Якуб Ясінскі лац. Jakub Jasinski Якуб Кшыштаф Ігнацы Ясінскі | |
24 ліпеня 1761[1] — 4 лістапада 1794 (33 гады) | |
Якуб Ясінскі | |
Месца нараджэньня | |
---|---|
Месца сьмерці |
|
Прыналежнасьць | Рэч Паспалітая |
Гады службы | 1783—1794 |
Званьне | падбрыгадзір (1783) падпалкоўнік (1789) палкоўнік (1792) генэрал-лейтэнант (1794) |
Бітвы/войны | Вайна Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году Паўстаньне Т. Касьцюшкі (1794) |
Яку́б Ясі́нскі (польск. Jakub Jasiński; 24 ліпеня 1759, Вэнглеў Познанскага ваяводзтва — 4 лістапада 1794, прадмесьце Прага, Варшава) — вайсковы і палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай, генэрал, інжынэр і паэт; кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 року ў Вялікім Княстве Літоўскім. Лідэр радыкальнага «якабінскага» крыла паўстанцаў[2], прыхільнік ідэяў Францускай рэвалюцыі.
У час паўстаньня быў кашталянам Вільні, генэральным камадуючым узброенымі сіламі Вялікага Княства Літоўскага. Кіраваў арганізацыяй новай арміі, набіраючы ў яе шляхту, мяшчанаў і сялянаў. Адкліканы з ВКЛ праз абвінавачваньні ў «ліцьвінскім» сэпаратызьме. Кіраваў арганізацыяй новай арміі, набіраючы шляхту, мяшчан і сялян у войска. Пісаў вершаваныя пракламацыі да сялян на беларускай мове. Загінуў пры абароне Варшавы.
Нарадзіўся 24 ліпеня 1759 року[a][3] ў Вэнглеве каля Пыздраў[b][4] (Вялікапольшча) у сям’і Паўла Ясінскага, былога паручніка харугвы ваяводы смаленскага Пятра Паўла Сапегі, і Францішкі Касьцельскай. Дзяцінства правёў у Пыздрах, па спаленьні якіх расейскімі войскамі ў 1768 року разам зь сям’ёй пераехаў у Велень, уладаньне Сапегаў у Вялікапольшчы.
З 12 рокаў навучаўся ў Варшаўскім кадэцкім корпусе (Рыцарскай школе), заснаваным каралём Станіславам Панятоўскім. Меў схільнасьць да грамадзкіх навук, захапляўся ідэямі Асьветнікаў[5], асабліва на яго паўплывала філязофія Жан Жака Русо[4].
Скончыў навучаньне ў 1783 року і атрымаў пасаду падбрыгадзіра, па двух роках службы вярнуўся ў Кадэцкі Корпус у якасьці выкладніка інжынэрнай справы[5].
У 1789 року з пратэкцыі генэрала артылерыі ВКЛ князя Казімера Нестара Сапегі атрымаў прызначэньне на старэйшага афіцэра інжынэрнага корпусу войскаў ВКЛ у званьні падпалкоўніка. Узначаленая Я. Ясінскім інжынэрная служба войска складалася з 42 афіцэраў і жаўнераў, у тым ліку з 20 мінёраў і ўваходзіла ў склад створанага ў 1780 року ў Вільні корпусу артылерыі і вайсковай інжынэрыі[3].
13 студзеня 1792 року атрымаў званьне палкоўніка інжынэрыі і быў накіраваны рэвізорам на будаваньне «Каралеўскага» канала, які злучаў Піну і Мухавец (паміж местамі Пінскам і Кобрынем)[4].
Па падпісаньні лібэральнай партыяй 3 траўня Канстытуцыі сытуацыя ў краіне рэзка абвастрылася. Частка шляхты палічыла, што Канстытуцыя абмяжоўвае яе станавыя правы. Прыхільнікі скасаваньня Канстытуцыі пастанавілі стварыць канфэдэрацыю і выступіць супольна з расейскімі войскамі супраць Сойму. Аднак Кацярына II, ваюючы з Турэччынай, надумала не пачынаць вайны.
