Трэці падзел Рэчы Паспалітай | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
![]() | ![]() ![]() ![]() | ||||||||
Трэці падзел Рэчы Паспалітай 1795 году — апошні з падзелаў Рэчы Паспалітай, па якім канфэдэрацыя Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага спыніла сваё існаваньне — як і самі гэтыя дзяржавы.
Яшчэ ў часе паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі, 11 ліпеня 1794 году прускі пасол у Пецярбургу Леапольд Гайнрых фон Гольц пісаў у сваёй дэпэшы, што «ўся Расея дамагаецца падзяліць Польшчу і сьцерці яе назву»[1].
Меней чым праз год па здушэньні паўстаньня, 24 кастрычніка 1795 году, манархі Расеі, Прусіі і Аўстрыі, узгаднілі ўзаемны трактат, паводле якога правялі трэці падзел Рэчы Паспалітай. 24 лістапада 1795 году яны пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчныя пытанні, у тым ліку датычна даўгоў караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які 25 лістапада 1795 году зрокся стальцу.
Трэці падзел стаў вынікам у тым ліку ўнутранага крызісу і экспансіўных дзеяньняў суседніх дзяржаваў. Аднак беспасярэдняй прычынай сталі паразы паўстаньня і войнаў супраць Расеі і Прусіі.
У выніку падзелу Расейская імпэрыя атрымала найбольшыя тэрыторыі — 120 тыс. км², а менавіта: Валынскае, Наваградзкае, Віленскае, часткі Берасьцейскага, Гарадзенскага, Троцкага ваяводзтваў і Жамойці зь местамі Берасьцем, Наваградкам, Горадняй, Вільняй, Коўнам. Па ўсіх трох падзелах яна атрымала каля 60% ад усёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай[2].
Прусія атрымала большую частку Мазавецкага ваяводзтва (разам зь местам Варшавай), часткі Падляскага, Гарадзенскага, Троцкага ваяводзтваў і Жамойці, агулам 48 тыс. км².
Аўстрыйская імпэрыя атрымала Кракаўскае, Сандамірскае, Люблінскае, часткі Мазавецкага, Берасьцейскага і Падляшскага ваяводзтваў, агулам 47 тыс. км².