Марк | |
Μάρκος | |
Марк | |
Сьвяты | |
---|---|
Сьвецкае імя | Ян |
Нарадзіўся | I стагодзьдзе |
Памёр | 25 красавіка 68 |
Дзень памяці | 25 красавіка |
Атрыбуты | крылаты леў |
Марк (па-габрэйску: מרקוס, па-старажытнагрэцку: Μάρκος; ? — 25 красавіка 68, Александрыя, Эгіпет) — адзін з чатырох эвангелістаў, першы япіскап александрыйскі і заснавальнік Копцкай царквы.
Паводле паходжаньня юдэй. Месца нараджэньня дакладна невядомае; паводле біблейскага паданьня нарадзіўся ў Ерусаліме падчас валадарства Актавіяна Аўгуста; паводле копцкай традыцыі — у Кірэне[1].
У другім Эвангельлі сустракаецца эпізод зь юнаком, які падчас арышту Ісуса бег за ім увасьлед у адной коўдры ды быў затрыманы рымскімі жаўнерамі, аднак здолеў уцячы голы, пакінуўшы покрыў у руках жаўнера (Мк. 14:51—52). Паводле меркаваньня большасьці дасьледнікаў, гэтым юнаком быў сам аўтар Эвангельля Марк.
Ягоная маці Марыя была гарачай пасьлядоўніцай Ісуса Хрыста, і ейны дом служыў месцам сходак для ягоных прыхільнкаў. Тут Марк далучыўся да хрысьціянскай суполкі і першапачатковае імя Ян замяніў на Марк (у некаторых месцах пісаньня менаваны Ян Марк[2]). Тутсама хаваўся й апостал Пётар пасьля цудоўнага вызваленьня зь вязьніцы (Дзеі, 12:12).
Яшчэ ў юнацтве браў удзел у мэсіянскай дзейнасьці апосталаў Паўла і Барнабы. Належаў да сямідзесяці апосталаў — вучняў Хрыста — і быў відавочцам некаторых падзей з эвангельскай гісторыі. Зьяўляючыся спадарожнікам апосталаў Паўла і Барнабы, вёў прапаведніцкую дзейнасьць у Антыёхіі (Сырыя), а потым з Барнабам наведаў востраў Кіпр.
Пасьля стаў неадлучным спадарожнікам апостала Пятра, які ў сваім першым пасланьні называе яго сваім духоўным сынам. Калі апостал Пётар знаходзіўся ў рымскім зьняволеньні (60—61), Марк служыў яму як адданы і шчыры вучань. Паводле паданьня, тут апостал Марк напісаў для навернутых у хрысьціянства паганцаў сваё Эвангельле. Пра яго ўхвальна адзываецца і апостал Павал у сваіх пасланьнях.
Пасьля пакутніцкай сьмерці Пятра і Паўла ў Рыме Марк пасяліўся ў эгіпецкай Александрыі, дзе заснаваў хрысьціянскую царкву і быў яе першым япіскапам. Прапаведуючы Дабравесьце, падарожнічаў па Лібіі, наведаў унутраныя вобласьці Афрыкі.
Вярнуўшыся ў Александрыю, Марк умацоўваў вернікаў, што абудзіла нянавісьць паганцаў. Прадбачачы хуткую сьмерць, апостал прызначыў сабе пераемнікаў — япіскапа Ананію і трох прэсьбітараў. Падчас аднаго з набажэнстваў язычнікі схапілі, зьбілі яго і кінулі ў вязьніцу. Ранкам 25 красавіка 68 натоўп пацягнуў Марка на суд, аднак па дарозе эвангеліст памёр са словамі «У рукі твае, Госпадзе, аддаю дух мой».
Хрысьціянская царква прылічыла яго да сьвятых і лічыць яго аўтарам аднаго з чатырох кананічных Дабравесьцяў.
31 студзеня 829 року мошчы апостала Марка былі перавезеныя з Александрыі ў адмыслова пабудаваны сабор сьвятога Марка ў Вэнэцыі. Пасьля пераносу апостал Марк замяніў сьвятога Тэадора ў ролі нябеснага заступніка Вэнэцыі, а сымбалем места стаў знак эвангеліста — крылаты леў.
Дзень памяці адзначаецца ў дзень ягонае сьмерці 25 красавіка, а ў Вэнэцыі яшчэ й 31 студзеня (дзень перанясеньня мошчаў).