Белкамунмаш

Каардынаты: 53°53′13″ пн. ш. 27°38′45″ у. д. / 53.88694° пн. ш. 27.64583° у. д. / 53.88694; 27.64583

«Белкамунмаш»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Транспарт, якому давяраюць
Заснаваная 1 ліпеня 1973 (51 год таму)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Партызанскі раён, Пераходная вул., д. 64
Ключавыя фігуры Уладзімер Кароль
Галіна транспартнае машынабудаваньне
Прадукцыя тралейбусы, трамваі, электробусы
Абарачэньне 184 млрд. рублёў (2010; 61,5 млн. $)
Апэрацыйны прыбытак 25,7 млрд руб. (2010; 8,6 млн $)
Чысты прыбытак 12,6 млрд руб (2010; 4,2 млн $)
Лік супрацоўнікаў 1461 (2010)

«Белкамунмаш» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў ліпені 1973 году ў якасьці Менскага рамонтнага трамвайна-тралейбуснага заводу.

Мае сваю прадуктовую лінію тралейбусаў, трамваяў і электробусаў пад таварным знакам «Вітаўт». Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі ў галіне вытворчасьці і капітальнага рамонту грамадзкага электратранспарту.

Тралейбус АКСМ-42003 «Вітаўт» (Менск, 2007 год)

На 2019 год ААТ «Белкамунмаш» выпускала пад таварным знакам «Вітаўт»:

Тралейбус АКСМ-101А (Томск, 2006 год).

1 ліпеня 1973 году заснавалі «Менскі рамонтны трамвайна-тралейбусны завод» («Менскі РТТЗ»). На той час у Беларускай ССР працавалі: Віцебскі трамвай (1898), Менскі трамвай (1929), Менскі тралейбус (1952), Гомельскі тралейбус (1962) і Магілёўскі тралейбус (1970). У 1974 годзе адрамантавалі першы тралейбус. У тым годзе запусьцілі Гарадзенскі тралейбус і Наваполацкі трамвай. Прадпрыемства разьвівалася як шматфункцыянальнае і акрамя рамонту трамваяў і тралейбусаў выпускала тавары народнага спажываньня, сродкі мэханізацыі і прадукцыю камунальнай прызначэньня. Асноўнай спэцыялізацыяй было аднаўленьне тралейбусаў тыпу ЗІУ-682Б для абласных гарадоў Беларускай ССР, Кішынэва (Малдоўская ССР), Віньніцы (Украінская ССР), Курска (Расейская СФСР) і інш. У 1976 годзе прадпрыемства перайменавалі ў «Рамонтна-мэханічны завод» («РМЗ»).У 1978-м на заводзе адрамантавалі 1000-ы тралейбус, а ў 1982 г. — 2000-ы. Пасьля рэканструкцыі ў 1985—1987 гг. «Белкамкамунмаш» штогод рамантаваў да 400 машын і за ўвесь час адрамантаваў 7000 тралейбусаў і трамваеў[4].

Тралейбус АКСМ-201 (Барнавул, 2008 год).

У 1993 г. калектыў Белкамкамунмаша прыступіў да рэалізацыі дзяржаўнай праграмы разьвіцьця гарадзкога электрычнага транспарту ў Беларусі. У самыя кароткія тэрміны КБ завода падрыхтавала да вытворчасьці тралейбус уласнай распрацоўкі. Першая мадэль, АКСМ-101 (БКМ-101), сышла з канвэера ў 1994 г. і ў тым жа годзе менскія тралейбусы былі пастаўленыя ў Горадню, Менск, Уладзімер (Расея) і Улан-Батар (Манголія). Тралейбус АКСМ-101, які меў традыцыйную рэастатна-кантактарную сыстэму кіраваньня (РКСК), зьнешне мала адрозьніваўся ад ЗІУ-682. За год вырабілі 100 тралейбусаў. У 1996 годзе пачалі вытворчасьць АКСМ-201 з новым дызайнам кузава з элемэнтамі са шклоплястыку. У 1997 годзе распрацавалі нізкападлогавы тралейбус. Пры канцы 1990-х гадоў завод перайшоў ад капітальнага рамонту да вытворчасьці новых тралейбусаў і стаў называцца ВА «Белкамунмаш». У 2000 годзе выпусьцілі тралейбус АКСМ-321 і першы трамвай АКСМ-60102 з тырыстарна-імпульснай сыстэмай кіраваньня і дзьвюма маторнымі каляскамі. У 2003 годзе выпусьцілі трохсэкцыйны 26-мэтровы трамвай АКСМ-743 зь пераменным узроўнем падлогі і шасьцю дзьвярыма. Таксама «Белкамунмаш» выпускаў аўтамабілі хуткага рэагаваньня ЗіЛ-5301[5], машыны лесапажарнай аховы першага ходу МЛ-10 («Беларус-356»)[6], пажарную аўтацыстэрну МАЗ-5434[7] і іншую прадукцыю для дарожнай, камунальнай і будаўнічай працы. У 2007 годзе выпусьцілі тралейбус 4-га пакаленьня АКСМ-420. У 2008 годзе пачалі вырабляць трамвай АКСМ-843 хуткасьцю да 120 км.

