Шклоў лац. Škłoŭ | |||||
Меская ратуша | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1520[1] | ||||
Магдэбурскае права: | 10 красавіка 1762 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Магілёўская | ||||
Раён: | Шклоўскі | ||||
Плошча: | 10,7 км² | ||||
Вышыня: | 158 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 16 300 чал.[2] | ||||
шчыльнасьць: | 1523,36 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2239 | ||||
Паштовы індэкс: | 213010 | ||||
СААТА: | 7258501000 | ||||
Нумарны знак: | 6 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°12′30″ пн. ш. 30°17′13″ у. д. / 54.20833° пн. ш. 30.28694° у. д.Каардынаты: 54°12′30″ пн. ш. 30°17′13″ у. д. / 54.20833° пн. ш. 30.28694° у. д. | ||||
± Шклоў | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Шклоў — места ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Адміністрацыйны цэнтар Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 16 300 чалавек[2]. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Магілёва. Чыгуначная станцыя на лініі Ворша — Магілёў.
Шклоў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3]. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся комплекс дамініканскага кляштару (барока, XVII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі і царква Ўваскрасеньня Хрыстова (магілёўскае барока, XVII ст.), зьнішчаная савецкімі ўладамі.
Тапонім Шклоў, пэўна, утварыўся ад слова шкло[4].
Варыянт напісаньня назвы места лацінай на мапе 1595 году — Sklou[5].
Першы пісьмовы ўпамін пра Шклоў зьмяшчаецца ў «Запісках» З. Гербэрштэйна і датуецца 1520 годам[1]. Даўняе паселішча знаходзілася на месцы сучасных вёсак Стары Шклоў і Хоцімка. У XVI—XVІI стагодзьдзях у Шклове існаваў магутны замак і мескія ўмацаваньні. З другой паловы XVI стагодзьдзя места стала сталіцай графства. У 1619 годзе ваявода троцкі Аляксандар Хадкевіч фундаваў у Шклове кляштар дамініканаў. На 1643 год у месьце налічвалася 850 дамоў, на 1650 год — 1220[1].
Упершыню маскоўскія войскі спалілі Шклоў у 1535 годзе[1]. У Інфлянцкую вайну захопнікі тройчы (у 1562, 1564 і 1581 гадох) палілі места[1]. У выніку ваенных спусташэньняў у канцы XVI стагодзьдзя адбыўся перанос Шклова на цяперашняе месца (паводле гісторыка М. Ткачова ў 1580 годзе або, паводле іншых зьвестак, па 1668 годзе).
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Шклова і ваколіцаў ліцьвінамі: «…Федорка в роспросе сказала: <…>, что он [ее муж] родом литвин[a] и в Литве в Шклове племени у него много» (1629 год)[8], «…в роспросе один человек сказал: Гришкою зовут, Степанов сын, прозвище Новиков, родом он де литвин, Шкловского повету» (1684 год)[9].
У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе жыхары Шклова вытрымалі маскоўскую аблогу, але пазьней здалі места; улетку 1655 году ў Шклове разьмясьцілася часовая стаўка маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча. Толькі ў 1660 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места, аднак неўзабаве ягоныя жыхары вытрымалі яшчэ адну маскоўскую аблогу. На 1661 год у Шклове засталося толькі 490 будынкаў[1]. У 1666 годзе маскоўскія войскі зноў захапілі Шклоў (акупацыя працягвалася да 1667 году), мясцовую шляхту за «здраду» прымусова вывезьлі ў Казань[1].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе расейскія войскі зруйнавалі Шклоў за дапамогу швэдам. У 1731 годзе места перайшло ў валоданьне Чартарыйскіх. На 1739 год тут дзеялі 2 царквы. 10 красавіка 1762 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Шклову Магдэбурскае права, пячатку і герб: «у блакітным полі рука, якая трымае срэбны бязьмен»[10]. У 1769 годзе па тым, як вялікі пажар зьнішчыў амаль 300 дамоў Старога Места, пачалося ўзьвядзеньне Новага Места (сучасная тэрыторыя Шклова).
