Дэнацыфіка́цыя (па-нямецку: Entnazifizierung) — комплекс захадаў хаўрусьнікаў пасьля Другой сусьветнай вайны па пазбаўленьні аўстрыйскага і нямецкага грамадзтва, культуры, прэсы, эканомікі, судоў і палітыкі ад нацысцкай ідэалёгіі. З гэтай мэтай сяброў НСДАП і СС адхілялі ад пасадаў і ўплыву, а зьвязаныя з нацыстамі арганізацыі распускалі. Праграма дэнацыфікацыі пачалася пасьля ўхвалы на Патсдамскай канфэрэнцыі ў жніўні 1945 року.
У канцы 1945 — пачатку 1946 з пачаткам Халоднай вайны і разуменьнем эканамічнай значнасьці Нямеччыны Злучаныя Штаты Амэрыкі страцілі зацікаўленасьць у працягу дэнацыфікацыі, падобна як раней учынілі да акупаванай Японіі. У 1946 року Вялікабрытанія і ЗША перадалі правы на дэнацыфікацыю нямецкаму ўраду, Францыя праводзіла сваю палітыку лагодна. У рэшце рэшт палітыка афіцыйна была спыненая ў 1951 року. Да таго ж у Заходняй Нямеччыне гэтая палітыка ня мела падтрымкі сярод нацыстаў, якія заставаліся ва ўладзе, і нават сярод новага ўраду Конрада Адэнаўэра[1]. А вось ва Ўсходняй Нямеччыне дэнацыфікацыя лічылася крытычна важнай для пераходу да сацыялістычнага грамадзтва. Тым ня меней, ня ўсе колішнія нацысты атрымалі суворыя прысуды; некаторыя пазьбеглі пакараньня, выканаўшы спэцыяльныя задачы ўраду[2][3].