Пратэсты ў Беларусі 2020 году | |||
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2020 году | |||
Мітынг ля стэлы «Менск — горад-герой» 16 жніўня 2020 | |||
Дата | з 24 траўня 2020 году | ||
---|---|---|---|
Месца | Беларусь | ||
Прычыны | Фальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня | ||
Мэты | Правядзеньне сумленных выбараў | ||
Спосабы | ланцуг салідарнасьці, мітынг, інтэрнэт-актывізм, пікет, стачка, шэсьце | ||
Статус | працягваецца | ||
Атрыманыя саступкі | вызваленьне большасьці затрыманых дэманстрантаў (17 жніўня 2020 г.) | ||
Удзельнікі канфлікту | |||
| |||
Ключавыя асобы | |||
Сілы бакоў | |||
| |||
Колькасьць | |||
| |||
Страты | |||
|
Пратэ́сты ў Белару́сі 2020 году — вулічныя дэманстрацыі, якія пачаліся 29 траўня 2020 году ў Менску ды іншых месцах, былі пачаткова зьвязаныя з арыштам апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ды нядопуску іх да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 году.
Пасьля публікацыі першых афіцыйных экзыт-полаў, якія сьведчылі пра нібыта пераканаўчую перамогу дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ўжо ў першым туры, пратэсты ахапілі адначасова шмат гарадоў краіны, а іх асноўнай мэтай стаў сумленны падлік галасоў ды адстаўка Лукашэнкі, які займае пасаду прэзыдэнта з 1994 году. Сілавыя структуры пачалі разганяць мірныя пратэсты, таму яны перарасьлі ў сутычкі з АМАПам[22]. Падтрымка расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна на піку пратэстаў дапамагла Аляксандру Лукашэнку трымацца, і пасьля непрацяглага зацішша сілы бясьпекі разгарнулі агрэсіўную кампанію па запалохваньні яго апанэнтаў[23][24]. Тым ня менш пасьля выбарчае кампаніі на бязьмежжа сілавікоў не было заведзена ніводнае крымінальнае справы[25][26][27]. Да кастрычніка 2021 году колькасць палітвязьняў(be) у Беларусі дасягнула 833[28].
Гэтую грамадзкую актыўнасьць паводле масавасьці параўноўвалі з пратэстамі 1996—97 гадоў супраць падпісаньня саюзнай дамовы Беларусі ды Расеі.
Зранку 10 жніўня першую заяву пасьля пратэстаў зрабіў сам Лукашэнка[29]. Ён, у прыватнасьці, прыгразіў пратэстантам «адэкватным адказам», адзначыўшы, што разарваць краіну ніхто не дазволіць[30]. Ён таксама сьцьвярджаў, што сярод пратэстоўцаў шмат п’яных і «абпаленых», а саміх удзельнікаў пратэстаў назваў «авечкамі», якімі кіруюць «лялькаводы» з Польшчы, Вялікабрытаніі й Чэхіі[31]. У ноч на 11 жніўня 2020 году найбольшыя вулічныя сходы адбыліся ў Берасьці, Магілёве, Менску й Наваполацку (Віцебская вобласьць). Міліцыянэры і жаўнеры ўнутраных войскаў прымянілі спэцсродкі супраць дэманстрантаў у Менску й Наваполацку. Прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольга Чамаданава паведаміла, што ў ходзе дэманстрацыяў «пацярпеў 21 супрацоўнік органаў унутраных справаў і вайсковец унутраных войскаў, 5 зь іх шпіталізаваныя»[32]. 9—11 жніўня 2020 году супрацоўнікі Атрадаў міліцыі асаблівага прызначэньня (АМАП) затрымалі звыш 7000 дэманстрантаў[33].
У ноч на 12 жніўня 2020 году вулічныя сходы адбыліся ў 25 гарадах Беларусі. У сталіцы і шэрагу абласных цэнтраў дэманстранты перакрывалі рух грамадзкага транспарту, у тым ліку на вуліцы Прытыцкага ў Менску. За ўдзел у шэсьцях затрымалі звыш 1000 чалавек. Цялесныя пашкоджаньні атрымалі 14 міліцыянэраў і вайскоўцаў унутраных войскаў, некаторых зь якіх шпіталізавалі[34]. Праз сутычкі падчас шэсьцяў у Беларусі шпіталізавалі 51 чалавека. Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь паведаміла: «Асноўныя траўмы — выцятыя месцы на мяккіх тканках, траўмы канцавінаў, грудной клеткі, жывата. Некалькім пацыентам спатрэбіліся апэрацыі»[35]. На 13 жніўня 2020 году стачку абвясьцілі супрацоўнікі прадпрыемстваў: «Менскі аўтамабільны завод», «Беларускі аўтамабільны завод» (Жодзін), «Інтэграл», «МАПІД», «Горадняжылбуд», «Керамін», «Белмэдпрэпараты», «Беларуская дзяржаўная філярмонія», «Горадня Азот», завод «Тэразіт» і Паўднёвы рынак у Горадні, Лідзкі рынак, завод аўтакаманэнтаў «Белкард», каршэрынг «Энітайм» і інтэрнэт-крама «Экабай». Вулічныя сходы салідарнасьці правялі супрацоўнікі прадпрыемстваў «Магілёўхімвалакно» і «Менскі трактарны завод»[36]. 13 жніўня ўдзельнікі ланцугоў салідарнасьці выстраіліся ў сталіцы і абласных цэнтрах. Міліцыянты склалі 102 пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. 14 жніўня ў сувязі зь перапоўненасьцю месцаў утрыманьня затрыманых Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь адпусьціла дадому звыш 2000 грамадзянаў[37]. 14 жніўня Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што «ў лякарнях Беларусі знаходзяцца на шпіталізацыі 150 чалавек», пацярпелых на вулічных шэсьцях. За содні зь ізалятара на вуліцы Акрэсьціна ў лякарні перавялі 4-х пацярпелых. Тамсама лекары МУС Беларусі агледзелі яшчэ 50 пацярпелых. У Жодзіне зь ізалятара ў лякарню перавялі 13 затрыманых, зь якіх 6-х шпіталізавалі. Адначасна зь ізалятараў вызвалілі 16 лекараў Міністэрства аховы здароўя, затрыманых на шэсьцях[38].
