БГК імя Мяшкова | |||
Поўная назва | Берасьцейскі гандбольны клюб імя Мяшкова | ||
---|---|---|---|
Заснаваны | 9 красавіка 2002 | ||
Месцазнаходжаньне | Берасьце, Беларусь | ||
Арэна | УСК «Вікторыя» Зьмяшчальнасьць: 3740 | ||
Спартовы дырэктар | Павал Башкін | ||
Галоўны трэнэр | Рауль Алёнса | ||
Чэмпіянат | Першая ліга | ||
2018—2019 | |||
Форма | |||
Клюбныя колеры | |||
| |||
Спасылкі | |||
Афіцыйная бачына | |||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Берасьце́йскі гандбо́льны клюб імя́ Мяшко́ва — беларускі гандбольны клюб зь Берасьця, 11-разовы чэмпіён і 11-разовы ўладальнік Кубка Беларусі. Удзельнічае ў нацыянальным чэмпіянаце і міжнародных СЭГА-лізе і Балтыйскай лізе.
Гульні праводзіць у залі ўнівэрсальнага спартовага комплексу «Вікторыя» зьмяшчальнасьцю 3740 пасадачных месцаў[1].
Клюб створаны з ініцыятывы сыноў Анатоля Пятровіча Мяшкова[2], берасьцейскага гандбольнага трэнэра і энтузіяста, і атрымаў ягонае імя[3].
У дэбютным для сябе сэзоне беларускага чэмпіянату берасьцейскі клюб адразу склаў канкурэнцыю сталічным фаварытам «СКА» і «РЦАП-Аркатрон», фінішаваўшы на першым этапе на другім месцы з адставаньнем 1 пункт ад «Аркатрону» і стаўшы лідэрам у пяцёрцы мацнейшых на другім этапе. У фінале плэй-оф «БГК» саступіў «Аркатрону» толькі ў трэцім, дадатковым матчы[4]. У фінале Кубка Беларусі мацнейшым таксама апынуўся «Аркатрон». Капітан берасьцейскай каманды Ўладзімер Галушка быў прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату.
Па выніках сэзону клюб зьмяніў трэнэра і значна ўзмацніў склад украінскімі легіянэрамі і беларускімі гульцамі, якія вярнуліся з замежжа. У сэзоне 2003—2004 гадоў «БГК» перамог ва ўсіх гульнях, акрамя аднае, і стаў чэмпіёнам з 20-пунктавым адрывам ад другога месца, а таксама заваяваў кубак[5]. Найлепшым брамнікам чэмпіянату стаў Мікалай Гальмак, найлепшым абаронцам — Максім Няхайчык, найлепшым гульцом задняе лініі — Уладзімер Галушка. Як віцэ-чэмпіён клюб таксама выступаў у Кубку ЭГФ, дзе дайшоў да 1/8 фіналу.
У наступным сэзоне чэмпіянату «БГК імя Мяшкова» перамог ва ўсіх без выключэньня гульнях; як і ў папярэднім сэзоне, трэці этап не спатрэбіўся, паколькі адрыў ад другога месца склаў 14 пунктаў[6]. У Кубку Беларусі клюб таксама ня меў канкурэнтаў, перамогшы ва ўсіх трох гульнях. Мікалай Зянько[a] стаў найлепшым брамнікам чэмпіянату, Максім Няхайчык — абаронцам, Міхаіл Усачоў — гульцом задняе лініі. У гэтым сэзоне берасьцейскі клюб дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў, дзе ў групавым этапе з адной перамогай фінішаваў на апошнім месцы пасьля расейскага клюбу «Чэхаўскія мядзьведзі», дацкага «Гудмэ» і славенскага «Гарэнье»[7].
