Сюрстрэмінг (па-швэдзку: surströmming) — швэдзкі нацыянальны прадукт, які ўяўляе сабой кансэрваваны квашаны селядзец. Першапачаткова сюрстрэмінг выраблялі толькі на Высокім беразе, але цяпер яго вытворчасьцью займаюцца практычна на ўсім узьбярэжжы Норлянду.
Селядзец ловяць у красавіку да нерасту. Галаву і вантробы выдаляюць, але ікру пакідаюць для смаку. Апэндыкс таксама пакідаюць, паколькі ў ім зьмяшчаюцца фэрмэнты, істотна важныя для разьмякчэньня. Селядзец на некалькі дзён кладуць у бочкі зь зьедлівым тузлукам (канцэнтраваным саляным растворам), каб выдаліць кроў і тлушч). Затым рыбу перакладаюць у бочачкі зь менш канцэнтраваным тузлукам, дзе яна разьмягчаецца і кісьне яшчэ прыкладна два месяцы. У ліпені яе закрываюць у банкі і ставяць у халоднае месца. Якасьць канчатковага прадукту вызначаецца канцэнтрацыяй тузлука і тэмпэратурай, пры якой захоўваюцца бочачкі. Рыба працягвае кіснуць нават пасьля таго, як яе закрываюць у банкі.
Падчас працэсу закісаньня ўласныя фэрмэнты прадукту і бактэрыі ўтвараюць прапіёнавую кісьлю, бутанавую кісьлю і воцатную кісьлю, а таксама серавадарод, што надае рыбе рэзкі непрыемны пах.[1]
Швэды ядуць сюрстрэмінг з варанай бульбай, памідорамі, сырой цыбуляй або з хлябцамі з маслам. Таксама сюрстрэмінг можа выкарыстоўвацца для прыгатаваньня бутэрбродаў. Найбольш распаўсюджаныя напоі, якія ўжываюцца зь сюрстрэмінгам: піва, шнапс, малако або швэдзкі аналяг квасу (муст). Некаторыя вытанчаныя гурманы заядаюць рыбу брусьніцамі і запіваюць малаком.