Паляніза́цыя (апалячваньне; польск. polonizacja) — запазычаньне або насаджэньне польскай культуры, асабліва, польскай мовы ў землях зь няпольскім насельніцтвам, якія трапілі пад кантроль Польшчы або падпалі пад польскі культурны ўплыў.
У сярэдзіне XVI стагодзьдзя Вялікае Княства Літоўскае апынулася ў складаным становішчы: за часамі Лівонскай вайны Жыгімонт Аўгуст прапанаваў Лівонскай канфэдэрацыі пратэктарат, што выклікала ваенны канфлікт з Маскоўскай дзяржавай, якая акупавала значную частку тэрыторыі ВКЛ. Дзеля прыцягненьня на дапамогу войска Каралеўства Польскага не было праўных падставаў, 1 ліпеня 1569 году ў выніку Люблінскай уніі адбылося аб’яднаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў канфэдэрацыйную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Першым манархам Рэчы Паспалітай стаў Жыгімонт Аўгуст. У новай дзяржаве мелі быць агульныя гаспадар (кароль і вялікі князь), сойм, грашовая сыстэма, замежная палітыка. Разам з тым, праўная сыстэма, войска і ўрады заставаліся асобнымі. Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага працягвалі падкрэсьліваць, што яны менавіта ліцьвіны, а не палякі, чым выказвалі даволі высокі ўзровень дзяржаўна-нацыянальнай самасьвядомасці: «Мы і палякі, хоць і брацьця, але зусім адменных звычаяў», — пісаў у сваім лісьце да Крыштапа Радзівіла канцлер Леў Сапега ў канцы XVI стагодзьдзя[1][2].
Існуе меркаваньне, што па Люблінскай уніі пачалася папулярызацыя летувіскай мовы і культуры ў Вялікім Княства Літоўскім, асноўную ролю ў якой адыграў ордэн езуітаў — а менавіта «польская партыя» ў ім. Галоўным матывам апошніх, як мяркуецца, было жаданьне палякаў зьнішчыць моўна-культурныя повязі паміж ліцьвінамі і русінамі[a] дзеля іх палянізацыі і асыміляцыі[5].
Адзначаецца, што паступовы працэс апалячваньня (ахвотнай палянізацыі) літоўскай шляхты і найвышэйшых станаў грамадзтва пачаўся ў другой палове ХVІІ стагодзьдзя[6]. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч спрабаваў захапіць усю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўскія войскі адзначыліся разбурэньнем і спусташэньнем шматлікіх местаў і мястэчак, а таксама вынішчэньнем і паланеньнем насельніцтва. Напрыклад, у выніку ўчыненай 22 ліпеня 1654 году Трубяцкой разьні акупанты забілі амаль усіх жыхароў Амсьціслава[7][8], які быў сталіцай аднаго зь дзевяці ваяводзтваў краіны. Аднак часьцей галоўнай мэтай быў захоп у палон мясцовых жыхароў і вываз іх у Масковію. Аляксей Міхайлавіч плянаваў перасяліць на свае землі 300 тысячаў беларусаў. Кожны маскоўскі абшарнік мог прыехаць у Вялікае Княства Літоўскае і купіць хоць-якую колькасьць палонных[9]. Вынікам гэтай вайны стала поўнае разбурэньне гаспадаркі Вялікага Княства Літоўскага, вынішчэньне адукаванага мяшчанства, заняпад мясцовай культуры[10]. Гэта паскорыла працэсы палянізацыі найвышэйшых станаў Вялікага Княства Літоўскага[11], якія такім спосабам спрабавалі адасобіцца ад патэнцыйнага агрэсара і прыбраць падставы да імаверных тэрытарыяльных прэтэнзіяў. Сярод іншага, некалькі местаў зазналі зьмену назваў на польскі ўзор: Менск стаўся «Мінскам» сугучна польскаму Мінску Мазавецкаму (дзеля адрозьненьня пачалі ўжываць назву «Мінск Літоўскі»), Наваградак пад уплывам польскага кораня «груд» перарабілі на «Навагрудак»[12].