У чэмпіянаце Беларусі 2005—2006 гадоў «БГК» ізноў стаў найлепшым, саступіўшы толькі ў адной гульні з 23, а ў Кубку Беларусі саступілі менскаму «СКА»[8]. Упершыню ў беларускім чэмпіянаце ўзяў удзел і фарм-клюб БГК, складзены пераважна зь берасьцейскіх выхаванцаў. У Лізе чэмпіёнаў БГК зноў перамог аднойчы і скончыў групавы раўнд на апошнім месцы пасьля нямецкага клюбу «Кіль», дацкага «Кольдынгу» і польскай «Віслы»[9].
XV чэмпіянат Беларусі прайшоў безь інтрыгі: берасьцейцы перамаглі ва ўсіх 28 матчах. Да таго ж фарм-клюб «ЦАР-БГК» заваяваў бронзавыя мэдалі. Абодва клюбы ўзялі ўдзел і ў фінальнай частцы розыгрышу Кубку Беларусі, дзе занялі адпаведна 1-е і 3-е месцы[10]. Гульцы фарм-клюбу Алег Рагозін і Канстанцін Курыленка сталі найлепшымі бамбардырамі чэмпіянату (233 і 181 мяч адпаведна). У студзені 2007 па стане здароўя расеец Анатоль Драчоў сышоў з пасады галоўнага трэнэра, і да кіраўніцтва камандай вярнуўся ранейшы трэнэр Уладзімер Саўко[11]. У групавым этапе Лігі чэмпіёнаў гэтым разам БГК саступіў ва ўсіх матчах гішпанскаму «Сьюдад Рэалу», вугорскаму «Пік Сэгеду» і швайцарскаму «Кадэтэн Шафгаўзэну»[12]. Дэбют у Балтыйскай лізе прынёс камандзе 2-е месца пасьля рыскага «АСК(sk)»[10].
Сэзон 2007—2008 клюб пачаў адразу з другога этапу і з новым трэнэрам, былым гульцом Юрыем Карпуком. Атрымаўшы ў 20 матчах 19 перамогаў, «БГК» стаў чэмпіёнам Беларусі 5-ы раз запар, а таксама чацьверты раз заваяваў Кубак[13]. У групе «H» Лігі чэмпіёнаў берасьцейцы з адной перамогай фінішавалі на апошнім месцы пасьля вугорскага клюбу «Пік Сэгеду», славенскага «Гарэнье» і басьнійскай «Босны»[14]. У Балтыйскай лізе берасьцейцы занялі першае месца на групавым этапе, а ў фінале саступілі эстонскай «Пылве».
З наступнага году чэмпіянат Беларусі папоўніўся наваком — менскім «Дынама», які адразу ж стаў чэмпіёнам. БГК фінішаваў на другім месцы. У лютым на пасаду галоўнага трэнэра прыйшоў былы настаўнік расейскай «Зары Касьпію(ru)» Аляксей Пчалякоў[15]. Пад ягоным даводзтвам у фінале кубку берасьцейцы ўзялі рэванш над маладым супернікам, які ў наступных гадох стане іхным асноўным канкурэнтам на ўнутранай арэне[16]. Адным з найлепшых гульцоў чэмпіянату стаў левы паўсярэдні Канстанцін Курыленка. У гэтым сэзоне «БГК» ня здолеў прабіцца ў групавы этап ЛЧ, двойчы згуляўшы ўнічыю зь летувіскім «Гранітасам» ды саступіўшы па колькасьці закінутых мячоў у гасьцёх[17]. Пасьля гэтага берасьцейцы трапілі ў Кубак ЭГФ, дзе ў 1/16 фіналу саступілі па суме двух матчаў астраханскай «Зары Касьпію»[18]. У Балтыйскай лізе групавы этап берасьцейцы скончылі на другім месцы, але ў паўфінале саступілі эстонскім «Чокеліт Бойз(et)» і ў выніку занялі 3-е месца[16].
Першы этап чэмпіянату 2009—2010 гадоў «БГК» скончыў на першым месцы з адной паразай з 16 гульняў, але на другім двойчы саступіў «дынамаўцам» і заваяваў срэбныя мэдалі[19]. У фінале кубку па суме двух матчаў БГК таксама саступіў менскаму клюбу[20]. У гэтым сэзоне клюб дэбютаваў у эўрапейскім Кубку кубкаў, дзе ў першым раўндзе прайграў дацкаму «Хольстэбро(da)»[21].