У 2009 годзе «Белкамунмаш» пачаў вытворчасьць першых сэрыйных паўнізкападлогавых трамвайных вагонаў мадэлі 62103. Аднасэкцыйны вагон з трыма дзьвярыма мог зьмяшчаць да 159 паяжджанаў, у тым ліку 29 месцаў для сядзеньня. Вагон разьвіваў хуткасьць да 62 км/гадз і меў даўжыню 15,7 м. Пасажырскі салён і кабіна кіроўцы мелі асобныя кандыцыянэры. Налічвалася 6 камэраў відэанагляду. Таксама ў салёне было 3 парты зарадкі тэлефонаў і яшчэ адзін у кабіне[8]. У 2011 годзе ААТ «Белкамунмаш» утварыла холдынг з удзелам 2 УП «Навукова-тэхнічны вытворчы цэнтар» і «Сэрвісна-збытавы цэнтар», а таксама стварыла гібрыдны аўтобус А420[4].

Увесну 2012 году «Белкамунмаш» вырабіў паводле распрацоўкі польскага прадпрыемства «PESA» (Быдгашч) аднавагонны дызэль-цягнік ДП-1 на заказ Беларускай чыгункі[9]. Тралейбусы прадпрыемства працавалі ў 7 гарадох Беларусі (то бок, ва ўсіх тралейбусных сыстэмах краіны), а таксама ў 32 гарадох Расеі, Манголіі, Малдовы, Латвіі, Казахстану, Кыргыстану і Сэрбіі.[10]. У 2013 годзе выпусьцілі тралейбус АКСМ-43303А з дызэль-генэратарам. У 2014-м вырабілі АКСМ-32100D зь літ-тытанатным накапляльнікам. У 2016 годзе «Белкамунмаш» пачаў вырабляць электробусы «Вітаўт Макс Электра» (Е433). Да жніўня 2020 году «Белкамунмаш» паставіў электробусы ў 40 гарадоў 23 краінаў[11]. У 2019 годзе пачалі вырабляць электробус «Альгерд Е321»[12][13].

16 лютага 2022 году «Белкамунмаш» прадставіў свой 1-ы электрагрузавік «Вітаўт Трак Электра Прайм» памерам 10,5х2,6х4 мэтры з кузавам-фургонам на 44 кубамэтры. Яго грузападымальнасьць складала 7,8 тоны, а найбольшая хуткасьць — 90 км/гадзіна. Электрагрузавік аснасьцілі асынхронным цягавым электрарухавіком магутнасьцю 180 кіляват і літ-жалеза-фасфатнай батарэяй ёмістасьцю 273 кіляват/гадзіна ўласнай вытворчасьці. Прабег на адным зарадзе дасягаў 200 км. Сярэдні выдатак электраэнэргіі пры выкарыстаньні ўнутры горада складаў 1,1 кіляват/гадзіна. Сыстэма камбінаванай зарадкі (СКЗ) ўлучала 2 разэткі, што дазвалялі зарадзіць электрагрузавік за 90 хвілінаў. Для адпачынку кіроўцы ў кабіне ўсталявалі адкідное спальнае месца. Удасканаленая сыстэма дапамогі кіроўцу (УСДК) падтрымлівала аўтаматычнае экстранае тармажэньне. На распрацоўку і вытворчасьць 1-га ўзору электрагрузавіка спатрэбіўся роўна год[14].