Па замірэньні паміж Расеяй і Турэччынай прадстаўнікі незадаволенай шляхты Патоцкі і Ржавуцкі прыбылі ў Пецярбург і склалі з расейскай імпэратаркай таемную дамову аб супольных вайсковых дзеяньнях. 18 траўня 1792 року ў Рэч Паспалітую ўступілі чатыры калёны на чале з генэрал-аншэфам М. Кахоўскім з боку Бэсарабіі і 32-тысячнае войска пад камандай генэрал-маёра М. Крачэтнікава з усходу. Таго ж дня ў мястэчку Таргавіцы незадаволеная шляхта сфармавала канфэдэрацыю. Пачалася вайна[4].
У час вайны камандаваў інжынэрным корпусам, які мог выставіць максымум тысячу ваяроў[4]. 10 чэрвеня 1792 року ўдзельнічаў у бітве пад Мірам, дзе вызначыўся гераізмам. Аднак рэспубліканскае войска пацярпела паразу, неўзабаве І. Фэрзэн без адзінага стрэлу ўзяў Нясьвіж, над фартыфікацыяй якога безвынікова працаваў Я. Ясінскі.
Войска Рэчы Паспалітай засяродзілася ў Берасьці, дзе 23 жніўня адбылася найбуйнейшая бітва. Я. Ясінскі распрацаваў плян абароны места, дзякуючы якому абаронцы Рэспублікі выйгралі бітву. Палкоўнік быў узнагароджаны залатым крыжом «Virtuti Militari». Тым часам, зыход кампаніі быў ужо прадвызначаны: пад ціскам Кацярыны II кароль надумаў перайсьці на бок канфэдэратаў і 22 ліпеня аддаў загад аб складаньні зброі. Я. Ясінскаму давялося падпарадкавацца[4].
Па ганебным для Рэчы Паспалітай Гарадзенскага сойму 1793 року значная частка шляхты, у тым ліку і шматлікія вышэйшыя вайсковыя чыны, выехалі за мяжу. Я. Ясінскі застаўся ў Вільні, спрабуючы рэарганізаваць інжынэрны корпус. Вядома, што ён прытрымліваўся радыкальных («якабінскіх») поглядаў. Выступаў за скасаваньне прыгоннага права і аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1792 року[3]. Аднойчы ён нават выказаў думку, што краіну нельга выратаваць без таго, каб не выразаць усёй шляхты[4].
З восені прыступіў да кансьпіратарскай дзейнасьці, накіраванай супраць акупантаў. Падпольны штаб Я. Ясінскага знаходзіўся ў картачным салёне яго ад'ютанта Хадкевіча[4]. Варта зазначыць, што гульня ў карты сур’ёзна дапамагала ў папаўненьні касы. Часам Я. Ясінскі займаўся паэзіяй, зрэшты, сам ён даволі скептычна ацэньваў свае таленты.
У пачатку 1794 року пра падпольную дзейнасьць Я. Ясінскага даведаліся прарасейскія ўлады. Ён мусіў пакінуць Вільню і зьехаць у Вількамірскі павет, дзе ўжо чакалі верныя войскі.
У ноч з 22 на 23 красавіка 1794 року Я. Ясінскі ўзначаліў паўстаньне ў Вільні. Паўстанцы хутка абяззброілі расейскі гарнізон, узяўшы ў палон 1012 чалавек. 23 красавіка на Рынку быў абвешчаны «Акт паўстаньня Літоўскага народу»[6]. 25 красавіка за здраду Радзіме з ініцыятывы Я. Ясінскага пакаралі кіраўніка мясцовай адміністрацыі гетмана С. М. Касакоўскага.
3 траўня Найвышэйшая Літоўская Рада абвясьціла Я. Ясінскага галоўнакамандуючым Літоўскім паўстанцкім войскам[5]. Тым часам, ягоны радыкалізм моцна палохаў шляхту, а польскае кіраўніцтва паўстаньня лічыла Ясінскага «ліцьвінскім» сэпаратыстам[7].