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Шклоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1773 годзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай правінцыі, пазьней губэрні. Аднак у 1777 годзе расейскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка, якое стала цэнтрам воласьці Магілёўскага павету. У 1778 годзе колішняе магдэбурскае места перадалі ў валоданьне расейскаму вайскоўцу С. Зорычу, які заснаваў тут музычныя школы. У канцы XVIII стагодзьдзя ў Шклове працавалі шаўковая мануфактура (38 работнікаў у 1797 годзе) і гадзіньнікавая фабрыка, а таксама канатнае (у 1790—1799 гадох), парусінавае (у 1794—1845 гадох), гарбарнае (53 работнікі ў 1796 годзе) і суконнае (108 работнікаў у 1797 годзе) прадпрыемствы. У трупе прыгоннага тэатру (існаваў у 1788—1800 гадох) былі сьпевакі, танцоры, драматычныя акторы і музыкі-інструмэнталісты. На пачатак ХІХ стагодзьдзя Шклоў быў важным гандлёвым цэнтрам, прыстаньню на Дняпры. У 1827 годзе тут штогод праводзіліся 2 кірмашы. З другой паловы 1820-х гадоў мястэчка пачынае губляць сваё ранейшае эканамічнае значэньне.
На 1848 год у Шклове было 1158 двароў, мураваныя 2-павярховы жылы дом, мужчынскі манастыр і будынак былога дамініканскага кляштару, драўляныя царква і касьцёл, на 1861 год — 1515 дамоў, штогод праводзіліся 3 кірмашы. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню. У 1870-я гады працавалі крупадзёрка, цагельны завод, завод вытворчасьці шроту, 5 ткацкіх прадпрыемстваў. На пачатак 1880-х гадоў у Шклове было 872 дамы, у тым ліку 11 мураваных, 203 крамы (154 мураваныя), 7 ткацкіх, 2 цагельныя, вінакурнае і воўнаткацкае прадпрыемствы, кафельны завод, аптэка. Насельніцтва займалася кавальскім, кравецкім і шавецкім промысламі. У 1898 годзе А. Крывашэін заснаваў кардонавую фабрыку. У пачатку ХХ стагодзьдзя празь места прайшла чыгунка Ворша — Магілёў, каля яе ў 1906 годзе пачаў працаваць лесапільны завод «Дняпро».
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Шклоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі[11].
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шклоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР[12]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Шклоў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У 1925 годзе паселішча зноў атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну зь сярэдзіны ліпеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
26 ліпеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Шклова[13]. 27 сакавіка 2024 году «Белкамунмаш» даставіў у Шклоўскую філію «Магілёўаблаўтатрансу» 15 электробусаў «Альгерд Е321», якімі замянілі ўвесь пасажырскі грамадзкі транспарт на дызэльным ходзе ў горадзе. У выніку Шклоў стаў першым горадам у Беларусі, які цалкам перавёў грамадзкі транспарт на электрацягу[14].
У Шклове працуюць 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, спэцшкола, цэнтар разьвіцьця і рэабілітацыі, сацыяльны прытулак.
Дзеюць дом культуры, бібліятэка.
У месьце выдаецца газэта «Ўдарны фронт».
Сучасная меская тэрыторыя выцягнулася ўздоўж Дняпра. Забудова галоўным чынам сядзібнага тыпу. У цэнтры і жылых масівах узводзяцца 2—5-павярховыя будынкі. Захаваўся фрагмэнт пабудоваў XVIII ст. Ёсьць паркавая зона.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Дзікуна вуліца | Сялянская вуліца |
Ленінская вуліца | Прабойная вуліца |
Луначарскага вуліца | Касьцельная вуліца[24] |
Пралетарская вуліца | Маставая вуліца |
Савецкая вуліца | Мяшчанская вуліца[25] |
Прадпрыемствы харчовай, папяровай, камбікормавай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Шклова |
---|
|
Шклоў уваходзіць у турыстычныя маршруты «Гістарычна-культурная спадчына Магілёўскага краю» і «Айчыны славутыя імёны»[26]. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Крынічка».
У Шклове знаходзіцца геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня Ніжнінскі роў. На паўднёвай ускраіне места (в. Рыжкавічы) захаваўся археалягічны комплекс ХІV—XVIIІ стагодзьдзяў, які складаецца з замчышча, рэштак касьцёла і кляштару дамініканаў і руінаў царквы Ўваскрасеньня Хрыстова[27].
|