Уніён | ||||||
Поўная назва | 1. FC Union Berlin e. V. | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 1906 | |||||
Горад | Бэрлін, Нямеччына | |||||
Стадыён |
Ан дэр Альтэн Фёрштэрай Умяшчальнасьць: 18 432 | |||||
Прэзыдэнт | Дырк Цынглер[d] | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Бундэсьліга | |||||
· 2023—2024 | 15 месца | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы fc-union-berlin.de (ням.) (анг.) |
«Уніён» (па-нямецку: Union) — нямецкі футбольны клюб з гораду Бэрліна. Заснаваны ў 1906 годзе пад назвай «Алімпія». Фіналіст Кубка Нямеччыны (2001).
За часам халоднае вайны «Ўніён» месьціўся ва Ўсходнім Бэрліне таму браў удзел у розыгрышах чэмпіянату НДР. Пасьля ўзьяднаньня Нямеччыны далучыўся да агульнанямецкай клюбнай структуры ў 1990 годзе[2]. З 2009 па 2019 гады клюб быў сталым удзельнікам Бундэсьлігі 2, якая ёсьць другім дывізіёнам клюбнага футболу краіны. У 2019 годзе «Ўніён» прасунуўся ў Бундэсьлігу ўпершыню ў сваёй гісторыі. У 2022 годзе клюб браў удзел у кваліфікацыйных раўндах Лігі Эўропы.
Па стане на 2022 год, «Уніён» налічвае 45 тысяч афіцыйных сябраў клюбу[3]. Вядомы сваёй заўзятарскай супольнасьцю[4]. У часы падзелу Нямеччыны галоўнае супрацьстаяньне клюб меў з бэрлінскім «Дынама», якое асацыявалася з службай бясьпекі Штазі. Не зважаючы на тое, што іншым буйным клюбам Бэрліну на сёньня ёсьць «Гэрта», асаблівага супрацьстаяньня паміж камандамі бракуе.
Клюб быў закладзены ў 1906 годзе пад назвай «Алімпія» і базаваўся ў бэрлінскім раёне Обэршэнэвайдэ, які на той час быў яшчэ прадмесьцем. У 1910 годзе назва была зьмененая на «Ўніён 06». У тыя часы каманда была адной зь вядучых у Бэрліне, рэгулярна перамагаючы ў мясцовых чэмпіянатах і спаборнічаючы на нацыянальным узроўні. Гэтак «Уніён» прасунуўся ажно да фіналу чэмпіянату Нямеччыны 1923 году, дзе яны саступілі «Гамбургу» зь лікам 0:3.
Ад пачатку клюб асацыяваўся з працоўнай клясай, у той час большасьць бэрлінскіх клюбаў мелі паходжаньне зь сярэдняе клясы, як то «Вікторыя», «Бляў-Вайс», БСФ-92 і «Тэніс Барусія». Як мяркуецца, у тыя часы зьявіўся клюбны вокліч — «Жалезны зьвяз!» (ням. Eisern Union!), які дасюль шырока ўжываецца заўзятарамі клюбу[5].
|
|