы
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 16 сьнежня 1520
Памерла 8 траўня 1551(1551-05-08)[2] (30 гадоў)
Пахаваная
Род Радзівілы
Бацькі Юры Радзівіл
Барбара Кола
Муж Жыгімонт Аўгуст

Барбара Радзівіл (Радзівілянка; 6 сьнежня 1520 або 1523[a][3] Вільня, Вялікае Княства Літоўскае8 траўня 1551, Кракаў, Польскае каралеўства) — каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта Аўгуста.

Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, дачка Юрыя, гетмана вялікага літоўскага, і Барбары з Колаў. Мела брата Мікалая «Рудога» і сястру Ганну Альжбету.

Атрымала добрую адукацыю, вылучалася розумам і прыгажосьцю. 18 траўня 1537 году яе выдалі замуж за ваяводу троцкага Станіслава Гаштольда. У 1539 годзе памёр сьвёкар, неўзабаве па ім — сьвякроў. На працягу трох гадоў таксама памерлі бацька і муж Барбары Станіслаў Гаштольд(be) (сьнежань 1542 году). Кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары ўжыў у дачыненьні маёмасьці згаслых Гаштольдаў права кадука, якое азначала перадачу яго цалкам у гаспадарскі скарб. Бязьдзетная ўдава — Барбара — заставалася без утрыманьня. Радзівілы зьвярнуліся па падтрымку да каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорцы. Дапамагаючы разьвязаць маёмасныя справы маладой удавы, у кастрычніку 1543 году да яе ў Геранёны заехаў каралевіч Жыгімонт. Па сустрэчы Барбара разам з маці зноў перасялілася ў Вільню да свайго брата Мікалая «Рудога». У гэты час у месьце знаходзілася рэзыдэнцыя Жыгімонта Аўгуста, які яшчэ пры жыцьці бацькі, Жыгімонта Старога, каранаваўся на караля Польшчы і вялікага князя Літвы. Па знаёмстве з Барбарай, вялікі князь пачаў зь ёй сустракацца. Жыгімонт Аўгуст зрабіў Барбару фрэйлінай сваёй жонкі Альжбеты з роду Габсбургаў. Калі ў 1545 годзе Альжбета памерла, яны пачалі сустракацца адкрыта.

Інтрыгі польскай шляхты, дрэннае стаўленьне каралевы-маці да Радзівілаў, якая лічыла іх стасункі мэзальянсам, а таксама заява братоў Барбары пра тое, што Жыгімонт Аўгуст абражае гонар іх сястры, вымусілі караля і вялікага князя даць слова, што ён пакіне Барбару. Але неўзабаве (у 1547 годзе) яны патаемна ўзялі шлюб у Вільні[4]. 17 красавіка 1548 году Жыгімонт Аўгуст прадставіў яе ў якасьці сваёй жонкі Сойму Вялікага Княства Літоўскага, які пагадзіўся прызнаць яе вялікай княгіняй літоўскай[5].

У 1548 годзе памёр Жыгімонт Стары, Жыгімонта Аўгуста тэрмінова выклікалі ў Кракаў, а яго маці Бона Сфорца пачала шукаць жонку для будучага кіраўніка дзяржавы. Аднак выявілася, што Жыгімонт Аўгуст ужо жанаты. Каралева-маць прыкладала намаганьні, каб не дапусьціць каранацыі Барбары. Таго ж 1548 году сойм у Пёрткаве выступіў за скасаваньне шлюбу, але нягледзячы на гэта, Жыгімонт Аўгуст дамогся аго афіцыйнага вызнаньня, пагражаючы адмовай ад стальца і склаўшы хаўрус з Габсбургамі[6].

Урачыстая каранацыя Барбары Радзівіл адбылася ў Кракаве 7 сьнежня 1550 году. На знак пратэсту Бона Сфорца выехала з Кракава на радзіму ў Італію. Па каранацыі італьянскі аптэкар Монці прыгатаваў зельле ад бясплодзьдзя, у выніку 2-месяцовага прыёму якога Барбара крайне схуднела[5]. У траўні 1551 году маладая каралева памерла. Канец Барбары быў жахлівым: яна памірала некалькі месяцаў у жудаснай агоніі, аднак Жыгімонт увесь час знаходзіўся з жонкай. Паводле некаторых зьвестак, Барбару атруцілі агенты Боны Сфорцы, згодна зь іншымі — яна памерла па доўгай хваробе (або ад раку шыйкі маткі, або ад пранцаў ці кілы). Пахавалі каралеву ў Віленскім катэдральным касьцёле 24 чэрвеня 1551 году.

Існуе паданьне пра тое, што па сьмерці Барбары кароль наведаў Мікалая Радзівіла (брата Барбары) у Нясьвіжы, і прывёз з сабой чарадзея, які паабяцаў яму выклікаць дух жонкі ў тым месцы, дзе яны сапраўды кахалі адзін аднаго. Дух быў выкліканы, але кароль сваім каханьнем змог утрымаць Барбару, ня даўшы ёй вярнуцца туды, адкуль яе выклікаў чарадзей. Кароль мусіў вярнуцца паміраць у Нясьвіж, дзе б яны нарэшце сустрэліся. Аднак нечакана ён памёр у Кракаве, і паводле легенды, да нашых дзён дух Чорнай Дамы блукае пакоямі Нясьвіскага замка, у той час як дух Жыгімонта блукае ў Кракаўскім палацы.

  1. ^ Паводле мэтрыкі з спадніцы Барбары Радзівіл, знойдзенай у 1931 годзе пры дасьледаваньні сутарэньняў Віленскай катэдры
  1. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #118966650 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ Find a Grave (анг.) — 1996.
  3. ^ Wdowiszewski Z. Genealogia Jagiellonów i Domu Wazów w Polsce. — Kraków: Wydawnictwo Avalon, 2005. S. 150.
  4. ^ Пазднякоў В. Барбара Радзівіл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 285.
  5. ^ а б Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 6 сьнежня 2011. — № 232 (27096). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Пазднякоў В. Барбара Радзівіл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 286.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Рудзкі Э. Барбара Радзівілянка — другая жонка Жыгімонта Аўтуста // Спадчына. № 5, 1994.
  • Русецкая Н. Лісты Барбары Радзівілянкі да караля Жыгімонта Аўгуста // Спадчына. № 6, 1997.
  • Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
  • Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
  • Два письма королевы Боны из рукописных фондов государственной публичной библиотеки им. Салтыкова-Щедрина

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]