Франчэска Ляпарэльлі | |
Дата нараджэньня | 5 красавіка 1521 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 20 кастрычніка 1570 (49 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Занятак | архітэктар, вайсковы інжынэр, інжынэр |
Франчэска Ляпарэльлі ці Франчэска Ляпарэльлі да Картона (па-італьянску: Francesco Laparelli, 5 красавіка 1521, Картона — 20 кастрычніка 1570, Кандыя, востраў Крыт) — італьянскі архітэктар і адзін з найбольш значных[1] вайсковых інжынэраў 16 стагодзьдзя, вучань Мікелянджэлё Буанароці.
Ляпарэльлі нарадзіўся ў Картоне 5 красавіка 1521 году ў адной з самых заможных і знакамітых сем’яў у гэтым горадзе. У юнацтве ён навучыўся карыстацца зброяй, вывучаў матэматыку Эўкліда і архітэктуру Вітрувіюсу, а таксама ўдасканаліў свой малюнак. У 1550-х гадах ён сустрэў свайго пазьнейшага мэцэната Габрыё Сэрбэлёні, генэрала і вайсковага інжынэра, пад моцным уплывам якога заставаўся.
У 1560 годзе Франчэска Ляпарэльлі быў выкліканы ў Рым папам Піюсам IV, дзе яму было дадзена даручэньне аднавіць умацаваньні Чывітавек’я. У тым жа годзе ён спраектаваў умацаваньні, якія абаранялі новае вусьце Тыбру, а ў 1561 годзе кіраваў працамі па абарончай сыстэме Ватыканскага ўзгорка. У 1565 годзе ён завяршыў вялікі пяцікутнік Замку Сьвятога Анёла з бастыёнамі. Спрыяючы ўмацаваньню сыстэмы абароны Ватыкану, ён супрацоўнічаў зь Мікелянджэлё Буанароці ў працы над вялікім купалам Базылікі Сьвятога Пятра.
Чатырохмесячная Вялікая аблога Мальты скончылася ў верасьні 1565 году, але востраў быў у руінах. Вялікі магістар Жан дэ ля Валет быў поўны рашучасьці аднавіць яе, выбраўшы месцам для новай крэпасьці ўзвышша на паўвостраве Скіберас. Для ажыцьцяўленьня будаўніцтва быў прыцягнуты Франчэска Ляпарэльлі. Яго накіраваў на Мальту папа Піюс V, які даў грошы на аднаўленьне вострава[2].
Ляпарэльлі прыбыў на востраў у сьнежні 1565 году, ордэн атрымаў ягоную першую справаздачу ўжо 3 студзеня 1566 году. Ён сказаў, што ўмацаваньні Біргу, Сэнглі і сьв. Эльма пацярпелі так, што для асноўнага рамонту патрабуецца чатыры тысячы працоўных, якія павінны працаваць 24 гадзіны ў содні. Замест гэтага ён прапанаваў больш хуткае і таннае разьвязаньне праблемы — будаўніцтва новых умацаваньняў на паўвостраве Скіберас. У справаздачы ад 13 студзеня таго ж году Ляпарэльлі прывёў больш моцны аргумэнт для будаўніцтва новага гораду, напісаўшы, што для ўтрыманьня востраву безь яго спатрэбіцца 12 000 пешых і 200 конных рыцараў. І толькі 5000 пяхоты будуць абараняць востраў, калі будзе пабудавана новая крэпасьць. Рыцары Ордэна накіравалі лісты ў эўрапейскія каралеўскія двары, у якіх пагражалі пакінуць востраў, калі не атрымаюць фінансавай і вайсковай дапамогі. 14 сакавіка 1566 году, атрымаўшы гарантыі Гішпаніі і іншых двароў, будаўніцтва пачалося[3].
Ляпарэльлі распрацаваў плян гораду ў выглядзе сеткі, каб летам марскі брыз лёгка праветрываў яго. Ён таксама распрацаваў дрэнажную сыстэму. Ён вырашыў, што горад будзе абкружаны абарончымі мурамі, а форт Сэнт-Эльма ў канцы паўвострава павінен быць адбудаваны. Першы камень у падмурак новага гораду Валета быў закладзены ў сакавіку 1566 году. Філіп II накіраваў Джаваньні Джакама Палеары Фратына праверыць праект умацаваньняў. Джакама Базіё запісаў дыскусію паміж Фратына і Ляпарэльлі, якая адбылася ў пачатку красавіка 1566 году. Канчатковы праект, апублікаваны 18 чэрвеня 1566 году, прадугледжваў будаўніцтва ўмацаванага гораду, які ахопліваў бы паўвостраў да форту Сьв. Эльма, чые чатыры бастыёны і два cavaliery ахоўваюць сушу. У 1567 годзе плян быў перагледжаны, дадалося паглыбленьне сухога рову з боку сушы і будаўніцтва цыстэрнаў, складоў, магазынаў і іншых неабходных пабудоваў.
Ляпарэльлі пакінуў Мальту ў 1569 годзе, з-за марской вайны паміж папствам і туркам. У той час будаўніцтва асноўных карпусоў яшчэ не пачалося. Перш чым Ляпарэльлі вырашыў вярнуцца на Мальту, ён нечакана памёр ад чумы на Крыце ў 1570 годзе. Яму было 49 гадоў. Будаўніцтва Валета працягнуў ягоны памочнік мальтыец Джыраляма Касар.