То́омпэа (ад ням. Domberg — «катэдральны ўзгорак») — вапняковыхолм у цэнтральнай частцы Таліну (Эстонія). Гэта працяглае плято памерамі прыкладна 400×250 мэтраў, плошчай 7 га і вышэйшае на 20—30 м за вакольную тэрыторыю. У фальклёры пагорак вядомы як курган над магілай Калева, узьведзены ягонай смуткуючай жонкай.
Мінуўшчына Тоомпэа шчыльна зьвязаная з гісторыяй уладароў Эстоніі[1]. У цяперашні час тут разьмяшчаюцца ўрад і парлямэнт Эстоніі, якіх часта таксама называюць проста Тоомпэа[2].
На паўднёва-заходняй ускраіне пагорку знаходзіцца замак Тоомпэа зь вежай Гэрмана. Гэтая вежа са сьцягам Эстоніі — адзін з найбольш вядомых сымбаляў Эстоніі[3].
Тоомпэа паўстаў каля 10 000 рокаў таму як востраў Балтыйскага ледніковага возера[4]. З прычыны нязьменнага постледавіковага дрэйфаваньня ён злучыўся з кантынэнтам падчас стадыі Літарынава мора[5]. Яшчэ ў 6 тысячагодзьдзі да н. э. мора абмывала аснаваньне Тоомпэа[6]. Цяпер берагавая лінія праходзіць больш як за 1 км ад яго, а яго падножжа на 17—20 м вышэй за ўзровень мора[7].