У якасьці галоўнакамандуючага літоўскімі паўстанцамі кіраваў арганізацыяй новага войска, з мэтай пашырэньня сацыяльнай базы паўстаньня пісаў рыфмаваныя праклямацыі да сялянаў на беларускай мове[3][8].
7 траўня 1794 року адбылася бітва пад Палянамі. Канфэдэраты былі змушаны адступіць у Вільню.
11 траўня 1794 року Т. Касьцюшка прызначыў Я. Ясінскага генэрал-лейтэнантам[3]. Аднак ужо 4 чэрвеня пад націскам кансэрватыўных сілаў Я. Ясінскага адхілілі ад камандваньня войскам ВКЛ як радыкала, перадаўшы паўнамоцтвы генэралу Міхалу Вяльгорскаму[5]. 10 чэрвеня указам Т. Касьцюшкі Найвышэйшую Літоўскую Раду распусьцілі і замянілі на значна больш памяркоўную паводле свайго складу Цэнтральную дэпутацыю Вялікага Княства Літоўскага[3].
Тым часам сутычкі паміж паўстанцамі і расейскімі войскамі не спыняліся. На тэрыторыі ВКЛ, апроч Я. Ясінскага, дзейнічалі генэралы П. Я. Грабоўскі і А. Хлявінскі. Першая бітва дывізіі Я. Ясінскага пад Няменчынам скончылася паразай. 7 траўня адбылася другая бітва — пад Палянамі, у якой паўстанцы перамаглі расейскіх акупантаў і такім чынам прадухілі пагрозу заняцьця Вільні. У другой палове траўня дывізія Я. Ясінскага ўдзельнічала ў бітве пад Ліпнішкамі, дапамагала партызанскім руху ў Менскай губэрні. Большую частку дывізіі складалі сяляне[3].
Якуб Ясінскі лічыў неабходным умацоўваць абараназдольнасьць Вільні, аднак новы кашталян Вяльгорскі пастанавіў адвесьці войскі ў Лідзкі павет. Нічога ня ведаючы пра гэта, Я. Ясінскі чакаў яго ў лягеры пад Соламі, дзе першапачаткова плянавался злучыць войскі. Страціўшы шмат часу на безвыніковае чаканьне, Я. Ясінскі з 4000 жаўнераў распачаў адчайны напад на карпусы В. Зубава і Л. Бэнігсэна[c][4]. Бітва адбылася 26 чэрвеня пад Соламі і была адной з найбольш крывапралітных на працягу ўсёй кампаніі[4]. Я. Ясінскаму давялося адступіць, хоць і не парушаючы баявога парадку. У час адступу загінуў брат Якуба капітан стралкоў Юзаф[4]. Я. Ясінскі выехаў у Варшаву[3].
Перажыўшы цяжкую дэпрэсію з прычыны ваенных няўдачаў і сьмерці брата, 17 ліпеня Я. Ясінскі прыняў камандаваньне над нарвэнскім фронтам. Для папаўненьня войска ён накіраваўся ў Берасьце, адтуль у Бельск, як раз у гэты час, у другой палове жніўня, ён атрымаў вестку пра падзеньне Вільні[3].
Па прыбыцьці ў Горадню Т. Касьцюшка, больш не асьцерагаючыся сэпаратызму Я. Ясінскага, узнагародзіў яго пярсьцёнкам з надпісам: «Радзіма свайму абаронцу» і перадаў пад яго камандаваньне адну зь літоўскіх дывізіяў. Камандзірам нарвэнскай дывізіі Т. Касьцюшка прызначыў Юрыя Грабоўскага[4].
Тым часам у Расеі вырашылі спыніць кампанію адным імклівым маршам Суворава. Сувораў атрымаў важныя для Расеі перамогі ў бітвах пры Крупчыцах і пад Берасьцем. 10 кастрычніка паўстанцы пацярпелі вырашальную паразу пад Мацяёвіцамі, Т. Касьцюшка трапіў у палон[4].
