Гарадзея | |
Поўная назва | Футбольны клюб «Гарадзея» |
---|---|
Заснаваны | 2002 |
Горад | Гарадзея, Беларусь |
Стадыён |
«Гарадзея» Умяшчальнасьць: 1625 |
Чэмпіянат | Найвышэйшая ліга |
· 2020 | 13 месца |
Афіцыйны сайт |
«Гарадзе́я» — колішні футбольны клюб зь Беларусі. Заснаваны ў 2002 годзе і распушчаны ў 2021 годзе. Базаваўся ў аднайменным гарадзкім паселішчы. 14 студзеня 2011 году клюб атрымаў пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі й стаў прафэсійным футбольным клюбам, аднак свае выступы ў чэмпіянаце Беларусі распачаў у 2008 годзе, узяўшы ўдзел у другой лізе айчыннага чэмпіянату. Да гэтага клюб браў удзел у чэмпіянаце Менскай вобласьці й чэмпіянаце Беларусі па футзале. З 2016 году выступаў у найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі.
Клюб быў створаны ў 2002 годзе дзякуючы ініцыятыве кіраўніцтва Гарадзейскага цукровага камбінату й адразу заяўлены ў чэмпіянат Менскай вобласьці па футболе. Праз два гады да каманды прыйшоў першы посьпех — «Гарадзея» сталася ўладальнікам Кубка Менскай вобласьці. А ў 2006 годзе клюб дамогся залатога дублю на абласным узроўні, стаўшы пераможцам абласной лігі й уладальнікам кубка вобласьці.
Акрамя футболу клюб таксама прымаў удзел у спаборніцтвах па футзале, гуляўчы ў чэмпіянаце Беларусі па гэтым відзе спорту. У 2008 годзе «Гарадзея» заваявала срэбраныя мэдалі айчыннага чэмпіянату па футзале й стала ўладальнікам кубка.
У 2007 годзе клюб упершыню прыняў удзел у Кубку Беларусі па футболе, а на наступны год быў заяўлены ў другую лігу айчыннага чэмпіянату. Амаль адразу клюб пачаў паказваць добрыя вынікі, то бок у 2009 годзе клюб заняў другое месца ў розыгрышу лігі, а на наступны год стаўся ейным чэмпіёнам, прасунуўшыся, такім чынам, у першую лігу. Незважаючы на першапачатковую мэту захаваць месца ў першай лізе, каманда ў дэбютны сэзон у новай лізе заняла выніковы трэці радок. У 2012 годзе клюб узяў рэзкі старт. Пасьля паразы ў першым туры, каманда з гарадзкога паселішча выдала сэрыі без паразаў у адзінаццаць матчаў, што дало магчымасьць «Гарадзеі» выйсьці на першае месца. Аднак канцоўка першага этапу была правалена, клюб атрымаў шэраг паразаў і апусьціўся на трэцюю пазыцыі. У выніку клюб заняў выніковае другое месца й атрымаў права ўдзелу ў матчах плэй-оф за месца ў найвышэйшай лізе супраць жодзінскага «Тарпэда-БелАЗ», якое заняло апошні радок у розыгрышы найвышэйшай лігі[1]. Пасьля хатняй перамогі зь мінімальным лікам 1:0, «цукравікі» пацярпелі буйную паразу ад аўтазавадчанаў зь лікам 0:4. У сэзоне 2013 году клюб таксама заняў другое месца ў першай лізе і атрымаў права гуляць у плэй-оф за месца ў найвышэйшай лізе, але і на гэты раз «Гарадзея» саступіла па суме двух матчаў цяпер ужо магілёўскаму «Дняпро».
Сэзон 2014 году «Гарадзея» пачала няўдала, хутка апынуўшыся ўнізе табліцы. У выніку ўжо ў траўні 2014 году быў звольнены галоўны трэнэр Андрэй Кіпра, на месца якога быў запрошаны Сяргей Яромка. З новым трэнэрам каманда стала выступаць больш пасьпяхова, і першае кола «Гарадзея» скончыла на трэцім радку. У пачатку другога кола «Гарадзея» захоўвала трэцяе месца, якое давала права на стыкавыя матчы за месца ў найвышэйшай лізе. Але ў кастрычніку каманда выдала няўдалую сэрыю з шасьці матчаў безь перамогаў, з-за якой ужо за некалькі тураў страціла апошні шанец на павышэньне. У 2015 годзе каманда заняла другое месца ў першай лізе і атрымала права на ўдзел у найвышэйшай лізе ў 2016 годзе.
Пасьля выхаду ў эліту беларускага футболу кіраўніцтва «Гарадзеі» задумалася пра абнаўленьне стадыёну, каб мець магчымасьць сустракаць супернікаў на хатняй пляцоўцы. У сакавіку 2016 году пачаліся працы на стадыёне. У выніку клюб вырашыў першыя матчы праводзіць у Менску, а потым перабрацца на нясьвіскі стадыён «Ураджай», да таго як скончыць рэканструкцыю свайго стадыёна. Дэбют «Гарадзеі» ў найвышэйшай лізе адбыўся 2 красавіка 2016 году, калі клюб прымаў у Менску салігорскі «Шахцёр». Скончыўся матч паразай для дэбютантаў зь лікам 0:1. Аднак ужо ў трэцім туры клюб атрымаў першую перамогу — ахвярай клюбу зь невялікага мястэчка стаў «Слуцак», а аўтарам першага голу каманды стаў Кірыл Паўлючак.
