Панатынаікос | |
Поўная назва | па-грэцку: Παναθηναϊκός Αθλητικός Όμιλος Ποδοσφαιρική Ανώνυμος Εταιρεία |
---|---|
Заснаваны | 3 лютага 1908 |
Горад | Атэны, Грэцыя |
Стадыён |
Алімпійскі Умяшчальнасьць: 69 618 |
Прэзыдэнт | Яніс Аляфузас[d] |
Кіраўнік | Яніс Аляфузас[d] |
Галоўны трэнэр | |
Чэмпіянат | Супэрліга |
· 2023—2024 | 4 месца |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы pao.gr (грэцк.) (анг.) (гішп.) |
«Панатынаікос» (па-грэцку: Παναθηναϊκός) — грэцкі футбольны клюб з гораду Атэнаў. Заснаваны ў 1908 годзе. 20-разовы чэмпіён Грэцыі, 20-разовы ўладальнік Кубка Грэцыі. З 1950-х гадоў клюб трымае адну з найстарэйшых і самых пасьпяховых футбольных акадэміяў у Грэцыі, стала рыхтуючы таленты як для галоўнай каманды клюбу, гэтак і нацыянальнай зборнай Грэцыі. Паводле дасьледаваньняў і апытаньняў, «Панатынаікос» ёсьць другім самым папулярным футбольным клюбам у краіне пасьля «Алімпіякосу»[1][2]. Менавіта з гэтым клюбам «Панатынаікос» мае доўгатэрміновае суперніцтва. Матчы паміж камандамі маюць назоў Дэрбі вечных ворагаў[3].
Згодна з афіцыйнай гісторыяй клюбу, 3 лютага 1908 году «Панатынаікос» быў закладзены Ёргасам Каляфатысам поруч зь яшчэ 40 спартоўцамі, калі яны вырашылі сысьці атлетычнага клюбу «Панэлініяс», кіраўніцтва якога пастанавіла спыніць існаваньне сваёй футбольнай сэкцыі[4]. Назовам паўсталага клюбу быў абраны футбольны клюб «Атэны». Сябры клюбу падкрэсьлівалі, што яны маюць на мэце распаўсюд новага для Грэцыі віду спорту. Акрамя таго, намерам заснавальнікаў было стварыць каманду для ўсіх жыхароў Атэнаў і зьвязаць свой футбольны рух зь астатнімі эўрапейскімі рухамі[5]. Першым абраным прэзыдэнтам быў Аляксандрас Каляфатыс, брат Ёргаса. Першым галоўным трэнэрам стаў спартовец і навучэнец Оксфардзкага ўнівэрсытэту Джон Сырыл Кэмпбэл, які стаў першым замежнікам на пасадзе грэцкай каманды[6]. Вядомы грэцкі легкаатлет і алімпійскі чэмпіён Канстантынас Цыклітырас гуляў на пазыцыі брамніка ў наваствораным клюбе.
У 1910 годзе, пасьля спрэчкі сярод шэрагу сябраў рады, Каляфатыс з большасьцю гульцоў, у тым ліку і Кэмпбэлам, вырашылі выйсьці з шэрагаў атэнскага клюбу і перабраліся на новую пляцоўку на пляцу Амэрыкі. Назва клюбу зьмянілася на «Панэлініяс», а клюбнымі колерамі былі абраныя зялёны і белы. Да 1914 году Кэмпбэл вярнуўся ў Ангельшчыну, але клюб да таго часу ўжо быў сярод лідэраў грэцкага футболу. Сярод гульцоў той каманды вылучаліся Міхаліс Папазаглю, Міхаліс Рокас і Люкас Панургіяс. У 1918 годзе на прапанову Папазаглю каманда абрала трылісьнік сваёй эмблемай[7]. У 1921 і 1922 гадах асацыяцыя футбольных клюбаў Атэнаў і Пірэю зарганізавалі першыя два чэмпіянаты па Першай сусьветнай вайне. У абодвух розыгрышах чэмпіёнам быў менавіта «Панэлініяс». Пасьля доўгіх перамоваў з атэнскімі ўладамі, урэшце, клюб здолеў дамовіцца наконт пераезду на стадыён Леафорас у 1922 годзе. Адразу з новым стадыёнам клюб вырашыў зьмяніць назву на атлетычны клюб «Панатынаікос», што значыць «усеатэнскі».
У 1926 годзе Грэцкая фэдэрацыя футболу стварыла і зладзіла першы чэмпіянат Грэцыі, але «Панатынаікос» спачатку ня браў удзел у спаборніцтве праз спрэчкі з фэдэрацыяй, але ў 1928 годзе ўсё ж такі далучыўся да лігі. «Панатынаікос» перамог у сэзоне 1929—1930 гадоў не прагуляўшы аніводнага матчу. Ачольваў клюб на той момант вугорскі трэнэр Ёжэф Кюнстлер, а сапраўднай зоркай клюбу быў Ангеляс Мэсарыс[8]. Іншымі выбітнымі гульцамі той пекнай эпохі былі Антоніс Мігіякіс, Дыямідыс Сымэанідыс, Міміс Піеракас і Стэфанас Піеракас. Цягам сэзону клюб разграміў «Алімпіякос» зь лікам 8:2, Мэсарыс улучыў тры мячы ў браму пірэйцаў[9]. Каманда таксама перамагла «Арыс» зь лікам 1:4 у Тэсалёніках. Мэсарыс зноўку адзначыўся трыма галамі і стаў героем матчу.