Кро́ніка, кро́ніка[1][2] (па-грэцку: Χρόνος — час) — гістарычнае апісаньне падзеяў у храналягічным парадку.
Кроніка, як гістарычны твор, зьявілася ў позьняй Рымскай імпэрыі й разьвілася ў Бізантыі й Заходняй Эўропе. Гістарычная канцэпцыя гэтакіх твораў была зьвязаная з царкоўным сьветапоглядам і рабіла бізантыйскія палітычныя мроі пра адзінае сусьветнае гаспадарства (дзяржаву) часткай іхняй царкоўнай навукі. Часьцей за ўсё, кронікі пачынаюць сваё апавяданьне з заснаваньня сусьвету. Пераклады хранографаў у асноўным рабіліся ў Баўгарыі. Пераклады не заўсёды адпавядалі арыгіналу, нярэдка скарачаліся тэксты.
На землях Русі ў XI—XII стагодзьдзях атрымалі распаўсюд кронікі і перакладады хронікаў з замежжа, найбольш вядомыя зь іх: «Кроніка Рыгора Амартола», «Кроніка Рыгора Сінкелы», «Кроніка Яна Малалы». Частка хронікаў захавалася часткова ў кампіляцыйных помніках, так, напрыклад, «Летапісец Ялінскі і Рымскі» зьяўляецца кампіляцыяй «Кронікі Рыгора Амартолы», «Кронікі Яна Малалы» і арыгінальных твораў гістарычных і жыцейскага характару.
З канца XII ст. Лівонскія кронікі зьяўляюцца найкаштоўнейшай гістарычнай крыніцай па гісторыі Ўсходняе Балтыі з часоў крыжацкай экспансіі да пачатку XVIII ст. Самыя вядомыя: «Кроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага (1-я палова XIII ст.), «Рыфмаваная кроніка» (канец XIII ст.), «Новая рыфмаваная кроніка» Б. Гёнеке (сярэдзіна XIV ст.).
У сучаснай гістарычнай літаратуры назва «кронікі» нярэдка ўжываецца ў больш шырокім сэнсе — прыкладна да ўсіх бяз выключэньня твораў сярэднявечнай гістарыяграфіі, у тым ліку гаспадарстваў Усходу.
У Кіеўскай Русі і ў шэрагу іншых дзяржаваў (Бізантыя, Баўгарыя, Сэрбія й інш.) гістарычныя творы, падобныя да «кронікаў», насілі назву летапіс (пра княгіню Вользе, пра варагаў-мучанікаў і інш.) і хранографоў.