Улетку клюб скончыў рэкаструкцыю стадыёну, якая ўключыала ў сябе пабудову яшчэ адной трыбуны, мадэрнізацыя старой трыбуны, былі пабудаваны распранальні, а таксама ўсталяваны асьвятляльныя макшты. Гульнявая пляцоўка была пашырана з 64 па 68 мэтраў, а колькасьць месцаў на стадыёне павялічылася з 1020 па 1625. Агулам кошт рэканструкцыі склаў 1 мільён даляраў[2]. Першы хатні матч на абноўленым стадыёне адбыўся 20 чэрвеня 2016 году, калі «Гарадзея» прымала мазырскую «Славію» і перамагла зь лікам 4:2. Менавіта гэтым матчам пачалася клюбная сэрыя без паразаў, якая доўжылася ажно 13 тураў. Толькі 24 кастрычніка гарадзейскі клюб трываў паразу ад клюбу «Менск» зь лікам 1:3. Сярод гульцоў асабліва вылучаліся капітан клюбу Дзьмітры Лебедзеў і нападнік Антон Сарока, які пасьля ўдалага сэзону 2016 году перашоў у менскае «Дынама». Адобва футбалісты забілі па 8 галоў. Клюб скончыў чэмпіянат на 9-м месцы.
Страту аднаго з асноўных нападнікаў клюб у міжсэзонны кампэнсаваў складаньнем кантракту з сэрбскім гульцом Боянам Дубаічам. Новы 2017 сэзон клюб зноўку распачаў хатняй паразай ад салігорскага «Шахцёру» зь лікам 0:1. Аднак на наступнай хатняй гульне 15 красавіка 2017 году «Гарадзея» атрымала перамогу над «Іслачу» зь лікам 2:0. Першы мяч у сэзоне апынуўся на рахунку навічка клюбу Дубаіча. Варта адзначыць, што гэтая хатняя параза аказалася адзінай у чэмпіянаце, у астатніх матчах гарадзейскі клюб больш не прайграваў у хатніх матчаў, у асноўным гуляючы ўнічыю. Аднак, у выязных матчах клюб часьцей за ўсё атрымліваў паразы ў выніку чаго скончыў чэмпіянат зноўку на 9-м радку выніковай табліцы. У красавіку клюб пачаў усталёўваць дах над абедзьвюма трыбунамі, працы скончыліся толькі ў чэрвені. У апошнім туры клюб быў уцягнуты ў чэмпіёнскую гонку, калі БАТЭ на апошніх сэкундах матчу з «Гарадзеяй» здолеў забіць гол і здабыць чарговы тытул. Лепшым бамбардзірам клюбу стаў Боян Дубаіч, які забіў амаль усе свае галы ў канцы сэзону, зарабіўшы галявыя дублі ў матчах супраць «Дняпра», «Нафтану» і БАТЭ.
Сэзон 2018 году пачаўся для гарадзейцаў няўдала, каманда хутка апынулася ў канцы турнірнай табліцы. Першая перамога была атрымана толькі ў 10-м туры, калі дзякуючы голу на апошніх хвілінах «Гарадзея» сэнсацыйна ўзяла верх над БАТЭ (2:1), аднак гэтая перамога засталася адзінай у першай палове чэмпіянату. У другой палове сэзону «Гарадзея» стала выступаць значна лепей, шэраг перамог дазволіў камандзе пакінуць падвал табліцы і скончыць сэзон трэці раз запар на дзявятым радку. У сэзоне 2019 году каманда таксама спачатку знаходзілася ўнізе табліцы, але неўзабаве вынікі палепшыліся, таму каманда ўпэўнена замацавалася ў сярэдзіне табліцы. Пазьней нават мела магчымасьць змагацца за высокія месцы, аднак у выніку фінішавала сёмай. У сэзоне 2020 году ў «Гарадзеі» меліся фінансавыя праблемы, зьвязаныя з затрыманьнем у межах «цукровай справы» дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла Крыштаповіча, які чыніў значную дапамогу камандзе. У выніку клюб стаў рабіць большую стаўку на маладых выканаўцаў. Не зважаючы на праблемы, «Гарадзея» здолела пазьбегнуць вылету, стаўшы трынаццатай.
У студзені 2021 году клюб пакінуў увесь трэнэрскі штаб[3]. Неўзабаве стала вядома, што клюб адмаўляецца ад удзелу ў Найвышэйшай лізе ў сэзоне 2021 году. Гульцы каманды разышліся па іншых клюбах, пераважна ў Найвышэйшай лізе, а «Гарадзея» спыніла існаваньне[4].
Сэзон | Ліга | Месца | Г | В | Н | П | РМ | Пкт | Кубак |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2012 | Першая | 2 | 28 | 18 | 6 | 4 | 49-21 | 60 | 1/8 |
2013 | Першая | 2 | 30 | 18 | 6 | 6 | 68-32 | 60 | 1/4 |
2014 | Першая | 6 | 30 | 11 | 12 | 7 | 42-26 | 45 | 1/8 |
2015 | Першая | 2 ▲ | 30 | 21 | 5 | 4 | 73-25 | 68 | 1/16 |
2016 | Найвышэйшая | 9 | 30 | 8 | 14 | 8 | 36-39 | 38 | 1/8 |
2017 | Найвышэйшая | 9 | 30 | 8 | 14 | 8 | 37-35 | 38 | 1/8 |
2018 | Найвышэйшая | 9 | 30 | 9 | 7 | 14 | 31-33 | 34 | 1/8 |
2019 | Найвышэйшая | 7 | 30 | 12 | 8 | 10 | 31-29 | 44 | 1/16 |
2020 | Найвышэйшая | 13 | 30 | 8 | 7 | 15 | 30-48 | 31 | 1/8 |