Па падзелах Рэчы Паспалітай маскоўскія гаспадары Павал I (1796—1801) і Аляксандар I (1801—1825) не перашкаджалі палянізацыі анэксаванага Вялікага Княства Літоўскага (як зазначае польскі дасьледнік Рышард Радзік, татальная палянізацыя літоўскай шляхты адбылася па падзелах Рэчы Паспалітай, як культурная рэакцыя на палітычнае змаганьне з Расейскай імпэрыяй[13]). Апроч таго, у XIX стагодзьдзі каталіцтва лічылася «польскай верай», а праваслаўе — «рускай верай», і адпаведна з гэтым насельніцтва беларускіх земляў фармальна і нефармальна клясыфікавалася як «польскае» альбо «расейскае». Такім спосабам хваля паланізацыі часткова закранула сялянства, пераважна праз Рымска-Каталіцкую Царкву (па ліквідацыі расейцамі Уніяцкай Царквы больш за мільён беларусаў, пратэстуючы супраць гэтага гвалту, перайшлі ў рыма-каталіцтва). Ксяндзы, часта наўмысна атаясамліваючы нацыянальнасьць і веравызнаньне, прапаведвалі заганную формулу: хто трымаецца «польскай» (каталіцкай) веры — той паляк[6].
Захаваліся сьведчаньні, што пры мяшаным шлюбе (жонка — летувіска, муж — беларус[b]) дзеці выхоўваліся па-летувіску альбо ўся радзіна магла палянізавацца, бо польская мова выконвала ролю пасярэдніка[14].
У пачатку XX стагодзьдзя сярод ліцьвінаў-каталікоў пашыраўся наступны прапагандысцкі прыём дзеля іх палянізацыі: «будзеш беларус — значыць, гвалтам зробяць праваслаўным. Калі хочаш застацца каталіком, то мусіш казаць, што (ты) паляк, бо наша вера польская, а не беларуская ці іншая якая»[15][16].
Паводле Рыскае мірнае дамовы між Польшчай і Савецкай Расеяю заходняя частка Беларусі адышла Польшчы[17]. У адпаведнасьці з савецка-польскай мірнай дамоваю, а таксама з пагадненьнямі паміж Польшчай і краінамі Захаду ў 1919 году, Польшча абавязалася даць магчымасьць нацыянальнага разьвіцьця для беларусаў і іншых нацыянальных меншасьцяў на сваёй тэрыторыі. Напраўду гэтыя забавязаньні Польшчай былі парушаныя[18][19].
Сьледуючы паноўным настроям у польскім грамадзтве[20] улады распачалі жорсткую палітыку палянізацыі і асыміляцыі беларускага насельніцтва[21] У беларускіх крыніцах прыводзіцца цытата высокапастаўленага польскага чыноўніка Леапольда Скульскага, прыхільніка палітыкі асыміляцыі, які ў сваім выступе з Сэйме ў канцы 1930-х гадоў прамаўляў: «Запэўніваю вас, паны дэпутаты, што праз якіхсьці дзесяць гадоў вы зь сьвечкай ня знойдзеце [у Заходняй Беларусі] ні аднаго беларуса»[22][23][24]. Радыкальная палянізацыйная палітыка фармавалася пад уплывам нацыяналістычнага руху «Нацыянальная дэмакратыя» на чале з Раманам Дмоўскім. Дмоўскі адмаўляў беларусам і іншым народам рэгіёну ў праве на вольнае нацыянальнае разьвіцьцё і называў іх «горшым гатункам палякаў»[25]. Уладыслаў Студніцкі, уплывовы польскі ўраднік у адміністрацыі «Ўсходніх крэсаў», адкрыта заяўляў, што гэты рэгіён патрэбны Польшчы для мэтаў калянізацыі[26]