З чэрвеня 2022 году прадпрыемства знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах ЭЗ (Чорны сьпіс Эўразьвязу) ды Швайцарыі[15].

У 2022 годзе запусьцілі вытворчасьць цалкам нізкападлогавых трамвайных вагонаў мадэлі Т811 на аснове цялежкі ўласнай распрацоўкі[8]. За 2022 год «Белкамунмаш» вырабіў 158 тралейбусаў, 8 машынакамплектаў з 13 трамвайных вагонаў і электробус. Гадавая выручка вырасла на 20 % да 161 млн рублёў. Вырабы паставілі ў 13 гарадоў, у тым ліку тралейбусы мадэлі 433 у Сараева (Босьнія і Герцагавіна)[16]. Да 2023 году выпусьцілі 140 трамваяў мадэлі 62103, якія працавалі ў 12 гарадах[4].

Мадэлі тралейбусаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тралейбус АКСМ-321 (Бялград, 2010 год)
  • Мадэль 100 — дробнасэрыйны прататып
  • Мадэль 101 — тралейбус першага пакаленьня
  • Мадэль 201 — тралейбус другога пакаленьня
  • Мадэль 213 — сучлянёны тралейбус другога пакаленьня
  • Мадэль 221 — нізкападлогавы, уніфікаваны з аўтобусам МАЗ-103Т
  • Мадэль 321 — нізкападлогавы трэцяга пакаленьня
  • Мадэль 331 — нізкападлогавы асабліва вялікай умяшчальнасьці трэцяга пакаленьня
  • Мадэль 333 — сучлянёны трохвосевы нізкападлогавы трэцяга пакаленьня
  • Мадэль 42003 — нізкападлогавы чацьвёртага пакаленьня
Трамвай АКСМ-843 (Менск, 2009 год)
  • 60102
  • 62103
  • 743 — сучлянёны
  • 843 і 84300М — сучлянёныя
  1. ^ Тралейбусы (рас.) // ААТ «Белкамунмаш», 2019 г. Праверана 5 лістапада 2019 г.
  2. ^ Трамваі (рас.) // ААТ «Белкамунмаш», 2019 г. Праверана 5 лістапада 2019 г.
  3. ^ Электробусы (рас.) // ААТ «Белкамунмаш», 2019 г. Праверана 5 лістапада 2019 г.
  4. ^ а б в Гісторыя (рас.) // ААТ «Белкамунмаш», 2019 г. Праверана 5 лістапада 2019 г.
  5. ^ [1]
  6. ^ [2](недаступная спасылка)
  7. ^ [3]
  8. ^ а б Трамваі «БКМ Холдынг» выйшлі на лініі ў Казахстане // БелТА, 7 сакавіка 2023 г. Праверана 18 красавіка 2023 г.
  9. ^ Рэйкавыя аўтобусы пачнуць курсіраваць па чыгунцы ўжо вясной // Газэта «Наша ніва», 28 сьнежня 2011 г. Праверана 5 лістапада 2019 г.
  10. ^ Belkommunmash: Contemporary History БелТА  (анг.)
  11. ^ Аляксандар Піменаў. Рух па шляху экалагічнасьці // Газэта «Зьвязда», 31 жніўня 2020 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  12. ^ Пастаўка электрабусаў для Менска // УП «Белкамунмаш», 26 сакавіка 2019 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  13. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Першы электробус мадэлі «Е-321» папоўніў аўтапарк Менска // Белтэлерадыёкампанія, 26 сакавіка 2019 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  14. ^ «БКМ Холдынг» прэзэнтаваў электрагрузавік // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 лютага 2022 г. Праверана 16 лютага 2022 г.
  15. ^ Швейцарыя далучылася да санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі і Расіі Новы час
  16. ^ Кіраўнік «БКМ Холдынг»: нам важна выпускаць сучасны інавацыйны прадукт, запатрабаваны на рынку // БелТА, 14 красавіка 2023 г. Праверана 18 красавіка 2023 г.
  17. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 29 кастрычніка 2013. — № 204 (27569). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Навіны // «Белкамунмаш», 30 сакавіка 2023 г. Праверана 18 красавіка 2023 г.