Вала́хія (па-румынску: Ţara Românească, перш Цѣра Рȣмѫнѣскъ, Ţeara Rumînească і таксама Wallahia) — гістарычная вобласьць на поўдні Румыніі, паміж Карпатамі і Дунаем; падзяляецца ракой Олт на Мунтэнію (Вялікую Валахію) і Алтэнію (Малую Валахію)[1].
З XIV стагодзьдзя Валахія — фэўдальнае княства, з XVI стагодзьдзя — пад турэцкім панаваньнем. Па Адрыянапальскім мірным дагаворы 1829 году фактычна аўтаномная (пад пратэктаратам Расеі да 1856 г.). У 1859—1861 гг. аб’ядналася з Малдаўскім княствам у адзіную дзяржаву (з студзеня 1862 г. — Румынскае княства).
Гісторыя Валахіі ўзыходзіць да найстаражытнейшых пэрыядаў. Згадваюць гэту тэрыторыю старажытныя аўтары, напрыклад Ёрдан, Флявіюс, Прыск Панійскі, Пракоп Кесарыйскі і інш. Калі румынскія гісторыкі гавораць пра «Дакійскае царства», то старажытныя аўтары на тэрыторыі Дакіі, і ў Дабруджы, паказваюць на стольныя гарады, сярод іх сталіца скіфаў г. Томіс, Дабруджа, пры імпэратары Канстанцыю пераназваная ў Канстанцыю, і згаданыя старажытнагрэцкімі мітамі «Алімп»; старажытная горная рэзыдэнцыя Сармізэгетуса. На гэтай тэрыторыі, якая суседнічала з гетамі-мэзіямі (ня блытаць з пэрсамі-«мэзамі») на поўдні Дунаю, з гетамі-языгамі з Паноніі і з гетамі-бастарнамі на поўначы, хрысьціянства распаўсюджвалася дзякуючы сьвятому апосталу Андрэю, які, паводле легендарнай традыцыі, заснаваў у 62 годзе біскупствы ў бізантыі, Адэсасе (Варна) і Томісе (суч. Канстанца), так і хрысьціянам-бежанцам, якія ратаваліся ў Дакіі ад перасьледу Рымскай імпэрыяй.
У 105 годзе на чале IV Шчасьлівага Флявіевага легіёну і дапаможных частак з Мэзіі, поўдзень Дунаю, імпэратар Траян уварваўся ў Дакію. Асноўныя баявыя дзеяньні вяліся на тэрыторыі Мунтэніі. Тады ж пала і была разбурана Сармізэгетуса. З 106 году тэрыторыя паўднёва-заходняй Дакіі, населеная гецкімі родамі, уключаючы Валахію, была ўлучана ў склад Рымскай імпэрыі («Дакійская правінцыя»), акупацыя падоўжылася да 271—275 гг. У гэты пэрыяд на тэрыторыі Дакіі старажытнымі аўтарамі згадваюцца дзьве буйныя вобласьці; «Гепідыя» (наступная Трансыльванія) і на тэрыторыі Мунтэніі — «Раксалянія». У 275 годзе готам атрымалася заняць акупаваныя рымлянамі поўдзень і захад Дакіі, пасьля кароткага перапынку, пасьля таго як у шэрагі гунаў увайшлі і дакійскія геты; раксаляны і гепіды, і пры падтрымцы сваіх хаўрусьнікаў, менавіта з тэрыторыі Мунтэніі гуны і пачалі свой генэральны наступ на Рым. Пасьля падзеньня Рыму ў Валахіі дынастыі зьмяняліся адна за адной; пасьля сьмерці Атылы на сталец узышоў гепід Ардарых, пасьля яго іншыя.
Паданьне называе заснавальнікам Валаскага княства «чорнага князя», які жыў нібы на зыходзе XIII стагодзьдзя. Больш верагодна, што яно было створана Басарабам I у 1310 годзе, прычым першыя некалькі дзесяцігодзьдзяў залежала ад Вугорскага каралеўства.
Толькі з падзеньнем вугорскай дынастыі Арпадаў улада Вугоршчыны ў Валахіі саслабла і княства стала незалежным. У такім стане яно праіснавала больш за 100 гадоў. З пачаткам наступу Асманскай імпэрыі на Балканы небясьпека захопу Валахіі асманамі ўзрастала. У выніку ў 1415 валаскі гаспадар (кіраўнік) вымушаны быў прызнаць сюзэрэнітэт асманскага султана.
Валахія была заціснута паміж турэцкімі землямі з поўдня і Вугоршчынай з поўначы. Трансыльванія належала Вугоршчыне і была свайго роду прамежнай тэрыторыяй паміж вугорскімі і валаскімі землямі. Акрамя таго, Валахія мела рэлігійную спэцыфікацыю: Турэччына была мусульманскай, Захад — каталіцкі, а Валахія — праваслаўнай. Гэта становішча Валахіі і абумовіла зьменлівасьць ваеннай палітыкі, асабліва пасьля 1453 году, калі Бізантыя пала пад націскам турак. Валаскія кіраўнікі то ішлі разам з вугорцамі на турак, то прапускалі турэцкія арміі ў вугорскую Трансыльванію.
Адрозьнівалася своеасаблівасьцю і ўнутраная сыстэма ўлады: васпаны абіраліся на прастол з аднаго і таго ж роду, але выбар ня быў абумоўлены якімі-небудзь зацьверджанымі прынцыпамі пераходу стальцу ў спадчыну. Усё вырашала выключна расстаноўка сілаў у колах валаскага баярства. Паколькі любы з прадстаўнікоў дынастыі мог мець мноства як законных, так і пабочных дзяцей, кожны зь якіх станавіўся прэтэндэнтам на сталец, то наступствам гэтага зьявілася вялікая чахарда ў зьмене кіраўнікоў. Звыклым быў тэрор у дачыненьні супернікаў на сталец, але найбольшай сілы ён дасягнуў пры Ўладзе III Цэпэшы.
У 1476 годзе валаскія князі канчаткова сталі васаламі Асманскай імпэрыі. У 1718—1737 гадах Алтэнія (Малая Валахія) належала Аўстрыйскай імпэрыі.
У 1829—1856 гг. княства было пратэктаратам Расеі.
У 1858 г. Валахія і Малдаўскае княства аб’ядналіся ў адну дзяржаву.