Каардынаты: 53°49′20″ пн. ш. 17°54′51″ у. д. / 53.82222° пн. ш. 17.91417° у. д.
Тухольскія бары (па-польску: Bory Tucholskie) — буйны сасновы масіў у раёне гораду Тухоля на поўначы Польшчы, у міжрэччы Брды і Уды. Тут знаходзіцца Нацыянальны парк «Тухольскія бары», уключаны ў 2010 годзе ў праграму ЮНЭСКО «Чалавек і біясфэра»[1].
Рэгіён сфармаваўся на працягу апошняга ледавіковага пэрыяду. Пераважна складаецца зь невысокіх узгоркаў і больш як 900 паледавіковых азёраў. Галоўнымі рэкамі бароў зьяўляюцца Брда й Вда. Плошча лесу складае каля 3200 км², што робіць яго адным з найбуйнешых лясных масіваў у Польшчы і Цэнтральнай Эўропе. У 1996 годзе на частцы тэрыторыі плошчай 46,3 км² быў створаны Нацыянальны парк «Тухольскія бары». Прыкладна 30% тэрыторыі заселена народнасьцю Кацевяцы (Kociewiacy). Найбуйнейшыя гарады на тэрыторыі Тухоля і Чэрск.
У часы Нямецкай імпэрыі на тэрыторыі лесу знаходзілася ваенная база для мэдыцынскіх дасьледаваньняў.
У 1939 годзе, падчас уварваньня ў Польшчу ў пачатку Другой сусьветнай вайны, у лясах разгарнулася бітва ў Тухольскіх барох.
Неўзабаве нямецкія войскі акупавалі тэрыторыю былой дасьледчай базы, і далі ёй назву Truppenübungsplatz Westpreußen, або Heidekraut[2].
Са жніўня 1944 году па студзень 1945 году войскі СС пад камандаваньнем Ганса Камлера і Вальтэра Дорнбэргера праводзілі тэсты ракеты ФАУ-2. Іх група была эвакуіравана ў студзені 1945 году да таго, як войскі Чырвонай Арміі вызвалілі гэту тэрыторыю.
Пасьля Другой сусьветнай вайны лес служыў прытулкам для многіх антыкамуністычных партызан.
У чэрвені 2010 году Тухольскія бары былі вылучаны ў адмысловую тэрыторыю ў рамках праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфэра». У ключавую зону ўвайшоў Нацыянальны парк «Тухольскія бары», а таксама 25 прыродных запаведнікаў, разьмешчаных у буфэрнай зоне. У буфэрную зону ўвайшлі рэгіянальныя ляндшафтныя паркі Тухольскі, Удэцкі, Удыдзкі і Заборскі. Таксама вылучана пераходная зона, якая ўключае горад Тухоля з навакольлямі. Ключавая зона пакрывае 78.8 км², а ўсе тры зоны разам 3,195 км²[3].