Міхаіл Кулеша | |
Імя пры нараджэньні | Міхаіл Аляксандар Пётар Кулеша |
---|---|
Дата нараджэньня | 26 лістапада 1799 |
Месца нараджэньня | Вільня |
Дата сьмерці | 6 лістапада 1863 |
Месца сьмерці | Беласток |
Адукацыя | Віленскі ўнівэрсытэт |
Месца вучобы | |
Занятак | алейны жывапіс, літаграфія |
Навуковая сфэра | алейны жывапіс |
Плынь | рамантызм |
Працы | «Гусары ў чаканьні атакі», «Барбара Радзівіл», «Барысаглебская (Калоская) царква, Горадня» |
Пад уплывам | Ян Дамель |
Міхаі́л (Міхал) Куле́ша (па-летувіску: Mykolas Kuleša, па-польску: Michał Kulesza; 26 лістапада 1799 — 6 лістапада 1863) — беларуска-польскі мастак, адзін зь першых літографаў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Шмат вандруючы па тэрыторыях сучасных паўднёвай Летувы, паўднёва-ўсходняй Беларусі і паўночна-ўсходняй Польшчы, Кулеша стварыў рэдкія выявы мясьцінаў першай паловы XIX стагодзьдзя.
Міхаіл Кулеша нарадзіўся ў Вільні ў зьбяднелай шляхецкай сям’і. Жывучы і працуючы ў шматэтнічным асяродку тагачаснай сталіцы Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі, карыстаўся польскім напісаньнем свайго прозьвішча, Kulesza, і падчас выставаў у Францыі называў сябе «польскім мастаком».
Вучыўся ў цыстэрцыянскай пачатковай школе ў Трашкунах, мастацтву пачаў навучацца ў гімназіі ў нэаклясыцысцкага мастака Яна Дамеля. Вучобу працягваў у Імпэрскім унівэрсытэце Вільні, дзе асвойваў літаграфію ў Яна Рустэма[1]. Міхаіла Кулешу лічылі адным з найбольш здольных вучняў. Пра ягоную працаздольнасьць сьведчыць той факт, што Міхаіл прадаставіў на факультэцкую выставу 25 твораў — малюнкі пер’ем, эскізы, копіі карцінаў Рэмбранта.
Падчас вучобы ў каледжы далучыўся да філяматаў[2] і быў арыштаваны за сувязь зь імі ў 1823. У 1829 Міхаіл Кулеша атрымаў званьне доктара філязофіі мастацтва[3].
Доўгі час быў вольны мастаком, даючы прыватныя заняткі па выяўленчым мастацтве, дапамагаў у літаграфічнай краме Юзэфа Азямблоўскага. Падчас падарожжа ў Крым спыняўся на нейкі час у Менску[4].
У 1837 року пераехаў зь Вільні ў Крожы дзеля выкладаньня. Праз два рокі быў пераведзены ў Горадню, дзе выкладаў у прыватнай школе[5]. У 1844 перайшоў на працу ў новаадчынены Інстытут шляхетных дзяўчынаў у Беластоку Гарадзенскай губэрні, дзе й застаўся жыць да сьмерці[6]. У 1845, падчас паездкі па Берасьцейшчыне, гасьцяваў у свайго сябра Фэлікса Влодка[7].
Падарожнічаючы па Беларусі й Летуве, маляваў відарысы, этуды мясьцінаў. Плянаваў выдаць сэрыю альбомаў з выявамі найцікавейшых мясьцін Беларусі, Летувы, Валыні. Аднак пры ягоным жыцьці выйшаў толькі адзін альбом, выдадзены пры дапамозе Язэпа Крашэўскага[8].
Пасьля сьмерці ягоныя творы да Першай сусьветнай вайны ўпрыгожвалі хаты ў Менску, Горадні, Беластоку, Вільні, Варшаве[9]. Малая частка карцін, што захавалася, цяпер знаходзіцца ў Мастацкім музэі ў Вільні.
Міхаіл Кулеша — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў