Карлас Шэрман | |
Дата нараджэньня | 25 кастрычніка 1934[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 4 сакавіка 2005 (70 гадоў) або 6 сакавіка 2005[1] (70 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | перакладнік, пісьменьнік, журналіст, паэт |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз пісьменьнікаў СССР і Саюз беларускіх пісьменьнікаў |
Жанры | паэзія |
Ка́рлас Шэ́рман (25 кастрычніка 1934 — 4 сакавіка 2005) — беларуска-гішпанскі лацінаамэрыканскі перакладчык, літаратар і праваабаронца, ганаровы віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру. Нарадзіўся ва Ўругваі. Перакладаў і пісаў на гішпанскай (роднай), беларускай і расейскай мовах. Быў сябрам навукова-экспэртнай Рады Беларускага Калегіюму.
Карлас Шэрман нарадзіўся ў сталіцы Ўругваю Монтэвідэо. Бацька быў выхадцам з Заходняй Беларусі, а маці — карэннай жыхаркай Лацінскай Амэрыкі. Вучыўся ў Нацыянальным інстытуце імя М. Марэна (Буэнас-Айрэс, Аргентына, 1951—1956) у спэцыяльнасьці філялёгія. Працаваў у аргентынскім друку. Сябраваў з Паблам Нэрудам. У 1956 годзе бацька паддаўся на савецкую прапаганду Хрушчоўскага часу, і сям’я пераехала ў Беларусь. Карлас Шэрман пачаў з працы на фабрыцы, тымчасам дасканала вывучыў беларускую мову, стаў бібліятэкарам, загадваў рэдакцыйна-выдавецкім сэктарам Фундамэнтальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі. У 1989—2001 гадох быў віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру, быў фактычна адным з заснавальнікаў ПЭН-цэнтру, сышоў з пасады віцэ-прэзыдэнта ў сувязі з кепскім здароўем.
Наступнік Карласа Шэрмана на пасадзе віцэ-прэзыдэнта ПЭН-цэнтру галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько лічыць, што Шэрман быў савецкім пісьменьнікам, але на мяжы 90-х зрабіў свой выбар, і разам з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным адышоў ад савецкага пісьменьніцтва.
У апошнія гады жыцьця знаходзіўся на лячэньні ў Нарвэгіі, дзе і памёр 4 сакавіка 2005 году.
Адпяваньне і разьвітаньне зь ім адбылося 10 сакавіка ў каталіцкім саборы нарвэскага гарадка Крысьціянсан, дзе сям’я жыла апошнія гады. Пасьля гэтага цела было падвергнутае крэмацыі, і прах Карласа Шэрмана перавезены ў Беларусь.
Аўтар паэмы «Дождж у Каралішчавічах» (у перакладзе з гішпанскай мовы Р. Барадуліна, 1984), збору вершаў «Сны» (у перакладзе з гішпанскай мовы Р. Барадуліна і В. Сёмухі, 1989), кнігі крытыкі і эсэ «Таямніцы почырку» (1995), паэмы «Накірункі сьвету» (на гішпанскай мове і ў перакладах В. Рыч на ангельскую, Р. Барадуліна на беларускую і І. Бурсава на расейскую мовы, 2000). Уклаў шэраг выдадзеных на беларускай мове зборнікаў гішпанамоўных паэтаў (Ф. Гарсія Лоркі, П. Нэруды, Н. Гільена, Г. Містраль), анталёгію сучаснай кубінскай паэзіі. Пераклаў з гішпанскай на беларускую мову творы паэтаў Гішпаніі і Лацінскай Амэрыкі, аповесьць і раман Габрыэля Гарсія Маркеса, зь якім быў асабіста знаёмы. У яго перакладзе на гішпанскую мову выйшлі выбраныя творы Я. Купалы і Я. Коласа «Папараць-кветка» (1982), кнігі А. Куляшова «Мая Бесядзь» (1976), Р. Барадуліна «Чорны вол маёй трывогі» (1985), раман І. Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1988), аповесьці В. Быкава «Дажыць да сьвітаньня» (1980), «Абеліск» (1984), «У тумане» (1989) і іншыя.
На беларускую мову ягоныя вершы пераклалі Вольга Іпатава, Уладзімер Палупанаў[2].