Клярыса Ліспэктар (парт. Clarice Lispector; 10 сьнежня 1920, мястэчка Чэчэльнык, Альгапільскі ўезд, Падольская губэрня, УССР — 9 сьнежня 1977, Рыю-дэ-Жанэйру, Бразылія) — бразыльская пісьменьніца, перакладніца ўкраінска-габрэйскага паходжаньня.
Клярыса Ліспэктар | |
Clarice Lispector | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Хайя Ліспэктар |
Псэўданімы | Helen Palmer, Terelu |
Нарадзілася | 10 сьнежня 1920 мястэчка Чэчэльнык, Падольле, УССР |
Памерла | 9 сьнежня 1977 Рыю-дэ-Жанэйру, Бразылія |
Пахаваная | Cemitério Israelita do Caju, Рыю-дэ-Жанэйру |
Сужэнец | Maury Gurgel Valente[d][1] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | Пісьменьніца, перакладніца |
Гады творчасьці | 1939-1977 |
Мова | Партугальская |
Значныя творы | Laços de Família (1960), A hora da estrela (1977) |
Узнагароды | |
Подпіс | ![]() |
http://www.claricelispector.com.br/ |
Нарадзілася ў падольскім мястэчку Чэчэльнык у жыдоўскай сям'і. Ратуючыся ад пагромаў пэрыяду грамадзянскай вайны, ейныя бацькі Пінкас Ліспэктар і Маня Крымгальд уцяклі ў Бэсарабію, адкуль у 1921 годзе эмігравалі ў Бразылію[2]. Сям'я пасялілася ў Рэсыфі (Пэрнамбуку, паўночна-ўсходняя Бразылія). У 1928 годзе Клярыса пайшла ў школу - «Школьная група Жуана Рамальё». У 1929 годзе напісала свае першае апавяданьне[3].
У 1935 годзе сям'я Ліспэктараў пераехала ў Рыю-дэ-Жанэйру. Тут Клярыса давала прыватныя заняткі партугальскай мовы. Так з жыцьцёвага досьведу настаўніцы-вучаніцы нарадзіўся ейны першы раман «Блізка да дзікага сэрца». У 1939 годзе Клярыса паступіла ў Фэдэральны ўнівэрсытэт Рыю-дэ-Жанэйру на юрыдычны факультэт. У наступным 1940 годзе яна ўжо была рэдактаркай Нацыянальнага інфармацыйнага агенцтва ў Рыю-дэ-Жанэйру[4].
У 1942 годзе Клярыса Ліспэктар стала рэдактаркай газэты «A Noite» (Ноч) у Рыю-дэ-Жанэйру. Тут яна апублікавала некалькі сваіх апавяданьняў. У наступным годзе яна выйшла замуж за свайго школьнага сябра Маўры Гуржэла Валенці. Падчас Другой сусьветнай вайны пісьменьніца дапамагала бразыльскім жаўнерам у ваенным шпіталі. Як жонка дыплямата жыла ў Эўропе (Італія, Швайцарыя, Турэччына, Вялікабрытанія) і ЗША[5].
Пісьменьніца ўдзельнічала ў грамадзкім жыцьці сваёй краіны, у прыватнасьці, у масавых выступленьнях супраць ваеннай дыктатуры[6].
Яна свабодна валодала францускай і ангельскай мовамі, а таксама добра валодала некалькімі іншымі мовамі, у прыватнасьці італійскай і нямецкай. Да сьмерці маці ў іх дома часта размаўлялі на ідыш, але паводле самой піьсменьніцы, партугальская мова сталася мовай ейнага сэрца. Пісьменьніца пісала выключна па-партугальску[7].
Клярыса Ліспэктар памерла ад раку 9 сьнежня 1977 году, за дзень да свайго 57-годзьдзя. Яе плянавалася пахаваць 11 сьнежня 1977 году на могілках Сан-Жуан-Батыста, але яна мела жыдоўскае паходжаньне, таму пахаваньне прайшло на жыдоўскіх могілках Cemitério Israelita do Caju ў Рыю-дэ-Жанэйру[8].
Аўтарка шматлікіх раманаў і апавяданьняў. Адна з найбольш вядомых бразыльскіх пісьменьніцаў 20-га стагодзьдзя[9]. Першы раман «Блізка да дзікага сэрца» апублікавала у 19 гадоў. Маладая пісьменьніца зьведала ўплыў Кэтрын Мэнсфілд, Вірджыніі Ўулф. Усяго ў творчым даробку пісьменьніцы 8 раманаў, 8 зборнікаў апавяданьняў, літаратуразнаўчыя артыкулы, пераклад на партугальскую мову рамана Оскара Ўайлда "Партрэт Дарыяна Грэя"[10].
Найбольшым посьпехам для Клярысы Ліспэктар стаў зборнік апавяданьняў «Сямейныя сувязі», у якім яна ўсебакова адлюстравала праблемы жанчыны. У гэтых апавяданьнях аўтарка раскрыла свой багаты ўнутраны сьвет. На гэтыя творы паўплывала захапленьне Клярысы Ліспэктар творчасьцю пісьменьнікаў-экзыстэнцыялістаў А. Камю і Ж.-П. Сартра[11].
• Perto do Coração Selvagem, 1943 / Блізка да дзікага сэрца
• O Lustre, 1946 / Жырандоль
• A Cidade Sitiada, 1949 / Абложанае места
• A Maçã no Escuro, 1961 / Будаўнік руінаў
• A Paixão segundo G.H., 1964 / Жарсьць паводле Г.Х.
• Uma Aprendizagem ou O Livro dos Prazeres, 1969 / Навучаньне або Кніга асалодаў
• Água Viva, 1973
• A Hora da Estrela, 1977, Час зоркі
• Um Sopro de Vida, 1978, пасьмяротна / Подых жыцьця.
• Alguns contos, 1952 / Некалькі казак
• Laços de Família, 1960 / Сямейныя сувязі
• A Legião Estrangeira, 1964 / Замежны легіён
• Felicidade Clandestina, 1971 / Схаваная радасьць
• Imitação da Rosa, 1973 / Імітацыя ружы
• Onde Estivestes de Noite, 1974 / Дзе вы былі ноччу
• A Via Crucis do Corpo, 1974 / Цела
• O Ovo e a Galinha, 1977 / Яйка і курыца
• A Bela e a Fera, 1979/ Прыгажужня і пачвара.
• O Mistério do Coelho Pensante, 1967 / Таямніца зайца-мысьляра
• A Mulher que Matou os Peixes, 1968 / Жанчына, якая забіла рыбу
• Vida Íntima de Laura, 1974 / Інтымнае жыцьцё Лаўры
• Quase de Verdade, 1978 / Амаль праўда
• Como Nasceram as Estrelas, 1987 / Як нарадзіліся зоркі: дванаццаць бразільскіх легендаў.