Генадзь Давыдзька | ||||
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі | ||||
---|---|---|---|---|
28 сьнежня 2010 — 6 лютага 2018 | ||||
Прэзыдэнт: | Аляксандар Лукашэнка | |||
Прэм’ер-міністар: | Міхаіл Мясьніковіч | |||
Папярэднік: | Аляксандар Зімоўскі | |||
Наступнік: | Іван Эйсмант | |||
Старшыня грамадзкай арганізацыі «Белая Русь» | ||||
студзень 2018 — 18 чэрвеня 2022 | ||||
Прэзыдэнт: | Аляксандар Лукашэнка | |||
Прэм’ер-міністар: | Андрэй Кабякоў | |||
Папярэднік: | Аляксандар Радзькоў | |||
Асабістыя зьвесткі | ||||
Нарадзіўся: |
29 верасьня 1955 (69 гадоў) Сянно, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР, СССР | |||
Сужэнец: | Натальля Давыдзька | |||
Адукацыя: | Далёкаўсходні пэдагагічны інстытут мастацтваў, БДАМ | |||
Узнагароды: |
| |||
Генадзь Браніслававіч Давыдзька (нарадзіўся 29 верасьня 1955 году) — палітык і прапагандыст рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, актор і тэлевядоўца; з 2018 па 2022 год старшыня грамадзкай арганізацыі «Белая Русь».
Нарадзіўся 29 верасьня 1955 году ў горадзе Сяньне Віцебскай вобласьці. Скончыў Далёкаўсходні пэдагагічны інстытут мастацтваў (актор драматычнага тэатру і кіно) і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысэр драмы).
Працоўную дзейнасьць пачаў у Арэнбурскім абласным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Служыў у шэрагах Узброеных сілаў. Працаваў акторам Магілёўскага абласнога тэатру драмы і камэдыі імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, акторам, рэжысэрам, генэральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.
Зьяўляўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга і чацьвертага скліканьня, быў чальцом Сталай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Дэпутат Парлямэнцкага Сходу Саюза Беларусі і Расеі, старшыня Камісіі па інфармацыйнай палітыцы. Чалец грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Старшыня савета фонду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Старшыня асацыяцыі грамадзкіх аб’яднаньняў «Беларуская канфэдэрацыя творчых саюзаў». Другі старшыня Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» пасьля Расьціслава Янкоўскага[1]. Зараз — намесьнік старшыні Сталай камісіі ПП НС Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, кіраўнік Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь з 28 сьнежня 2010 году[2] да 6 лютага 2018 году[3]. У студзені 2018 году абраны старшынём грамадзкай арганізацыі «Белая Русь»[4].
Зьяўляўся аўтарам праграмаў і вядучым на Беларускім тэлебачаньні. Напачатку 2016 году ў праграме «Клуб рэдактараў» на БТ-1 выступіў з шэрагам абвінавачваньняў недзяржаўнай прэсы, сьцьвярджаючы, што яна працуе на развал дзяржавы[5].
У складзе Палаты прадстаўнікоў Давыдзька займаўся распрацоўкай рэпрэсіўных законапраектаў аб грамадзянскай супольнасьці і палітычных партыях[6].
Генадзь Давыдзька пайшоў у адстаўку з пасады старшыні «Белай Русі» падчас IV зьезду гэтага аб’яднаньня, які адбыўся 18 чэрвеня 2022 г.[7]. Новым старшынём абраны рэктар Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Раманаў.
Год | Назва | Роля |
1983 | Справа для сапраўдных мужчынаў (рас. Дело для настоящих мужчин) | Антон Фралоў |
1985 | Маці, я жывы (рас. Мама, я жив) | |
1998 | Забіць відачынца (рас. Убить лицедея) | |
2000 | У жніўні 44-га… (рас. В августе 44-го…) | |
2001 | Павадыр (рас. Поводырь) | |
2003 | Анастасія Слуцкая | князь Сямён Алелькавіч |
2011 | ПираМММида[8] | Віктар Ерын |
Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь[10], ляўрэат прэміі Фэдэрацыі прафсаюзаў.
У 2011 годзе ў сувязі з хваляй рэпрэсіяў супраць актывістаў апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе Генадзь Давыдзька і некалькі іншых уплывовых супрацоўнікаў і кіраўнікоў дзяржаўных СМІ Беларусі былі ўключаныя ў санкцыйныя сьпісы Эўрапейскага зьвязу. Ім быў забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Эўрапейскага Зьвязу, а іхныя актывы на тэрыторыі ЭЗ падлягалі замарожваньню[11]. Забарона была зьнятая ў 2016 годзе.
Паводле Рады Эўрапейскага зьвязу(be)[12], Генадзь Давыдзька
апісваючы сябе як "аўтарытарны дэмакрат", нёс адказнасьць за распаўсюд па тэлебачаньні дзяржаўнай прапаганды, якая падтрымлівала і апраўдвала рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці пасьля выбараў у сьнежні 2010 году. Дэмакратычная апазыцыя і грамадзянская супольнасьць сыстэматычна паказваюцца нэгатыўным і прыніжальным чынам, выкарыстоўваючы сфальсыфікаваную інфармацыю. | ||
21 чэрвеня 2021 г. Давыдзька быў паўторна ўнесены ў санкцыйны сьпіс Эўрапейскага Зьвязу. Паводле рашэньня ЭЗ, «як старшыня "Белай Русі", буйной пралукашэнкаўскай арганізацыі, Генадзь Давыдзька зьяўляецца адным з галоўных прапагандыстаў рэжыму. У падтрымку Лукашэнкі ён часта ўжываў запаленчую мову і заахвочваў гвалт дзяржаўнага апарату супраць мірных дэманстрантаў»[13]. 6 ліпеня да чэрвеньскага пакету санкцый ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[14], 7 ліпеня ў свой санкцыйны сьпіс Давыдзьку ўнесла Швайцарыя[15].
9 жніўня 2021 году таксама быў унесены ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[16][17].