Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 27 лютага 1734 Нясьвіж, Вялікае Княства Літоўскае |
Памёр | 21 лістапада 1790 (56 гадоў) Белая, Вялікае Княства Літоўскае |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька» Францішка Ўршуля зь Вішнявецкіх |
Жонка | Марыя Караліна зь Любамірскіх (развод), Тэрэза Караліна з Жавускіх (без нашчадкаў) |
Дзеці | не было |
Дзейнасьць | палітык |
Ка́раль Стані́слаў Радзіві́л (мянушка «Пане Каханку»; 27 лютага 1734, Нясьвіж — 21 лістапада 1790, Белая) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы (1752) і мечнік вялікі літоўскі (1752—1762), ваявода віленскі (1762—1764, 1768—1790).
Караль Станіслаў Радзівіл быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII ст. і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Ягоная лятыфундыя ахоплівала 16 местаў і 683 вёскі, а вакол асобы князя вілося шмат легендаў. Быў старостам львоўскім. X ардынат на Нясьвіжы, VIII ардынат на Алыцы.
Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў, сын Міхала Казімера «Рыбанькі», ваяводы віленскага, і Францішкі Ўршулі зь Вішнявецкіх.
Навучаўся ў Нясьвіскім езуіцкім калегіюме. У 1742 годзе атрымаў пад сваю каманду кавалерыйскую харугву ў войску Вялікага Княства Літоўскага[1]. У 1752 годзе атрымаў урады падчашага і мечніка вялікага літоўскага, у 1762 годзе — ваяводы віленскага. 3 жніўня 1757 году атрымаў ордэн Белага арла.
Вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» паводле свайго ўлюбёнага зварота да ўсіх, не вылучаючы і пагарджанага караля — «худапахолка», а таксама дзеля адрозьненьня ад канцлера Караля Станіслава Радзівіла (1669—1719).
Выступаў супраць партыі Чартарыйскіх. На чале сваіх надворных войскаў уступіў у бойку з расейцамі пад Слонімам, але пацярпеў паразу і мусіў ратавацца ў Малдове, пазьней выехаў у Вугоршчыну і Саксонію[2]. У часе знаходжаньня ў Дрэздэне да яго прыйшла вестка пра адабраньне ўраду ваяводы і сэквэстраваньня маёнткаў.
Дзякуючы намаганьням расейскага амбасадара Мікалая Рапніна, вярнуўся ў краіну і стаў у 1767 годзе генэральным маршалкам Радамскай канфэдэрацыі. Выказаўшы прысягу на вернасьць каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, атрымаў назад усе страчаныя ўладаньні.
У 1768 годзе выступіў супраціўнікам гарантыйнага трактату, паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расейскім пратэктаратам, і стаў генэральным маршалкам Барскай канфэдэрацыі. Калі расейскія войскі з баямі ўзялі Нясьвіж і Слуцак, мусіў зьехаць у Прусію. Да 1777 году знаходзіўся на эміграцыі ў Вугоршчыне, Турэччыне, Чэхіі, Нямеччыне, Францыі, Вэнэцыі. У часе Чатырохгадовага Сойму быў адным з найвыразьнейшых супраціўнікаў рэформаў, караля і партыі Чартарыйскіх. Сфармаваў полк, які перадаў у склад войскаў Вялікага Княства Літоўскага.
Трымаў тэатар і аркестар у Нясьвіжы. Запарасіў зь Нямеччыны кампазытара Яна Давіда Голанда бесьперапынна працаваць у капэле Радзівілаў. Збудаваў летнюю рэзыдэнцыю ў Альбе, аднавіў палац у Слуцку.
Сьпярша ажаніўся з Марыяй Каралінай Любамірскай, потым — з Тэрэзай Каралінай Жавускай. Нашчадкаў не пакінуў.
Варта адзначыць, што вобраз Караля Станіслава II Радзівіла ў літаратуры і ў аповядах экскурсаводаў падаецца аднабока, нават скажона, далёкім ад гістарычнай праўды[3].
З аднаго боку ён быў прадстаўлены як адзін з найбольшых п’яніцаў і гулякаў Саскай эпохі[4], а зь іншага — як прыклад шляхетнасьці, самарытанства і патрыятызму. Невымерна багаты і ўплывовы, здабыў сябе сярод шляхты велічэзную папулярнасьць дзякуючы шчодрасьці, сармацкім звычаям, схільнасьці да гутарак і жартаў, зь іншага боку, вядомы быў дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасьцю.
Папярэднік Цэлястын Чапліц |
Маршалак Сойму Рэчы Паспалітай 1767—1768 |
Наступнік Адам Панінскі Міхал Геранім Радзівіл |
|