Кнышын лац. Knyšyn | |||||
польск. Knyszyn | |||||
Будынак адміністрацыі места | |||||
| |||||
Магдэбурскае права: | 18 кастрычніка 1568 | ||||
Краіна: | Польшча | ||||
Ваяводзтва: | Падляскае | ||||
Павет: | Монькаўскі | ||||
Плошча: | 23,68 км² | ||||
Вышыня: | 158.5 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2008) | |||||
колькасьць: | 2758 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 116,47 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +48 85 | ||||
Паштовы індэкс: | 19-120 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°18′47″ пн. ш. 22°55′3″ у. д. / 53.31306° пн. ш. 22.9175° у. д.Каардынаты: 53°18′47″ пн. ш. 22°55′3″ у. д. / 53.31306° пн. ш. 22.9175° у. д. | ||||
Кнышын | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
Афіцыйны сайт |
Кны́шын (польск. Knyszyn) — места ў Польшчы, на рацэ Яскранцы. Цэнтар меска-сельскай гміны Монькаўскага павету Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2008 год — 2758 чалавек. Знаходзіцца за 25 км на паўночны захад ад Беластоку, на аўтамабільных дарогах 65 і 671.
Кнышын — магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Яна Эвангеліста, помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася Пятніцкая царква зь вёскі Багушэва, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XVIII ст., зьнішчаны савецкімі ўладамі.
У пачатку XVI ст. канцлер Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Радзівіл заснаваў сяло Кнышын у Бельскім намесьніцтве (старостве) і збудаваў тут паляўнічы двор[1]. У 1513 годзе Кнышын увайшоў у склад Падляскага ваяводзтва. У 1520 годзе біскум жамойцкі Мікалай Радзівіл фундаваў тут касьцёл. У 1529 годзе па сьмерці М. Радзівіла, паводле яго тэстамэнту, мястэчка Кнышын з навакольнымі вёскамі перайшло ў валоданьне вялікіх князёў. Аднак Станіслаў Радзівіл не прызнаў тэстамэнту свайго брата і ўзброеным шляхам захапіў Кнышын. У зьвязку з гэтым, 21 лютага 1530 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары зьвярнуўся да ўсіх зямянаў Бельскага павету зь лістом, каб тыя ўзбройваліся і разам з «дворенином гсдрским ехали для взятя до рук гсдрскихъ именя Кнышина». 23 лютага 1530 году Жыгімонт Стары напісаў ліст да намесьніка і служкаў пана Станіслава Радзівіла, у якім пагражаў тых казьніць у Бельску. 24 лютага таго ж году Жыгімонт Стары звярнуўся з сваім лістом да самаго пана Станіслава Радзівіла, ваяводзіча віленскага, паводле якога адабраў у яго дзяржаўныя двары Ушполь і Пеняны, а іх часовым кіраўніком прызначыў дзяка Марка Васільева[2]. У сярэдзіне XVI ст. Кнышын стаў цэнтрам староства. 18 кастрычніка 1568 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў месту Магдэбурскае права і герб «у залатым полі чорная галава зубра»[3].
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Кнышын перайшоў да Каралеўства Польскага. У 1571 годзе Жыгімонт Аўгуст заснаваў у месьце Спаскую царкву. 7 ліпеня 1572 году Жыгімонт Аўгуст памёр у Кнышыне. У 1579 годзе Ян Замойскі фундаваў у месьце мураваны касьцёл Сьвятога Яна Эвангеліста, асьвячоны ў 1601 годзе, а таксама шпіталь[1]. У 1630 годзе ў Крыныше хаваўся ад мору каралевіч і вялікі княжыч Уладзіслаў Ваза. У сярэдзіне XVII ст. па разбурэньні швэдамі места прыйшло ў заняпад.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кнышын апынуўся ў складзе Прусіі, а з 1807 году — у Расейскай імпэрыі, у Беластоцкім павеце[4] Беластоцкай вобласьці (з 1843 году Гарадзенскай губэрні). У 2-й палове XIX ст. у месьце было 299 будынкаў (зь іх 4 мураваныя).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Кнышын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кнышын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[5][6]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Беластоцкага ваяводзтва. У гэты час тут было 541 жылых дамоў.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Кнышын акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Крышын увайшоў у склад БССР, дзе стаў цэнтрам Кнышынскага раёну Беластоцкай вобласьці. У 1941—1944 гадох места зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Кнышын Польскай Народнай Рэспубліцы.
|