Масавы характар насіла дыскрымінацыя беларускай мовы[27] Было забароненае яе выкарыстаньне ў органах дзяржаўнай улады.[28]. Паводле гісторыка Пэра Андэрса Рудлінга, беларуская мова была выціснутая з школьнай адукацыі ў Заходняй Беларусі[19]. Да 1921 году ў Беларусі існавала 514 беларускіх школаў[29]. У 1928 годзе іх заставалася толькі 69, што складала толькі 3% ад усіх існых навучальных установаў у Заходняй Беларусі на той момант[30]. Усе яны, апроч Віленскай беларускай гімназіі, былі зачыненыя да 1939 году[18][29]. Польскія ўраднікі адкрыта супрацьстаялі альбо сабатавалі адкрыцьцё беларускіх школаў, насаджалі польскамоўную адукацыю ў Заходняй Беларусі[31]. Даходзіла да таго, што ўлады часта разглядалі ўсякую беларускую грамадзкую актыўнасьць і ўсякія патрабаваньні навучаньня на беларускай мове ў якасьці выніку камуністычнай змовы[32]
Праваслаўныя таксама сутыкаліся з дыскрымінацыяй у міжваеннай Польшчы[28]. Мэтаю палітыкі польскіх уладаў была асыміляцыя праваслаўных беларусаў[33]. Улады насаджалі польскую мову ў жыцьці праваслаўнай царквы,[33] ініцыявалі стварэньне Польскіх праваслаўных таварыстваў у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі (Слонім, Беласток, Ваўкавыск, Наваградак)[33].
Беларускія каталіцкія сьвятары, як а. Вінцэнт Гадлеўскі[33], якія прасоўвалі беларускую мову ў Касьцёле і займаліся падтрыманьнем беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, таксама былі пад моцным ціскам уладаў і кіраўніцтва Касьцёлу[33]. Польская каталіцкая герархія выдавала дакумэнты, якія забаранялі сьвятарам выкарыстоўваць беларускую мову ў касьцёлах і нядзельных школках у Заходняй Беларусі. У 1921 годзе ў Варшаве была выдадзеная брашура, у якой беларускія сьвятары крытыкаваліся за выкарыстаньне беларускае мовы: «Яны хочуць перайсьці з багатай польскай мовы да мову, якую сам народ называе простай і ўбогай»[34]
Грамадзкасьць міжваеннай Заходняй Беларусі чыніла супраціў палянізацыі і масаваму закрыцьцю беларускіх школаў. Асноўнаю арганізацыяй, якая займалася разьвіцьцём беларускамоўнай асьветы ў Заходняй Беларусі ў 1921—1937 гадох, было Таварыства беларускай школы на чале з Браніславам Тарашкевічам ды іншымі дзеячамі.
У параўнаньні з украінцамі, беларусы праяўлялі меншую палітычную актыўнасьць у міжваеннай Польшчы. Разам з тым, палітыка польскіх уладаў бесьперапынна выклікала пратэсты і нават збройны супраціў[28].
Найбольшая беларуская палітычная арганізацыя ў Заходняй Беларусі, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, патрабавала спыненьня палянізацыі і наданьне аўтаноміі Заходняй Беларусі.
Па Другой сусьветнай вайне летувіскія ўлады зачынілі беларускую гімназію і настаўніцкую сэмінарыю ў Вільні, а Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча ліквідавалі і фактычна разрабавалі — большая частка яго збораў трапіла ў летувіскія музэйныя фонды і бібліятэку Акадэміі навук Летувы[35]. Усьведамляючы немагчымасьць ажыцьцявіць беспасярэднюю летувізацыю жыхароў этнічна беларускай Віленшчыны, летувіскія ўлады праводзілі іх дэнацыяналізацыю[36] і палянізацыю[37]. На ўзгадненьне з Масквой і камуністычнай Польшчай летувіскія ўлады замест беларускіх школаў насаджалі польскія і расейскія, колькасьць студэнтаў-беларусаў у летувіскім Віленскім унівэрсытэце не перавышала 1%[35]. Пачала выдавацца газэта «Чырвоны штандар» на польскай мове, а польскія ксяндзы працягнулі прапаганду сярод беларусаў-каталікоў, што тыя напраўду палякі[36].