16 жніўня 2020 году адбыўся «Агульнаграмадзянскі марш за свабоду». А 12:00 звыш 200 000 дэманстрантаў пачалі рух зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ў бок цэнтру Менску зь мікрараёнаў Каменная Горка на захадзе і Курасоўшчына на поўдні, ад «Менскага трактарнага заводу» і плошчы Якуба Коласа на ўсходзе, а таксама ад «Пушкінскай» станцыі мэтро. Па праспэкце Незалежнасьці дэманстранты несьлі 30-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг. З квартала «Маяк Менска» несьлі яшчэ адзін такі сьцяг даўжынёй 100 мэтраў. Каля 15-й гадзіны шматтысячныя вулічныя шэсьці адначасна адбываліся ў Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Берасьці, Віцебску, Гомелі, Горадні, Жлобіне, Жодзіне, Лідзе, Магілёве і Пінску. Стэлу «Горад-герой Менск» абгарнулі ў бел-чырвона-белы сьцяг. Яшчэ адзін сьцяг усталявалі зьверху. У Горадні 40-тысячнае шэсьце прайшло ад Савецкай плошчы праз цэнтар да плошчы Леніна. А 17-й гадзіне дэманстранты занялі ходнікі праспэктаў Машэрава, Незалежнасьці й Пераможцаў у цэнтры Менску, а таксама вуліцы Багдановіча, Мельнікайтэ, Няміга й Старажоўскую. Звыш 100 000 чалавек сабралося вакол Стэлы «Горад-герой Менск»[39]. Пры канцы дня агульны лік дэманстрантаў на вуліцах у цэнтры Менску перасягнуў 400 000 чалавек, што зрабіла дэманстрацыю найбольшым шэсьцем у гісторыі Менску[40]. Увечары дэманстранты занялі плошчу Незалежнасьці. Людзкая калёна расьцягнулася да плошчы Перамогі. А 19-й гадзіне лік дэманстрантаў на плошчы Незалежнасьці перавысіў 100 000 чалавек[41]. 17 жніўня 2020 году шахтэры пачалі стачку на ўсіх рудніках «Беларуськалія». Яны запатрабавалі новых выбараў, вызваленьня ўсіх палітвязьняў і адстаўкі адказных за гвалт чыноўнікаў[42]. На 17 жніўня 2020 году ў ізалятарах МУС Беларусі заставалася 122 чалавекі, у тым ліку 6 на вуліцы Акрэсьціна ў Менску[43].
30 жніўня 2020 году «Марш міру і незалежнасьці» сабраў шматтысячныя шэсьці ў Менску, абласных цэнтрах, Наваполацку й іншых гарадах. Марш стаў 3-м па ліку шэсьцем, у якім удзельнічала звыш 200 000 чалавек[44]. 6 верасьня 2020 году «Марш адзінства» адбыўся ў сталіцы, абласных цэнтрах й іншых буйных гарадах Беларусі. А 14-й гадзіне дэманстранты з усіх раёнаў Менску запоўнілі пешаходную і праезную часткі праспэкта Пераможцаў. Іх агульны лік перавысіў 200 000 чалавек. Больш як 1,5 гадзіны дэманстранты прастаялі каля Палаца Незалежнасьці, дзе скандавалі: «Жыве Беларусь!» і «Трыбунал!»[45]. 13 верасьня 2020 году «Марш герояў» адбыўся ў 28 гарадах Беларусі. Найбольш масавымі былі шэсьці ў Менску, Берасьці, Наваполацку й Магілёве. Прэс-сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава паведаміла пра затрыманьне 774 дэманстрантаў, зь якіх звыш 500 у Менску. Сярод іх 544 чалавекі пакінулі ў ізалятарах да разгляду адміністрацыйнай справы ў судзе[46]. 4 кастрычніка 2020 году Маршы падтрымкі палітвязьнаў адбыліся ў 10 гарадах Беларусі, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах і Бабруйску. У Менску больш як 100-тысячнае шэсьце прайшло па праспэктах Пушкіна, Жукава й Дзяржынскага да ізалятара на вуліцы Акрэсьціна. Там дэманстранты гукалі: «Свабоду!» і «Выпускай!». Іншая шматтысячная калёна дэманстрантаў падышла ад Нямігі па праспэкце Пераможцаў, а 7-тысячнае шэсьце па праспэкце Машэрава — каля вуліцы Ціміразева[47]. Супрацоўнікі МУС Беларусі затрымалі 317 дэманстрантаў, зь якіх у ізалятары зьмясьцілі 258 чалавек да разгляду ў судзе адміністрацыйных справаў[48].
11 кастрычніка 2020 году ў 25 гарадах Беларусі адбыўся Марш гонару. Прэс-сакратарка МУС Чамаданава паведаміла пра затрыманьне 713 дэманстрантаў, зь якіх 570 чалавек зьмясьцілі ў ізалятары да разгляду адміністрацыйных справаў у судзе[49]. Шэсьце ў Менску сабрала звыш 20 000 чалавек. Увечары дэманстранты перакрылі Лагойскі тракт і вуліцу Прытыцкага ў мікараёне Каменная Горка[50]. 8 лістапада 2020 году ў 11 гарадах Беларусі прайшоў Марш народаўладзьдзя. Супрацоўнікі МУС затрымалі 924-х дэманстрантаў, зь якіх 906 — у Менску, 3-х — у Гомлі, па 2 — у Бабруйску, Віцебску, Ляхавічах (Берасьцейская вобласьць) і Пінску, па 1-м — у Бярозе, Горадні, Жлобіне, Полацку й Магілёве[51]. 15 лістапада 2020 году жалобныя вулічныя сходы памяці забітага Рамана Бандарэнкі адбыліся ў 35 гарадах Беларусі. Супрацоўнікі МУС Беларусі зьмясьцілі ў ізалятары звыш 700 удзельнікаў жалобы да разгляду ў судзе адміністрацыйных справаў[52]. Затрыманьні прайшлі ў Берасьці, Віцебску, Гомлі, Менску, Наваполацку й Шацілавічах (Гомельская вобласьць)[53].
Удзень на ўездах у Менск былі заўважаныя дзясяткі аўтамабіляў унутраных войскаў і Міністэрства абароны. А 18:25, у цэнтры Менску былі зачыненыя 6 станцыяў мэтрапалітэну, пачалі перакрывацца цэнтральныя вуліцы і праспэкт Незалежнасьці, пасьля 19 гадзінаў пачаліся першыя затрыманьні адзіночных мінакоў (у тым ліку за фатаґрафаваньне). А 20:54 паведамлялася пра ўжываньне сьветлагукавых ґранатаў у раёне станцыі мэтро Фрунзенская, там жа была параненая журналістка (Наша Ніва). Усё пачыналася як абсалютна мірны пратэст хадакоў і аўтамабілістаў, у некаторых частках места пратэстоўцы арґанізоўвалі супрацьдзею АМАПу й ўнутраным войскам, выкарыстоўваючы «сцэпку». Паведамлялася, што ля станцыі мэтро «Грушаўка» пасьля затрыманьня дзясяткаў людзей пратэстоўцы закідалі аўтамабілі АМАПу каменьнем. На некалькіх важных перакрыжах і пляцах, у тым ліку й спальных раёнах, пратэстоўцы выйшлі на вуліцы і паралізавалі рух. А 22:31 паведамлялася пра разгон пратэстоўцаў ля стацыі мэтро «Пушкінская» зь нейкімі стрэламі[54] і выбухамі. Сілавікі адціснулі людзей на вуліцы Прытыцкага каля суду Фрунзенскага раёну. АМАП ужываў ґаз, ґумавыя кулі ды сьветлагукавыя ґранаты[55]. Пратэстоўцы перакрылі для аўтаруху шматлікія вуліцы ў цэнтру Менску й прапускаюць толькі машыны «хуткае», а АМАП пачаў ужываць для перасоўваньня машыны «хуткае дапамогі» каб падмануць пратэстоўцаў[56]. МУС краіны заявіла пра пагібель аднаго пратэстоўца[55][57].
У ноч на 11 жніўня 2020 году некаторыя дэманстранты запускалі дымавыя шашкі й бутэлькі з запальнай сумесьсю, а таксама ўзводзілі барыкады на вуліцах. Аўтакіроўцы безупынна сыгналілі й спыняліся пасярод дарогі ў цэнтры сталіцы[32]. У ноч на 13 жніўня 2020 году дэманстранты перакрывалі ў Менску праспэкт Незалежнасьці каля ЦУМа й па вуліцы Сурганава, а таксама ў мікрараёнах Малінаўка й Серабранка (Ленінскі раён). За ўдзел у шэсьцях затрымалі каля 700 чалавек. Цягам 9—13 жніўня пацярпела 103 праваахоўнікі, зь якіх 28 шпіталізавалі[21]. 15 жніўня 2020 году на вуліцы Альшэўскага ў Менску прайшло разьвітаньне з Аляксандрам Тарайкоўскім, які загінуў падчас дэманстрацыі 10 жніўня на плошчы Прытыцкага. На самой плошчы сабралося некалькі тысячаў месьцічаў[58]. 16 жніўня адбылася самая вялікая акцыя пратэсту за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. 16 жніўня 2020 году на плошчы Незалежнасьці ў Менску адбыўся 100-тысячны сход месьцічаў, якія а 19-й гадзіне прагаласавалі за 5 патрабаваньняў да Ўраду Беларусі. Патрабаваньні адначасна накіравалі ў Белтэлерадыёкампанію для абнародаваньня:
30 жніўня 2020 году «Марш міру і незалежнасьці» сабраў каля 200 000 чалавек, што стала 3-м нядзельным шэсьцем з такім лікам удзельнікаў. А 14-й гадзіне дэманстранты занялі праспэкт Незалежнасьці ад будынка КДБ Беларусі да Кастрычніцкай плошчы, пасьля чаго рушылі на Нямігу. На праспэкце Пераможцаў разгарнулі шматмэтровы бел-чырвона-белы сьцяг. Каля Палаца Незалежнасьці скандавалі «Трыбунал!» і «Мы ідзем на торт!», бо Лукашэнку ў той дзень споўнілася 66 гадоў. Марш доўжыўся да 17:45. Супрацоўнікі МУС Беларусі затрымалі 140 мужчынаў[44]. 13 верасьня 2020 году прайшоў «Марш герояў», які стаў 5-м нядзельным шэсьцем пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. 15-тысячная калёна дэманстрантаў рушыла па праспэкце Пушкіна ў цэнтар. Да 15:00 на праспэкце Пераможцаў сабралося звыш 100 000 чалавек, якія рушылі да стэлы «Менск — горад-герой», а затым — у бок «Менск-Арэны» да мікрараёну Дразды. Удзельнікі шэсьця заклікалі прыцягнуць ад адказнасьці за катаваньне дэманстрантаў і вызваліць зьняволеных дэманстрантаў, а таксама да новых выбараў і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі[60].
У Баранавічах супраць дэманстрантаў, якіх было, паводле СМІ, некалькі тысячаў, ужывалі сьветлагукавыя ґранаты. Аднак АМАП быў вымушаны ўцякаць ад контрнаступу. Адбываліся зьбіцьці пратэстоўцаў[61][62]. Аснову складу міліцыі сталі работнікі Баранавіцкага аддзелу ўнутраных справаў.
У Берасьці 10 жніўня праходзілі сутыкненьні супрацоўнікаў АМАП з пратэстоўцамі, у хадзе якіх АМАП выкарыстоўваў сьветлагукавыя ґранаты, а пратэстоўцы выставілі барыкады[63][64]. Праз акцыяў пратэсту па трывозе ўзьнялі вайскоўцаў і памежнікаў. Заразом сілавікі й вайскоўцы зь Берасьці таксама былі экстранна накіраваныя ў Менск. Паводле Telegram-каналу Nexta Live, да сталіцы зь Берасьці накіраваліся вайсковыя пампавікі й гэлікоптэры[65].
16 жніўня 2020 году прайшоў «Марш за свабоду» ў Берасьці.
У Віцебску таксама прайшлі масавыя вулічныя акцыі[66]. Было затрымана каля 15 чалавек[67].
У Горадні праваахоўнікі ладзяць масавыя затрыманьні на цэнтральнай вуліцы[68]. Міліцыя ўжыла сьлезацечны ґаз. [69] Цэнтар места перакрылі[70]. Пры разгоне людзе прымалі ўдзел усе работнікі міліцыі:
16 жніўня 2020 году на «Марш за свабоду» ў Горадні сабралося 40 000 месьцічаў.
16 жніўня 2020 году ў пасёлку Касьцюкоўка пасьля адпяваньня ў мясцовай царкве пахавалі 25-гадовага Аляксандра Віхра, якога затрымалі 9 жніўня на шэсьці каля цэнтральнай плошчы Гомля. 12 жніўня ён памёр у лякарні, куды яго завезьлі пасьля суду. На пахаваньне ў пасёлку сабралася 1000 месьцічаў з Гомля. Паводле іншага затрыманага, якога везьлі разам з Аляксандрам Віхром у ізалятар, у машыне распылілі пярцовы газ, ад чаго Аляксандар стаў задыхацца[71]. Для падаўленьня незадаволенасьці народу прыцягвалі да біцьця людзей усіх работнікаў міліцыі:
Па меншай меры адзін з цэхаў Беларускага мэталюрґічнага заводу ў Жлобіне спыніўся на страйк[72].
23 студзеня 2021 году ў Менску дэманстранты выстройваліся ў ланцугі ўздоўж дарог. Галоўная ўправа ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму паведаміла пра затрыманьне каля 100 чалавек[73].
4 траўня 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 174 «Аб пазбаўленьні вайсковых і спэцыяльных званьняў» 86 былых вайскоўцаў і супрацоўнікаў праваахоўных ведамстваў. Сярод іх было 47 міліцыянтаў, 30 вайскоўцаў, 8 супрацоўнікаў юстыцыі й адзін ад унутранай службы. У самім Указе № 174 адсутнічала згадка прычыны пазбаўленьня званьняў. Першым у сьпісе значыўся палкоўнік Уладзімер Барадач. Іншымі палкоўнікамі ў сьпісе былі міліцыянты Сяргей Маслоўскі й Сяргей Міхасёў. Сярод супрацоўнікаў юстыцыі найстарэйшым быў падпалкоўнік Руслан Лясовіч[74]. На вэб-бачыне прэс-службы Лукашэнкі згадвалася: «З улікам характару і ступені цяжкасьці ўчыненых супрацьпраўных дзеяньняў кіраўнікі сілавых ведамстваў устаноўленым парадкам ініцыявалі перад кіраўніком дзяржавы пытаньне аб пазбаўленьні пералічаных ва Ўказе асобаў вайсковых і спэцыяльных званьняў». Пры апісаньні такіх дзеяньняў падкрэсьлівалася: «У пэрыяд абвастрэньня грамадзка-палітычнай абстаноўкі ў краіне з мэтай яе дэстабілізацыі асобныя вайскоўцы і супрацоўнікі сілавых ведамстваў нагняталі пратэставыя настроі ў грамадзтве, арганізоўвалі й удзельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, разьмяшчалі ў сетцы Інтэрнэт экстрэмісцкія матэрыялы, заклікалі да радыкальных дзеяньняў, публікавалі асабістыя зьвесткі дзяржаўных службоўцаў, журналістаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, выступалі з абвінавачаньнямі, абразамі й пагрозамі ў іх адрас». Сярод «дыскрэдытавальных учынкаў» згадвалася, што тыя «праяўлялі непавагу да дзяржаўных сымбаляў, выкідвалі службовыя пасьведчаньні, здымалі пагоны, адмаўляліся ад выкананьня службовых абавязкаў»[75].
Чарговыя масавыя мірныя акцыі пратэсту ў Беларусі прайшлі 27 лютага 2022 году ў пятнаццаці розных гарадах краіны, каб выказаць нязгоду з рэфэрэндумам па зьмене Канстытуцыі ды пазыцыяй ураду Лукашэнкі ў расейска-ўкраінскай вайне[76]. У Менску на пратэстах удзельнічала каля 70 000 чалавек[76]. Па ўсёй Беларусі затрымана было больш за 900 асобаў[77].
25 чэрвеня 2020 году Аляксей Лявончык стварыў у «Фэйсбуку» старонку «BYhelpBY» для збору грошай на выплату спагнаньняў затрыманым падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі. 9—12 жніўня 2020 году на старонцы сабралі 760 000 даляраў, у выніку чаго агульны лік сабраных сродкаў перавысіў 1 мільён даляраў[78]. 14 жніўня 2020 году Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) перадало дапамогу затрыманым у менскі ізалятар па завулку Акрэсьціна, д. 36а. Дапамога ўлучала 1197 жаночых і 342 мужчынскія гігіенічныя наборы, 393 пакункі ласункаў, 226 літраў пітной вады, 49 бінтоў, 33 пакункі гарбаты, 14 кафтанаў, 9 слоікаў кавы і 4 пледы. 15 жніўня БТЧК перадало дапамогу ў сьледчы ізалятар № 1 па вуліцы Валадарскага, д. 2. Перадача налічвала 1762 гігіенічныя наборы, 470 літраў пітной вады, 300 бутэлек шампуня, адзеньне і пледы. У кожны гігіенічны набор уваходзілі: зубная паста й шчотка, пачак вільготных сурвэтак, кавалак мыла й рулён туалетнай паперы, пакунак гігіенічных пракладак для жанчынаў і 2 аднаразовыя брытвы для мужчынаў[79].
15 жніўня 2020 году прадпрыемствы «Гуртам» і «ІСсофт» вылучылі па 500 000 даляраў на дапамогу пацярпелым удзельнікам шэсьцяў. Прадпрымальнік Віктар Пракапеня абвясьціў, што яго крыптабіржа «Карэнсі Ком» пералічыла 100 000 даляраў на дапамогу пацярпелым дэманстрантам[80]. Таксама на 15 жніўня пра бясплатнае лекаваньне пацярпелых падчас дэманстрацыяў абвясьцілі прыватныя клінікі «Мэдыкус» у Жодзіне, «Форэстмед» у Бараўлянах (Менскі раён) і 8 такіх клінік у Менску: «Блосам», «Вівальдзі», «Ладэ», «Псыхалягічны цэнтар разьвіцьця», «Расаяна», «Сантана», «Трыямэд» і «Ўнукі Гіпакрата». Свае паслугі бясплатна прапаноўвалі лекары 12 спэцыяльнасьцяў: гінэколягі, гірудатэрапэўты, дэрматолягі, нэўролягі, отарыналярынголягі, псыхатэрапэўты, псыхолягі, стаматолягі, траўматолягі-артапэды, тэрапэўты, ультрагукавыя дыягностыкі й фізыятэрапэўты[81]. На 18 жніўня 2020 году Андрэй Стрыжак з Нацыянальнага страйкавага камітэту сабраў звыш 1,1 млн даляраў ад больш як 21 000 ахвярадаўцаў на дапамогу звольненым за ўдзел у вулічных дэманстрацыях і стачцы. Стрыжак паведаміў, што «Нацыянальны страйкавы камітэт вылучае па 100 000 даляраў МТЗ, МЗКЦ і „Горадня Азоту“» для стачачнікаў. Адначасна 2,6 млн даляраў сабралі для параненых супрацоўнікамі АМАПу дэманстрантаў[82].
20 жніўня 2020 году старшыня ФПБ Міхаіл Орда заявіў пра «тое, што адбывалася 9 і 10 жніўня»: «У нас ёсьць прававая інспэкцыя, там працуюць высакаклясныя юрысты, і мы гатовыя аказаць пацярпелым прававое суправаджэньне»[83]. На 20 жніўня 2020 году сям’і забітага дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага пералічылі 40 000 рублёў (16 200 $) сабранай дапамогі на банкаўскі рахунак[84].
5 чэрвеня 2020 году доктар палітычных навук Павал Вусаў абнародаваў артыкул «Сілавыя выбары ці „аксамітны тэрор“», у якім прадрок, што пасьля пратэстаў Беларусь чакае пэрыяд «аксамітнага тэрору», бо грамадзтва ўжо ня вернецца ў рамкі татальнай палітычнай апатыі. Сутнасьць «аксамітнага тэрору» навуковец апісаў у 6 пунктах:
7 жніўня 2020 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк абнародаваў «Папярэджаньне аб небясьпецы» наконт таго, што ўрад падрыхтаваў вайсковую апэрацыю супраць мірных дэманстрантаў. Пазьняк прапанаваў «устрымацца ад масавых выступаў 9-га й 10-га жніўня і дамагчыся тым самым дэканцэнтрацыі сілаў зьнішчэньня», каб «у наступныя дні пачаць арганізацыю страйкамаў па ўсёй краіне і суполак вызвольнага руху Вольная Беларусь, рыхтавацца да ўсеагульнага страйку»[1]. 11 жніўня 2020 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 475 «Аб абароце піратэхнічных выбараў», паводле якой забараніў раздробны і гуртовы гандаль імі з 12 жніўня[86]. 12 жніўня 2020 году беларускі экзарх Павал заявіў з нагоды пратэстаў: «Я нікога не хачу асуджаць — ні адзін, ні другі бок». Таксама мітрапаліт Павал заклікаў «тых, хто прыбыў у Беларусь»: «Пакіньце беларускаму народу магчымасьць самому жыць і выбіраць шлях, па якім ён пойдзе далей»[87]. 13 жніўня 2020 году на вэб-сайце дзяржаўнай газэты «Зьвязда» абнародавалі «Зварот да чытачоў „Зьвязды“ з нагоды сытуацыі ў Беларусі» ад імя журналістаў і супрацоўнікаў выданьня: «Зьвяздоўцы выказваюць падтрымку ўсім без выключэньня, хто пацярпеў у канфліктах апошніх дзён, іх сем’ям і блізкім. … Заклікаем не ўжываць сілу ў дачыненьні да тых, хто выказвае сваё меркаваньне, і не праяўляць агрэсію, няважна, на якім баку вы знаходзіцеся»[88]. Увечары 13 жніўня старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава абвясьціла: «Прэзыдэнт пачуў меркаваньне працоўных калектываў і даручыў разабрацца па ўсіх фактах затрыманьняў, якія адбыліся ў апошнія дні… Ужо на вечар сёньняшняга дня адпушчаныя больш за 1000 чалавек, пад абавязак няўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, а непаўналетнія перададзеныя пад расьпіскі бацькам»[89].
14 жніўня 2020 году Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі абнародавала заяву пра «шматлікія звароты ад працоўных калектываў з просьбай заклікаць усіх як мага хутчэй спыніць гвалт, не правакаваць канфлікты, захаваць мір у нашай краіне. Сёньня людзей хвалюе пытаньне хутчэйшага вызваленьня іх дзяцей, родных, калег, якія былі затрыманыя. Размова ідзе пра тых, хто апынуўся ў месцах правядзеньня вулічных акцыяў і не парушаў грамадзкі парадак. Мы падзяляем гэтыя заклікі і настойваем, каб органы правапарадку як мага хутчэй вызвалілі гэтых людзей і правялі адкрытае і аб’ектыўнае расьсьледаваньне па кожным выпадку»[90]. У заяве ФПБ згадвала, што «акажа любую неабходную дапамогу: юрыдычную, псыхалягічную, матэрыяльную — тым, хто апынуўся ў складаным становішчы»[91]. 14 жніўня 2020 году архіяпіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Сьвятаслаў абнародаваў «Зварот да беларускага народу», у якім заклікаў «абараніць свабоду свайго выбару і будучыню свае дзяржавы». Архіяпіскап Сьвятаслаў адзначыў, што «ўлада ўжыла зброю супраць свайго народу, які выйшаў на мірныя пратэсты супраць хлусьні». Таксама ён згадаў: «Молімся за супакой загінуўшых суайчыньнікаў і за здароўе параненых і зьняволеных»[92]. Таксама 14 жніўня ў этэры «Агульнанацыянальнага тэлебачаньня» міністар унутраных справаў Беларусі Юры Караеў папрасіў прабачэньня за траўмы выпадковых людзей на вулічных шэсьцях: «за гэтых людзей, тых, каму дасталася, я як камандзір хачу ўзяць на сябе адказнасьць і папрасіць прабачэньня»[93]. 15 жніўня 2020 году Сынод Беларускай праваслаўнай царквы ўхваліў «Зварот да народа Беларусі аб спыненьні супрацьстаяньня», у якім адзначыў, што «арышты і зьбіцьцё сьведчаць аб пакутах велізарнай колькасьці нявінных людзей». У Звароце згадвалася: «вядома пра 2 сьмерці і мноства параненых у сутыкненьнях, у тым ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў пры выкананьні службовага абавязку; зьбітых і пакалечаных у ізалятарах часовага ўтрыманьня». Урэшце Зварот зьмяшчаў заклік: «асуджаючы гвалт, катаваньні, зьнявагі, беспадстаўныя затрыманьні, экстрэмізм ва ўсіх яго формах і праявах, хлусьню і вераломства, заклікаем усіх, для каго дарагая наша Айчына, дзеці, родныя і блізкія людзі — спыніцца й спыніць супрацьстаяньне»[94].
17 жніўня 2020 году менскі мітрапаліт Павал наведаў Гарадзкую клінічную лякарню хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску, дзе пагутарыў зь лекарамі й пацярпелымі падчас вулічных шэсьцяў. У лякарні знаходзілася 30 такіх шпіталізаваных пацыентаў[95]. Таксама 17 жніўня Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў пра атрыманьне заяваў звыш 600 грамадзянаў аб атрыманьні цялесных пашкоджаньняў пры затрыманьні міліцыянэрамі. Яшчэ 100 чалавек склалі заявы аб атрыманьні такіх пашкоджаньняў у ізалятарах. Таксама паступіла 124 паведамленьні пра пашкоджаньне дэманстрантамі міліцэйскіх аўтамабіляў і нападаў на міліцыянтаў[19]. 17 жніўня 2020 году кіраўнік Асацыяцыі кампаніяў інфармацыйных тэхналёгіяў Зьміцер Ананьеў абнародаваў зварот да старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, у якім прасіў «прыняць неадкладныя захады па безумоўным спыненьні масавых абуральных фактаў прымяненьня катаваньняў, бесчалавечных і прыніжальных годнасьць абыходжаньня і пакараньняў, якія ўжываюцца да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». Ананьеў адзначыў, што «гэтыя факты былі зафіксаваныя пры затрыманьні, этапаваньні і заключэньні пад варту дэманстрантаў супрацоўнікамі праваахоўных органаў». Урэшце ў звароце ён заявіў: «Па гэтых фактах зьверстваў і гвалту прашу неадкладна пачаць правядзеньне праверкі ў адпаведнасьці з наяўнымі паўнамоцтвамі. Па выніках праверкі прашу прыцягнуць вінаватых асобаў да прадугледжанай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь адказнасьці»[33]. Адначасна 17 жніўня сябра Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі заявіў: «Меркаваў бы правільным у гэтай сытуацыі стварыць нешта накшталт нацыянальнай рады або круглага стала, які стаў бы месцам абмеркаваньня шляхоў выхаду з крызісу і далейшага разьвіцьця нашай краіны. Натуральна, што ў ім павінныя ўдзельнічаць аўтарытэтныя прадстаўнікі ўлады і грамадзянскай супольнасьці, палітычных сілаў, грамадзкіх дзеячоў, працоўнага руху, царквы i г.д. I, вядома, удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі». Варанецкі адзначыў: «Зьявілася досыць сьведчаньняў разнастайных фальсыфікацыяў падчас выбараў. Ёсьць і адпаведныя звароты ў пракуратуру, да праваахоўных органаў. Усім фактам фальсыфікацыяў неабходна даць адпаведную прававую ацэнку»[96].
21 жніўня 2020 году прадстаўніца МУС Беларусі Вольга Чамаданава паведаміла: «Зь 9 жніўня ў органы ўнутраных справаў па ўсёй краіне паступілі сотні зваротаў і заяваў грамадзянаў аб зьнікненьні бязь вестак іх сваякоў і знаёмых. Большасьць тых, хто звярнуўся, лічаць, што зьнікненьні зьвязаныя з затрыманьнямі ўдзельнікаў масавых беспарадкаў, абвінавачваючы міліцыю ў непрадстаўленьні інфармацыі аб затрыманых. Супрацоўнікі падразьдзяленьняў крымінальнага вышуку краіны кругласоднева працуюць з такімі зваротамі й заявамі. Амаль усе зь іх цяпер, 21 жніўня, апрацаваныя, засталося некалькі дзясяткаў. Але заявы прадаўжаюць паступаць». Апынулася, што некаторыя грамадзяне адбывалі пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. Большасьць грамадзянаў з правераных затрымліваліся праваахоўнікамі, але на момант праверкі былі вызваленыя. Вольга Чамаданава дадала: «На інтэрнэт-рэсурсе „TUT.BY“ разьмешчаны сьпіс зьніклых, у якім на 9-ю гадзіну раніцы 21 жніўня налічвалася 9 чалавек. Зь іх: 2 чалавекі не ідэнтыфікаваныя, 2 знойдзеныя раней, але інфармацыя з сайта ня зьнятая, 1 афіцыйна аб’яўлены ў вышук як зьніклы бязь вестак, па 2 пададзеныя заявы ў АУС аб вышуку, праводзіцца праверка, 1 шукаюць па лініі іншых службаў МУС, 1 дададзены на сайт 21 жніўня»[20]. 27 жніўня 2020 году Аляксандар Лукашэнка правёў у Палацы Незалежнасьці нараду зь міністрам прамысловасьці Пятром Пархомчыкам, дзе заявіў наконт стачак: «Студэнцкія калектывы — гэта тыя калектывы, зь якімі я гатовы весьці дыялёг. Працоўныя калектывы, калі ласка, фармуйце сваіх прадстаўнікоў і будзем весьці дыялёг. Усе жадаюць новага палітычнага ўладкаваньня. Ды напрамілы Бог, давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносьце прапановы, сфармуем новую Канстытуцыю… Людзі ад апазыцыі, якія бачаць сваю краіну вольнай і незалежнай, калі ласка, выказвайце сваю пазыцыю»[97].
23 верасьня 2020 году дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі заявіў: «Адчувальна рэагую, калі сутыкаюся з канфрантацыйнай рыторыкай сярод нас, беларусаў. На жаль, яна сыходзіць з розных бакоў, але горш за ўсё, калі такая рыторыка гучыць з боку прадстаўнікоў улады, нашых ідэолягаў ці праўладных экспэртаў. Бо ўлада на тое і ўлада, каб весьці за сабой і падаваць прыклад». Варанецкі дадаў: «Уладзе і грамадзтву важна зразумець усю складанасьць працэсаў, якія адбываюцца, асэнсаваць сябе, сысьці ад супрацьстаяньня, знайсьці магчымасьці для пошуку згоды, для дыялёгу, для ўмацаваньня ўзаемаразуменьня. Зрэшты, для пакаяньня і дараваньня»[98]. 9 кастрычніка 2020 году прэс-служба МУС Беларусі паведаміла, што за 2 месяцы ад 9 жніўня на шэсьцях правялі 11 114 затрыманьняў[17]. 10 кастрычніка 2020 году ў Сьледчым ізалятары КДБ Беларусі А. Лукашэнка сустрэўся з арыштаванымі ўдзельнікамі Каардынацыйнай рады і аб’яднага штаба Ціханоўскай. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі зьмяненьні ў Канстытуцыю Беларусі[99]. 11 кастрычніка зь ізалятара КДБ вызвалілі кіраўніка прадпрыемства «Пандадок» Зьмітра Рабцэвіча й сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі — Юрыя Васкрасенскага[100]. Пры выхадзе Васкрасенскі патлумачыў прычыну свайго вызваленьня: «Па выніку сустрэчы з прэзыдэнтам мне даручана прыступіць да падрыхтоўкі альтэрнатыўных прапановаў па зьмяненьні Канстытуцыі, таксама прапанавана падрыхтаваць свае думкі з нагоды далейшых крокаў з боку ўлады па вызваленьні шэрагу асобаў»[101]. Пракурор сталіцы Алег Лаўрухін заявіў: «Па Менску да адміністрацыйнай адказнасьці за ўвесь гэты пэрыяд прыцягнута каля 3 тыс. чалавек. Зь іх недзе дзьве траціны — як правіла, да пакараньня ў выглядзе арышту. Астатнія — больш за 1 тыс. — адміністрацыйныя штрафы па арт. 23.34» Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Таксама Лаўрухін згадаў пра 275 асобаў, супраць якіх органы папярэдняга сьледзтва ўсчалі 250 справаў за ўдзел у масавых беспарадках паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь[18].
22 кастрычніка 2020 году Эўрапейскі парлямэнт узнагародзіў беларускую апазыцыю, прадстаўленую Каардынацыйнаю радаю, прэміяю імя Андрэя Сахарава[102][103]. У сумеснай заяве ЗША й яшчэ больш за пяцідзесяці краінаў і ЭЗ аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ад 26 кастрычніка 2020 году былі асуджаны масавыя парушэньні правоў чалавека, якія мелі месца ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія «не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі»[104][105]. 9 лістапада 2020 году Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь паведаміла, што суды вынесьлі абвінаваўчыя выракі па 16 з больш як 100 крымінальных справаў аб вулічных хваляваньнях. Перасьлед складаўся са спагнаньня, зьмяшчэньня пад хатні арышт і ў вязьніцу[106]. 13 лістапада 2020 году А. Лукашэнка заявіў: «Я шчыра спачуваю бацькам» забітага Рамана Бандарэнкі. Ён згадаў: «Сёньня раніцай… я патэлефанаваў генэральнаму пракурору й сказаў: вазьміце пад сур’ёзны кантроль гэтую крымінальную справу». Лукашэнка прызнаў: «Ужо больш за месяц, у гэтых багатых перш за ўсё кварталах яны вывешвалі бела-чырвона-белыя сьцягі і стужкі там усюды. Нават тросы нацягвалі ад дома да дома і вывешвалі… Мы апошнім часам стварылі дружыны, іх, па-мойму, каля 500 у Менску толькі, і яны таксама хадзілі і зразалі гэтыя сьцягі. У адным з двароў, як мне далажылі, яны прыйшлі зразаць сьцягі. А тыя, хто там жыве і гэтыя стужкі вывешваў (на агароджах, спартыўных пляцоўках), выскачылі з дамоў. І сваркі былі». Урэшце ён адзначыў, што Бандарэнка сьмяротна «траўмаваны быў» тымі, хто зразаў бел-чырвона-белыя сьцягі[107]. 15 лістапада 2020 году старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы Сергій Лепін заявіў, што «зьневажаньне лямпадаў і абразкоў, барацьба зь імправізаваным мэмарыялам у двары яго (Бандарэнкі) дома, уздоўж дарог» — гэта «зьдзек з партрэтаў забітага, з кветак у яго памяць»[108].
Пры гэтым улады й кіраўніцтва МУС Беларусі ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук супрацоўнікаў сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі[115].