Жалезадэфіцытнае малакроўе — паніжаны ўзровень гемаглябіну і чырвоных крывяных цельцаў у крыві ў сувязі зь нястачай жалеза. Ёсьць найбольш распаўсюджаным відам малакроўя. Ускладненьне хваробы вядзе да ішэміі і інфаркту міякарда, заўчаснага старэньня ў выніку тленавага галаданьня тканак[1].
Найлепшым спосабам прадухіліць хваробу ёсьць штодзённы прыём багатай на жалеза ежы жывёльнага паходжаньня (мяса, рыба, свойская птушка, тварог, цьвёрды сыр і яйкі). Шмат жалеза таксама зьмяшчаюць бабовыя, бульба і рыс. Аднак жалеза з гародніны горш засвойваецца[1].
Узьнікненьню хваробы спрыяе недастатковае паступленьне жалеза зь ежай, парушэньне ўсмоктваньня жалеза ў кішачніку і кровастрата ў выніку хранічнай хваробы (гастрыт, язва страўніка і 12-палай кішкі, паліп і рак тоўстай кішкі, кіла страўніка). Таксама шкодзяць рэўматоідны артрыт, гепатыт, глісная хвароба і сэпсіс. Усмоктваньню жалеза перашкаджае і працяглы прыём лекаў, што замінаюць вытворчасьці салянай кісьлі страўніка[1].
Хвароба на пачатку выяўляецца праз павышаную стомленасьць і бледнасьць скуры пазногцевых ложаў, далоняў, унутранай паверхні павекаў і вуснаў. Адзначаецца пахаладаньне кісьцяў і ступняў, запамарока і пачашчанае сэрцабіцьцё[1].
Жалезадэфіцытнае малакроўе — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |