Сівушнае масла — пабочныя прадукты сьпіртавога закісаньня, утрымліваюцца як прымешка ў нерэктыфікаваным этанолі, атрымліваецца закісаньнем і вылучаецца зь яго ў працэсе рэктыфікацыі. Сівушныя алеі ўяўляюць сабою алеістую вадкасьць з вострым непрыемным пахам, ад сьветла-жоўтага да чырвона-бурага колеру і з шчыльнасьцю 0,83-0,84 г/см³ (пры 20° C). Склад і ўласьцівасьці вагаюцца ў залежнасьці ад сыравіны, рэжымаў закісаньня і адбору фракцыяў пры рэктыфікацыі. Выхад пры рэктыфікацыі этанолю — 0,3-0,7%. Галоўная складовая частка — аднаатамныя насычаныя сьпірты C3-C9, зь якіх галоўным кампанэнтам зьяўляецца ізаамілавы сьпірт, у склад таксама ўваходзяць ізабуцылавы сьпірт і прапілавы сьпірт і ў нязначных колькасьцях вышэйшыя сьпірты, а таксама аліфатычныя альдэгіды, тлустыя кіслоты і фурфурол.