Сямятычы лац. Siamiatyčy | |||||
польск. Siemiatycze | |||||
Кляштар місіянэраў | |||||
| |||||
Краіна: | Польшча | ||||
Ваяводзтва: | Падляскае | ||||
Павет: | Сямяціцкі | ||||
Плошча: |
| ||||
Насельніцтва: | 14 590 чал. (2018) | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Паштовы індэкс: | 17-300 | ||||
Нумарны знак: | BSI | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°25′38″ пн. ш. 22°51′45″ у. д. / 52.42722° пн. ш. 22.8625° у. д.Каардынаты: 52°25′38″ пн. ш. 22°51′45″ у. д. / 52.42722° пн. ш. 22.8625° у. д. | ||||
Сямятычы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.siemiatycze-um.com.pl |
Сямятычы, Сямяцічы (польск. Siemiatycze) — места ў Польшчы, на рацэ Камёнцы. Адміністрацыйны цэнтар Сямятыцкага павету Падляскага ваяводзтва. Плошча 36,25 км². Насельніцтва на 2018 год — 14 590 чалавек. Знаходзяцца за 64 км ад Седльцаў.
Сямятычы — магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, побач зь якім праходзіць заходняя мяжа этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся аранжарэя, капліцы Сьвятой Ганна і эвангелісцка-аўгсбурская, комплекс кляштару місіянэраў з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сынагога, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся ратуша і палац Ябланоўскіх, помнікі архітэктуры XVIII ст. За 10 км ад Сямятычаў знаходзіцца Сьвятая Гара Грабарка, важны санктуар праваслаўя.
Сямятычы ўзьніклі ў сярэдзіне XV ст. У 1443—1542 гадох тут дзеялі цэрквы Сьвятой Параскевы Пятніцы, Сьвятой Тройцы, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. У 1456 годзе Міхал Кміта Судзімонтавіч фундаваў у Сямятычах касьцёл. У 1542 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуста надаў месту Магдэбурскае права.
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Сямятычы перайшлі да Каралеўства Польскага. На 1580 год тут было 282 жылыя дамы. Вялікую шкоду месту нанесла вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. У 1772 годзе ў Сямятычах збудавалі новую мураваную ратушу. На 1772 год у месьце было 285 будынкаў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Сямятычы апынуліся ў складзе Прусіі, з 1807 году — паводле Тыльзыцкага міру, у складзе Расейскай імпэрыі. На 1825 год у месьце было 20 мураваных і 330 драўляных будынкаў, працавалі 2 мануфактуры, 10 крамаў і 40 шынкоў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) 6—7 лютага 1863 году адбылася бітва пад Сямятычамі, у якой перамаглі расейскія карнікі, па чым яны спалілі места.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Сямятычы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Сямятычы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны 11 верасьня 1939 году Сямятычы акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Сямятычы ўвайшлі ў склад БССР. З чэрвеня 1941 да 22 ліпеня 1944 году места зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Сямятычы Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1975—1998 гадох места ўваходзіла ў склад Беластоцкага ваяводзтва.
У Сямятычах працуюць 2 пачатковыя школы, 2 ліцэі і Надбужанская вышэйшая школа.
|