Сэзон 2010—2011 гадоў берасьцейцы пачалі з новым трэнэрам летувісам Гінтарасам Савукінасам[22]. У групавым турніры «БГК» фінішаваў другім, аднак супэрфінальная сэрыя не праводзілася, паколькі разрыў ад «Дынама» склаў 8 пунктаў пры рэглямэнтаваных трох. У фінальнай стадыі розыгрышу Кубку Беларусі («фінал чатырох») «БГК» абыграў менскае «Дынама», а пасьля бязь цяжкасьцяў разабраўся з магілёўскім «Машэкам»[23]. Найлепшымі гульцамі чэмпіянату былі прызнаныя Віталь Чарапенька (брамнік), Раман Колесьнеў (левы скрайні), Юры Грамыка (лінейны). У другім раўндзе Кубку ЭГФ «Мяшкоў» саступіў македонскаму «Мэталюргу»[24].
У чэмпіянаце Беларусі 2011—2012 гадоў берасьцейцы чацьверты раз запар сталі другімі, а ў «фінале чатырох» Кубку зноў абыгралі «Дынама», ды саступілі «армейцам»[25]. Эўрапейскі сэзон стаў адным з самых пасьпяховых у гісторыі клюбу: у апошнім розыгрышы Кубка ўладальнікаў кубкаў[b] «БГК» дайшоў да ¼ фіналу[26], дзе саступіў гішпанскаму «Арагону»[27].
У сэзоне 2012—2013 гадоў упершыню ў гісторыю клюбу «БГК» апусьціўся ў выніковай табліцы чэмпіянату ніжэй за 2-е месца, заваяваўшы бронзавыя мэдалі. Цягам сэзону ў клюбе зьявіўся новы трэнэр — Міглюс Астраўскас, але ў сярэдзіне сакавіка ён быў адстаўлены[28]. У фінале кубку берасьцейцы саступілі адзін мяч менскаму «Дынама»[29]. У Кубку ЭГФ клюб прайшоў два раўнды і на апошняй перадгрупавой стадыі саступіў нямецкаму «Фрыш Аўф Гэпінгэну»[30]. У дэбютным сэзоне СЭГА-лігі «БГК» стаў пераможцам рэгулярнага чэмпіянату, а ў фінале чатырох заняў чацьвертае месца[29].
У сэзоне 2013—2014 гадоў «БГК імя Мяшкова», ачолены новым трэнэрам Жэлька Бабічам[28], пасьля пяцігадовага перапынку вярнуў сабе тытул чэмпіёна Беларусі. Здарылася гэта пасьля расфармаваньня з-за фінансавых цяжкасьцяў наймацнейшага беларускага клюбу «Дынама Менск», які і ў гэтым сэзоне лідзіраваў на першым этапе са 100%-ым вынікам[31]. Узмацніўшыся ягонымі былымі гульцамі Дзянісам Рутэнкам, Максімам Бабічавым і Дзьмітрыем Нікуленкавым, а таксама яшчэ адным лідэрам беларускай зборнай Сяргеем Шыловічам, берасьцейскі клюб, стаўшыся базавым клюбам зборнай[32], на другім этапе саступіў толькі ў адным матчы і ў фінальнай сэрыі адолеў «СКА»[33]. Берасьцейцы перамаглі і ў кубку Беларусі[34]. У Кубку ЭГФ клюб дайшоў да 3-га кваліфікацыйнага раўнду і саступіў там бэрлінскай «Фюксэ»[35], будучай бронзавай прызэрцы. Клюб таксама стаў срэбным прызэрам СЭГА-лігі[36].
