Дзіванна | |
Звычайная дзіванна (штат Нэвада, ЗША) | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Расьліны |
Група | Судзінкавыя расьліны |
Аддзел | Кветкавыя расьліны |
Кляса | Двухдольныя |
Атрад | Ясноткакветныя |
Сямейства | Залозьнікавыя |
Бінамінальная намэнклятура | |
Verbascum Карл Лінэй | |
Дзіва́нна — род травяністых расьлінаў сямейства залозьнікавых.
Пераважна густаапушаныя з высокім і прамастойным сьцяблом ды суцэльным лісьцем. Кветкі адзінкавыя або па 2—10 у гронкападобным або мяцёлчатым суквецьці. Плод — каробачка. Існуюць 1-, 2- і шматгадовыя віды. Вядома каля 350 відаў, пашыраных пераважна ў Міжземнамор'і. Сустракаюцца дэкаратыўныя, фарбавальныя і лекавыя віды, якія выкарыстоўваюць у якасьці адхарквальнага і зьмякчальнага, ранагаючага і слабільнага, супрацьгліснага і супрацьзапаленчага сродка. У Беларусі налічвалася 7 дзікарослых відаў. У 1970-я гады Цэнтральны батанічны сад Акадэміі навук БССР увёў яшчэ адзін лекавы від. У чэрвені—ліпені для грудной гарбаты зьбіраюць кветкі і лісьце, а позна ўвосень — карані[1].
У якасьці пустазельля і зьдзічэлай расьліны сустракаецца ў Амэрыцы. Расьце ў сухіх пяшчаных сонечных месцах і сьветлых лясах. Лісьце чаргаванае і папарна зьбліжанае, цэльнае і рэдка перыстаразьдзельнае. Кветкі зь 5 пялёсткамі і звычайна жоўтыя, радзей фіялетавыя. Таксама кветкі бываюць адзіночныя, у гронках і каласах або ў складаных гронка- і коласападобных ды мяцёлчатых суквецьцях[2].
Найбольшае пашырэньне ў Беларусі мелі 3 віды дзіванны. Таксама зрэдку трапляліся густакветная, лекавая і тараканавая дзіванна.
Адвар з кветак дзіванны выкарыстоўваюць у якасьці народных лекаў ад кашлю, астмы і іншых хваробаў органаў дыханьня, а таксама ад хваробаў страўніка, апёку і іншых пашкоджаньняў скуры. Таксама адварам дзіванны мыюць валасы для асьвятленьня і наданьня бляску. Урэшце адвар дзіванны быў адным з найбольш пашыраных напояў у Беларусі да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, калі распаўсюдзілася чайная гарбата. Кветкі дзіванны зьмяшчаюць этэрны алей зь мядовым водарам, таму ў адвар дадаюць мёд. Падчас прыгатаваньня адвар кветак працэджваюць празь некалькі слаёў марлі, каб выдаліць валаскі, якія раздражняюць стрававод і страўнік. Для адвару бяруць сталовую лыжку высушаных кветак. Пасьля заліцьця кіпнем адстойваюць паўгадзіны. Таксама з кветак дзіванны і цукру робяць настой, які пакідаюць на некалькі дзён у слоіку[3].
У старажытнагрэцкім паданьні Адысэй ратаваўся ад чараў Цырцэі спаленьнем сьцёблаў дзіванны. У Літве здавён ад дзіванны запальваюць пахавальныя сьвечкі. У Старажытнасьці лічылася, што расьліна адпужвае злых духаў, бо яе пазьбягаюць жывёлы праз тое, што валаскі яе кветак раздражняюць стрававод і страўнік. Даўней са сьцёблаў дзіванны выраблялі паходні, вымачаныя воскам або лоем. Існуе прыказка: «Дзе расьце дзіванна — без пасагу панна», бо расьліна расьце ў неўрадлівых месцах, такіх як камяністыя схілы, сухія лугі, узбочыны дарог і стэпы. Эліза Ажэшка, якая была аматаркай зёлак, выкарыстала ў аповесьці «Хам» зарасьнік дзіванны ў якасьці вобразу няшчасьця, бо там Павал упершыню спрабаваў абняць Франку, якая ня мела пасагу. Ігнат Ходзька ў апавяданьні «Самавар» прыводзіць просьбу панны Саламеі да бацькі: «Ах! Самавары, татуню, самавар і чай! Гэта ж паўсюль п'юць гарбату зранку і ўвечары нават, а мы адны толькі ліпавым цьветам і дзіваннай душыцца мусім. Тата, далібог мусіш купіць самавар»[3].
Гэта — накід артыкула пра батаніцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |