Сымулятар земляробства

«Сымулятар земляробства»
Эмблема гульні па-нямецку
Эмблема гульні па-нямецку
Эмблема гульні па-нямецку
Дата выпуску 14 красавіка 2008 (16 гадоў таму)
Вэрсія 22
Апошняя вэрсія 1.7 22 жніўня 2022 (2 гады таму)[1]
Жанр сымулятар
Стваральнікі
Распрацоўнік «Гіганты апраграмаваньня» (Швайцарыя)
Выдавец Focus Entertainment[d]
Мова інтэрфэйсу нямецкая і 22 іншыя, у тым ліку польская і расейская[2]
Кіраўнік Стэфан Гайгер
Прадусар Хрыстыян Аман[3]
Дызайнэр Рэнца Цёнэн
Праграміст Томас Брунэр
Мастак Марк Швэглер
Сцэнарыст Томас Фрай
Кампазытар Крыстыян Капрані
Тэхнічныя дэталі
Суадносіны бакоў 4:3 і больш
Разрозьненьне 640:480 і вышэй
Плятформы 8: Ўіндоўз, Мак АС, Стадыя, Плэй Стэйшн, Ікс Бокс, Нінтэнда, Андроід, АйАС
Рэжым аднакарыстальніцкая гульня[d] і шматкарыстальніцкая кампутарная гульня[d]
Носьбіты лічбавы распаўсюд, лічбавая відэакружэлка
Сыстэмныя патрабаваньні
8 гігабайт апэрацыйнай памяці, відэакарта на 2 гігабайты, 35 гігабайтаў на вінчэстэры
Кіраваньне клявіятура, кампутарная мыш
Працэсар 64-бітны на 3 гігагэрцы з кэш-памяцьцю на 6 мэгабітаў
Афіцыйны сайт
«Сымулятар земляробства» у Вікісховішчы

«Сымулятар земляробства» (ням. Landwirtschafts-Simulator) — швайцарская відэагульня ў земляробства, упершыню выпушчаная ў красавіку 2008 году.

На 2022 год улучаў расьлінаводзтва, жывёлагадоўлю і лесаводзтва. Зьмяшчаў 3 навакольныя асяродзьдзі ў Паўночнай Амэрыцы і Эўропе. Улічваў зьмяненьне пораў году і вытворчыя ланцугі. Налічваў звыш 400 існых машынаў і прыладаў ад больш як 100 вытворцаў. Дапускаў шматкарыстальніцкую гульню. Дазваляў вырошчваць 17 відаў расьлінаў і гадаваць 6 відаў жывёлаў[4]. Да студзеня 2020 году прадалі звыш 25 млн асобнікаў гульні і запампавалі яе звыш 90 млн разоў на смартфоны[5].

Кар'ера, мапы і мэню

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку гульні «Сымулятар земляробства 22» магчыма абраць адну з 3-х кар'ераў, якая ўплывае на пачатковы дастатак і хаду гульні: новы земляроб, распараднік сядзібы і пачатак з пусткі. Таксама магчыма было абраць адно з 3-х асяродзьдзяў: мястэчка Эрленграт у Альпах, Элмкрык на прасторах Сярэдняга Захаду ЗША і Верхні Бэйлерон каля ракі ў Міжземнамор’і. Экраннае мэню гульні падзялялася на 12 частак: 1) дапамога (уверсе зьлева), 2) набор нагляду (уверсе), 3) надвор'е, час і грошы (уверсе справа), 4) апавяшчэньні (справа), 5) міні-мапа (унізе зьлева), 6) далучальныя прадметы (унізе), 7) узровень запаўненьня (унізе справа), 8) хуткамер (унізе справа), 9) паліва і стан (у правым ніжнім куце), 10) шасьцерні (унізе справа), 11) прыцэл (у сярэдзіне, калі пешшу), 12) вакенца перапіскі (зьлева, пры шматкарыстальніцкай гульні)[6].

Віды земляробства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прэзэнтацыя гульні на Выставе электронных забаваў у ЗША (Лос-Анджэлес, 2015 год)

Гульня дазваляла ажыцьцяўляць расьлінаводзтва, жывёлагадоўлю і лесаводзтва. Сярод 16 відаў расьлінаў вылучалася 8 відаў збожжа: пшаніца, ячмень, авёс, рапс, соя, сорга, сланечнік і кукуруза. Для рыхленьня глебы пад іх на трактар навешвалі культыватар. Для збору іх ураджаю выкарыстоўвалі збожжаўборачны камбайн з прымацаванай жаткай. Сярод іншага, у гульні вырошвалі 2 віды карняплодаў: бульбу і цукровыя буракі. Для іх выкарыстоўвалі адмысловыя сеялкі і камбайны. Сеялку запаўнялі бульбай леташняга ўраджаю. Пры зборы ўраджаю спачатку выкарыстоўвалі батварэзку, пасьля чаго карняплоды выкопвалі адмысловым бульба- або буракаўборачным самаходным камбайнам. Таксама існавала магчымасьць выкарыстаць трактар зь некалькімі навескамі. Урэшце, вырошчвалі 4 адмысловыя віды расьлінаў: вінаград і масьліны, цукровы трысьнёг і бавоўну. Вінаградную лазу і аліўкай гай высаджвалі ў шэраг праз будаўніцтва. Ураджай зьбіралі адмысловым камбайнам, пасьля чаго адразу прадавалі або дастаўлялі на ўласную вытворчасьць. Пры гэтым, вінаградную лазу абразалі пасьля збору ўраджаю, каб тая магла адрасьці. Для пасадкі цукровага трысьнягу выкарыстоўвалі нарыхтоўнік з папярэднім ураджаем або з паддоннамі цукровага трысьнягу з крамы. Пры ўборцы да трысьнёгаўборачнага камбайну прымацоўваюць прычэп, або наймаюць работніка для кіраваньня камбайнам і едуць побач на трактары з прычэпам. Пасьля збору цукровы трысьнёг зноў вырастае сам без паўторнай пасадкі. Бавоўнаўборачны камбайн пераўтварае бавоўну ў цюкі, якія перавозяць на адмысловым прычэпе. Бавоўна таксама адрастае без паўторнай пасадкі[6].

У гульні існавала магчымасьць гадаваць коней, кароваў, авечак, сьвіней, курэй і пчолаў. Спачатку варты было набыць загон для жывёлаў і разьмясьціць яго праз будаўніцтва. Жывёлаў прадаваў мясцовы гандляр. Большасьць зь іх перавозілі ў жывёлавозе. Набытых жывёлаў варта было забясьпечваць кормам, вадой і саломай для подсьцілу з дапамогай саломавыдзімальніка. У хляве падача вады была аўтаматычнай. Пры дастатковым утрыманьні дарослыя жывёлы размнажаюцца. Курэй у гульні кармілі пшаніцай, ячменем і соргам. Атрыманыя з куратніка яйкі ў паддонах ставілі пагрузчыкам на самаход і прадавалі або дастаўлялі на ўласную вытворчасьць. Коней кармілі сенам, аўсом і соргам. Таксама ім патрабавалася саламяная падсьцілка і вада, як і чыстка. Вартасьць коней на продаж павялічвалі за кошт навучальнай язды на іх. Авечак кармілі травой і сенам. Іх вырошчвалі на воўну, якую ў паддонах вымалі з пашы пагрузчыкам. Атрыманую воўну завозілі на продаж у прадзільню або на ўласную вытворчасьць. Сьвіней кармілі ўсімі відамі збожжа і карняплодаў. Пасьля кармленьня ад іх атрымлівалі навоз і жыжу для збору ў бочку на ўгнаеньне. Прыплод сьвіней прадавалі. Кароваў кармілі травой, сенам і сіласам, а таксама іх сумесьсю для найлепшага надою. Ад іх атрымлівалі малако, навоз і жыжу. Таксама іх прыплод прадавалі. Пчаліныя вульлі разьмяшчалі побач з полем для павышэньня ўраджайнасьці бульбы, рапсу і сланечніка. З такіх вульляў атрымлівалі мёд, які прадавалі або перапрацоўвалі[6].

У лесанарыхтоўцы выкарыстоўвалі хвою і таполю. Дрэвы сьсякалі дрэваапрацоўчым камбайнам або бэнзапілой. Затым іх ачышчалі ад галінаў і разразалі на бярвеньні або драбнілі адмысловай машынай на дранку. Бярвёны і дранку дастаўлялі для продажу на лесапілку або апрацоўвалі на заводзе. Цана драўніны залежала ад даўжыні і прамалінейнасьці бярвёнаў. Новыя дрэвы высаджвалі лесапасадачнай машынай, для якой у краме набывалі паддоны з рассадай[6].

Ураджай, корм і поры году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя дзеяньні ўлучалі араньне і пасеў, уборку ўраджаю і перавозку, захоўваньне і найм работніка. Узворваньне патрабавалася пасьля ўборкі бульбы, кукурузы і цукровых буракоў, а таксама замене цукровага трысьнягу на іншую расьліну, каб захаваць ураджайнасьць глебы пасьля расьлінаў з глыбокімі каранямі. Для павышэньня ўраджайнасьці ў краме набывалі вадкія і цьвёрдыя ўгнаеньні ў паддонах і мяхах. Распыляльнік для вадкіх угнаеньняў і раскідвальнік — для цьвёрдых выкарыстоўвалі двойчы перад зборам ураджаю. Таксама ад кароваў і сьвіней можна было атрымаць натуральныя ўгнаеньні ў выглядзе гною і жыжы. На біягазавым заводзе прадавалі зброджваньне, якое распылялі на полі з цыстэрны, як і жыжу, а гной — раскідвальнікам. Сярод іншага, пасьля кожнага 3-га ўраджаю на полі раскідвалі вапну. У якасьці прамежкавай расьліны сеялі белую рэдзьку, якую выкапвалі культыватарам, каб павялічыць наступны ўраджай. Раньняе пустазельле выдалялі праполачнікам, а на буйное — распылялі гэрбіцыд. Каб пазьбегнуць пашкоджаньня прыладаў, малыя камяні выдалялі з поля валікам. Буйныя камяні зьбіралі камнепадборнікам і прадавалі на сьмецьцедрабнілцы. Існавала магчымасьць набыць і прадаць дзялянку. Магчымасьць урабляць, касіць траву і секчы дрэвы існавала толькі на ўласнай зямлі і паводле падраду на чужой. Плугам можна было стварыць і пашырыць поле на ўласнай дзялянцы, а таксама злучыць палі суседніх дзялянак[6].

Для кармленьня жывёлаў выкарыстоўвалі траву і сена, салому і яе цюкі, мякіну і ваду, сілас і кармавую сумесь. Большасьць жывёлаў мела патрэбу ў траве, якую скошвалі касілкай. Траву садзілі на полі або абкошвалі на лугах вакол. Для высушваньня травы да стану сена яе пераварочвалі варашылкай. Затым траву і сена складалі касілкай у пракосы і зьбіралі прэс-падборнікам або пагрузачным вагонам. Пасьля ўборкі пшаніцы, ячменю і аўса пракосы саломы адразу зьбіралі прэс-падборнікам або пагрузачным вагонам. Яе цюкі зьбіралі цюказборнікам або трактарам з франтальным пагрузчыкам. Мякіну выраблялі з кукурузы, пшаніцы, ячменю, аўса і рапсу пасьля праезду па іх кормаўборачнага камбайна з жаткай. Такі камбайн варта было суправаджаць трактарам з прычэпам. Ваду набіралі ў возеры або збудаваным рэзэрвуары пры дапамозе прычэпленай цыстэрны. Сілас выраблялі зь мякіны або травы ў сіласным бункеры, дзе іх расьціскалі самаходам. Затым расьціснутую кучу накрывалі да закісаньня. Таксама існавала магчымасьць цюк травы прэс-падборнікам і абрагнуць такі цюк цюкаабгортвальнікам для закісаньня сіласу. Урэшце, для павышэньня вытворчасьці малака каровамі ў мяшалцы выраблялі кармавую сумесь зь сена і саломы, сіласу і канцэнтрату[6].

Умовы гульні задавалі 4 пары году: вясна, лета, восень і зіма. Земляробчы каляндар вызначаў час пасадкі і збору ўраджаю, а таксама ваганьне цэнаў. Збор ураджаю спыняецца падчас сьнегу і дажджу. Сьнежнае пакрыцьцё робіць дарогі сьлізкімі, што вымагае зімовай падрыхтоўкі самаходаў[6].

Будаўніцтва, грошы і машыны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэню будаўніцтва зьмяшчала 5 відаў збудаваньняў: 1) будынкінавесы, бункеры, прыбудовы сіласаў, кантэйнэры і прылады; 2) вытворчыя — заводы, крамы, цяпліцы, сады і генэратары; 3) жывёльныя — загоны рознага выгляду, памеру і прызначэньня; 4) аздабленчыя — платы і ліхтары; 5) краявідныя — прылады лепкі і маляваньня, дрэвы і хмызьнякі[6].

У грашовым мэню адлюстроўваліся даходы і выдаткі за бягучы і 4 папярэднія месяцы, у тым ліку пазыкі ад банка са штомесячным адсоткам. Для продажу вырабаў патрабавалася пагрузіць іх у прычэп і давезьці да закупачнай крамы. У вакенцы цэнаў адлюстроўваліся тавары, якія ў тых крамах закупалі і паводле якіх цэнаў. Цэны зьмяняліся ў залежнасьці ад пару году. Было магчыма прадаць ураджай і драўніну, жывёлу і іх вырабы, а таксама перапрацаваныя тавары. У іншых земляробаў было магчыма як набыць зямлю, гэтак і наняцца да іх паводле кантракту. У цяпліцах вырошчвалі капусту, таматы і клубніцы, якія перапрацоўвалі або адразу прадавалі. Каля цяпліцы ставілі рэзэрвуар з прэснай вадой для забесьпячэньня расьлінаў. Сярод іншага, існавала магчымаць узьвесьці сонечныя панэлі і ветракі, якія прыносілі даход штогадзіну. Урэшце, для перапрацоўкі сваіх вырабаў выкарыстоўвалі мясцовыя заводы або ўзводзілі ўласныя, каб павысіць адпускную цану канчатковага тавару. Гэтак пякарня вырабляла хлеб і пірагі, цясьлярня — дранку і мэблю, малаказавод — масла і сыр, млынмуку, а лесапілкадошкі. Сярод іншага, прадзільня вырабляла тканіну, цукроўняцукар, краўцоўнявопратку, а крупяны завод — крупы. Урэшце, ягадаперапрацоўчы завод выпускаў вінаградны сок і разынкі, а алейняаліўкавы, рапсавы і сланечнікавы алеі[6].

У краме самаходаў існавала магчымасьць набыць і наняць машыну і прылады да яе. Таксама прадавалі патрыманыя самаходы і прылады. Найм абсталяваньня складаўся з першага ўнёску і платы за карыстаньне. Для некаторых машынаў было магчыма набыць іншыя колы, больш магутны рухавік і франтальную навеску. У выніку зносу машыны і прылады трацяць хуткасьць і магутнасьць. Для аплаты рамонту іх варта адвезьці прадаўцу або ў аўтамайстэрню. Пры гэтым, існавала магчымасьць перафарбаваць машыну. Усе машыны ў валоданьні гульца адлюстроўваліся ў мэню гаража, дзе іх магчыма адразу прадаць. Цана машынаў залежала ад іх веку і выкарыстаньня. Пры гэтым, продаж гандляру дадаваў ім у цане[6].

У гульні былі даступныя мадыфікаваньні земляробчай тэхнікі ад гульцоў і аматараў. Сярод іншага, на 2023 год прысутнічалі мадэлі звыш 10 трактароў «Беларус» ад «Менскага трактарнага заводу»: «МТЗ 50», «МТЗ 80», «МТЗ 82», «Беларус 820», «МТЗ 892», «МТЗ 952», «МТЗ 1025», «МТЗ 1221», «Беларус 1222», «Беларус 1523», «МТЗ 2103», «МТЗ 3522» і «Беларус 4522»[7]. Таксама былі прадстаўленыя мадыфікацыі 6 цяжкавікоў «Менскага аўтамабільнага заводу»: «МАЗ 504», «МАЗ 537», «МАЗ 5551», «МАЗ 6422», «МАЗ 6430» і «МАЗ 6501»[8]. Урэшце, існавала 3 мадыфікацыі ўборачных камбайнаў «Палесьсе» вытворчасьці «Гомсельмашу»: «ГС575», «ГС3219» і «ФС8060»[9]. Таксама была створаная мадэль камбайна «Ліда 1300» вытворчасьці «Лідаграпраммашу»[10].

  1. ^ Абнаўленьне 1.7 «Сымулятара земляробства 22» (ням.) // Відэагульня «Сымулятар земляробства», 22 жніўня 2022 г. Праверана 29 жніўня 2022 г.
  2. ^ Моўныя выданьні «Сымулятара земляробства 22» (анг.) // Партал «Гульні пад націскам», 14 кастрычніка 2021 г. Праверана 29 жніўня 2022 г.
  3. ^ Відэагульня 2021 году «Сымулятар земляробства 22» (усе выканаўцы і каманда) (анг.) // База зьвестак аб фільмах у Інтэрнэце, 2022 г. Праверана 29 жніўня 2022 г.
  4. ^ Гульні (ням.) // Відэагульня «Сымулятар земляробства», 2022 г. Праверана 29 жніўня 2022 г.
  5. ^ «Гіганты апраграмаваньня» пра ціхі, дзіўны посьпех «Сымулятара земляробства» (анг.) // «ВэнчурБіт» (ЗША), 10 студзеня 2020 г. Праверана 29 жніўня 2022 г.
  6. ^ а б в г д е ё ж з і Падручнік «Сымулятар земляробства 22» (ням.) // Відэагульня «Сымулятар земляробства», 2021 г. Праверана 29 жніўня 2022 г.
  7. ^ «МТЗ» (анг.) // Мадыфікаваньні «Сымулятара земляробства», 7 студзеня 2023 г. Праверана 18 студзеня 2023 г.
  8. ^ «МАЗ» (анг.) // Мадыфікаваньні «Сымулятара земляробства», 18 студзеня 2023 г. Праверана 18 студзеня 2023 г.
  9. ^ «Палесьсе» (анг.) // Мадыфікаваньні «Сымулятара земляробства», 11 студзеня 2023 г. Праверана 18 студзеня 2023 г.
  10. ^ «Ліда 1300» (анг.) // Мадыфікаваньні «Сымулятара земляробства», 20 сьнежня 2022 г. Праверана 18 студзеня 2023 г.