У сэзоне 2014—2015 гадоў «БГК імя Мяшкова» ў восьмы раз здабыў кубак Беларусі, а ў фінальнай сэрыі чэмпіянату да дзьвюх перамог адолеў у трох матчах менскі «СКА». Трэцяя фінальная гульня стала для трэнэра Жэлька Бабіча 100-й у складзе берасьцейцаў[37], але пасьля гэтага чэмпіянату яго на пасадзе замяніў украінец Сяргей Бябешка. Найлепшым лінейным чэмпіянату стаў Максім Бабічаў, найлепшым правым паўсярэднім — Сяргей Шыловіч. У Лізе чэмпіёнаў БГК прабіўся праз кваліфікацыю ў групавы турнір, выступ у якім стаў найбольш пасьпяховым у гісторыі клюбу[37]: пятае месца з шасьцю пунктамі пасьля «Кілю», «ПСЖ», «Краацыі» і «Лягроньнё». Берасьцейцы зноў сталі срэбнымі прызэрамі СЭГА-лігі, саступіўшы дэбютанту турніру — вугорскаму «Вэспрэму».
У сэзоне 2015—2016 гадоў «БГК імя Мяшкова» пад кіраўніцтвам новага трэнэра Сяргея Бябешкі заваяваў дзявяты Кубак Беларусі і ў фінале чатырох — восьмы чэмпіёнскі тытул[38]. Найлепшым правым паўсярэднім чэмпіянату стаў Сяргей Шыловіч, найлепшым правым скрайнім — Максім Баранаў[39]. У Лізе чэмпіёнаў БГК пачынаў з групавога этапу, які скончыў на першым месцы[40], абышоўшы «Лягроньнё», «Порту», «Чэхаўскіх мядзьведзяў», «Ваяводзіну» і «Татран»[39], а пасьля абыграў у стыкавых матчах за выхад у 1/8 фіналу дацкі «Ск’ерн»[41]. Упершыню апынуўшыся сярод 16 наймацнейшых камандаў кантынэнту, берасьцейскі клюб саступіў будучаму чэмпіёну — польскім «Кельцам». У фінале чатырох СЭГА-лігі БГК яшчэ ў паўфінале сустрэўся з наймацнейшай камандай турніру «Вэспрэмам» і вёў на працягу ўсяго матчу, аднак саступіў у сэрыі пэнальці[42]; у матчы за 3-е месца саступіў адзін мяч харвацкаму «Загрэбу»[43].
Праз год БГК стаў дзесяціразовым уладальнікам Кубка Беларусі[44] і дзевяціразовым чэмпіёнам[45]. Адразу пяць гульцоў берасьцейскага клюбу: Іван Пэшыч, Андрэй Юрынок, Растка Стойкавіч, Дзяніс Рутэнка і Сяргей Шыловіч — увайшлі ў сымбалічную зборную чэмпіянату[44]. У Лізе чэмпіёнаў БГК выйшаў у плэй-оф зь 5 месца ў групе[46], аднак саступіў нямецкаму «Фленсбург-Гандэвіту». Фінал чатырох СЭГА-лігі, куды беларусы трапілі з 3-га месца табліцы[47], праходзіў у Берасьці[48]. БГК ізноў у паўфінале саступіў «Вэспрэму» ў сэрыі пэнальці і ўпершыню заваяваў бронзавыя мэдалі спаборніцтва ў матчы з тым жа «Загрэбам».
У сэзоне 2017—2018 гадоў «БГК імя Мяшкова» у дзясяты раз выйграў залатыя мэдалі чэмпіянату і Фінал чатырох Кубка Беларусі[49]. У Лігу чэмпіёнаў выйшаў у плэй-оф з 6-га месца ў групе, у СЭГА-лізе дайшоў да Фіналу чатырох.
У сэзоне 2018—2019 гадоў «БГК імя Мяшкова» у адзінаццаты раз выйграў залатыя мэдалі чэмпіянату[50]. Чацьверты раз запар выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў і заваяваў бронзавыя мэдалі СЭГА-лігі.
Паводле стану на 14 верасьня 2024 году
|
|
|