20 кастрычніка Я. Ясінскі прыбыў у Варшаву і папрасіў новага дыктатара паўстаньня Тамаша Ваўжэцкага прызначыць яго ў прадмесьце Варшавы цьвердзь Прагу, якая мусіла стаць шчытом места. У абаронцаў фартэцыі ўжо не заставалася надзеяў на перамогу[4].
Існуе меркаваньне, што Я. Ясінскі прапанаваў пакараць сьмерцю караля і ўсіх палонных, што, зразумела, зроблена не было[4]. Я. Ясінскаму з корпусам у 4000—5000 жаўнераў даручылі абараняць левае крыло фартэцыі — Таргувэк (паўночны фронт абароны)[5].
3 лістапада распачаўся абстрэл фартэцыі, а наступнай раніцай а 5-й гадзіне пачаўся штурм. Прыкладна праз палову гадзіны расейцы зламалі лінію абароны, у прадмесьці пачалася паніка. Людзі кінуліся да моста — адзінай сувязі з Варшавай. Я. Ясінскі быў сярод тых, хто абараняў адыход людзей да моста. Тут, каля Бродна, ён і загінуў[9]. Як і іншых абаронцаў Прагі, Я. Ясінскага пахавалі на Каменкаўскіх могілках[5].
У раньнія рокі творчасьць Якуба Ясінскага разьвівалася пад уплывам сэнтымэнталізму. Зь сярэдзіны 1780-х рокаў у ягонай творчасьці пачынае пераважаць сацыяльная тэматыка, а творы набылі палітычную афарбоўку[3]. Пра сваю літаратурную дзейнасьць сам Якуб Ясінскі казаў: «Пішу тое, што жадаю, і пра тое, што мяне цікавіць, хвалы не шукаю…»[5].
З-пад пяра Якуба Ясінскага выйшлі іраікамічная паэма «Спрэчкі» (1788—1792), паэма «Цянця» (паэмы Ясінскага часткова апублікалі ў газэце «Tygodnik Wilenski» у 1819 року[3]). Верш Ясінскага «Пра сталасьць: да польскіх выгнаньнікаў» быў асобна выдадзены ў Горадні ў 1793 року. Пісаў паэмы сатырычнага і казачнага характару. Некаторыя рамантычныя песьні Ясінскага ў свой час карысталіся вялікай папулярнасьцю[5].
Часта выказваў радыкальныя погляды ў сваіх паэтычных творах, у зьвязку з чым сучасьнікі бачылі ў ім прадстаўніка «якабінскага» кірунку ў паэзіі. Ягоныя сымпатыі да рэвалюцыйнай Францыі і Амэрыканскай рэвалюцыі знайшлі адлюстраваньне ў паэме «Да Народу» (1794 рок)[5]. Часта Якубу Ясінскаму прыпісваецца ананімны зварот да сялянаў, напісаны на беларускай мове, які набыў назву «Песьня беларускіх жаўнераў»[10]. Гэтую песьню сьпявалі ў аддзелах Ясінскага[8].
Творы Якуба Ясінскага выйшлі з друку ў 1869 року ў Варшаве.
У гонар Якуба Ясінскага свае назвы атрымалі вуліцы ў наступных местах Польшчы, Беларусі і Летувы:
Апроч таго, імя генэрала Я. Ясінскага носяць:
У 1974 року на тэрыторыі Вышэйшай школы афіцэраў вайсковай інжынэрыі ўва Ўроцлаве паставілі помнік Якубу Ясінскаму (скульптар: Канстанты Махарскі). У 1978 року ён жа стварыў копію гэтага помніка для ўроцлаўскага Ліцэя імя генэрала Ясінскага.
Постаці генэрала Ясінскага прысьвечаная няскончаная трагедыя Адама Міцкевіча на францускай мове «Якуб Ясінскі, ці Дзьве Польшчы»[12].