Украіна |
Эўрапейскі Зьвяз |
---|---|
Дыпляматычныя місіі | |
Прадстаўніцтва Ўкраіны пры Эўразьвязе |
Прадстаўніцтва Эўразьвязу ва Ўкраіне |
Амбасадары | |
Усевалад Чанцоў | Мацьці Маасікас |
Украіна — удзельнік праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» (з 2009 году). У 2014 годзе Ўкраіна й Эўразьвяз падпісалі Пагадненьне аб асацыяцыі, якое замяніла ранейшае Пагадненьне аб партнэрстве й супрацы паміж Эўрапейскімі супольнасьцямі й Украінай. З 23 чэрвеня 2022 году Ўкраіна зьяўляецца кандыдатам на сяброўства ў ЭЗ.[1] 14 сьнежня 2023 году Рада Эўразьвяза вырашыла пачаць перамовы аб далучэньні Ўкраіны да Эўразьвяза.[2]
Пагадненьне аб асацыяцыі было ініцыяванае ў 2012 годзе, але ўкраінскі ўрад спыніў падрыхтоўку да яго падпісаньня 21 лістапада 2013 году падчас прэзыдэнцтва прарасейскага палітыка Віктара Януковіча. У якасьці тагачаснага кіраўніка дзяржавы браў удзел у саміце ЭЗ у Вільні 28-29 лістапада 2013 г., дзе плянавалася падпісаньне Пагадненьня аб асацыяцыі, але не было. Рашэньне аб адмове ад падпісаньня пагадненьня стала прычынай пачатку Эўрамайдана й у выніку прывяло да зрынаньня Януковіча й урада Мікалая Азарава пасьля Рэвалюцыі годнасьці ў лютым 2014 году. 21 лютага 2019 году ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю Ўкраіны, нормы аб стратэгічным курсе Ўкраіны на сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе й НАТА замацаваны ў прэамбуле Асноўнага закону, трох артыкулах і пераходных палажэньнях[a][3]. З таго часу Ўкраіна імкнецца да поўнай інтэграцыі й далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу, што замацавана ў Канстытуцыі Ўкраіны ад 21 лютага 2019 году[4].
Палітычную частку Пагадненьня аб асацыяцыі падпісаў 21 сакавіка 2014 году прэм’ер-міністар Арсень Яцанюк. Эканамічную частку Пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўрапейскім Зьвязам 27 чэрвеня 2014 году падпісаў пяты прэзыдэнт Пётар Парашэнка.
1 студзеня 2016 году Ўкраіна далучылася да ПВЗСТ з ЭЗ. Украінскім грамадзянам з 11 чэрвеня 2017 году надаецца бязьвізавы рэжым для ўезду ў краіны Шэнгенскай зоны на тэрмін да 90 дзён на працягу ўсякага 180-дзённага пэрыяду. Пагадненьне аб асацыяцыі афіцыйна набыло моц 1 верасьня 2017 году.[5] 12 кастрычніка 2021 году Ўкраіна заключыла авіяцыйны бязьвіз зь ЭЗ.[6] 16 сакавіка 2022 году Ўкраіна далучылася да сынхроннай сеткі кантынэнтальнай Эўропы, а менавіта ENTSO-E.[7]
Праз поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, 28 лютага 2022 году Ўкраіна падала заяўку на ўступленьне ў ЭЗ паводле прысьпешанай працэдуры[8], а падтрымка ўступленьня ў ЭЗ павялічылася да рэкордных 91%.[9] У першыя дні шырокамаштабнай расейска-ўкраінскай вайны адбыўся рост з 68% да 86%, далей рост доўжыўся й станам на канец сакавіка складае 91% — абсалютны рэкорд за ўсе гады дасьледаваньняў.[10]
4 чэрвеня 2022 году Эўразьвяз скасаваў на год усе мыты на ўвоз тавараў з Украіны, каб падтрымаць украінскіх вытворцаў падчас расейскага вайсковага ўварваньня[11]. 23 чэрвеня 2022 году Эўрапэйскі савет надаў Украіне статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз.[12]