5 канал | |
Краіна | Украіна |
---|---|
Зона вяшчаньня | Украіна |
Дата стварэньня | 1 верасьня 2003 (21 год таму) |
Заснавальнік | «НБМ» і «Экспрэс-інфарм» |
Уладальнік | «НБМ» (Пятро Парашэнка) |
Кіраўніцтва | Іван Адамчук |
Слоган | Першы ўкраінскі інфармацыйны |
www.5.ua |
5 канал — украінскамоўны прыватны тэлеканал Украіны, заснаваны ў 2003 годзе. Дадаткова вяшчае праз спадарожнік «Астра 4А»: арбітальнае разьмяшчэньне — 5° усходняй даўгаты, частасьць — 12283,7 мэгагэрцаў, палярызацыя хваляў — вэртыкальная, хуткасьць патока — 27500 знакаў/сэк., выпраўленьне памылак — 3/4.
На 2015 г. тэлеканал меў 30 перадачаў, у тым ліку 4 штодзённых, 5 будзённых і 19 штотыднёвых.
У верасьні 2003 г. тэлерадыёкампаніі «НБМ» (засн. 1995, Чарнаўцы) і «Экспрэс-інфарм» (засн. 2001, Кіеў) стварылі тэлеканал «5 канал» з удзелам звыш 250 журналістаў. Вяшчаньне пачалося з 3 выпускаў навінаў у дзень і 2 перадачаў «Час» і «5 капеек». Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2004 году быў адзіным тэлеканалам, які надаў этэрны час апазыцыі. На той час ужо знаходзіўся ва ўласнасьці дэпутата Вярхоўнай Рады Пятра Парашэнкі ад блёку «Наша Ўкраіна» (выбарчая акруга № 12 Віньніца II)[1]. Падчас Аранжавай рэвалюцыі перайшоў да кругласутачнага вяшчаньня і ў наўпроставым этэры перадаваў падзеі са штодзённых сходаў грамадзянаў на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве, якія ладзіліся супраць выбарчых махінацыяў з 22 лістапада 2004 г. да 23 студзеня 2005 году. У лютым 2005 г. тэлеканал перайшоў да выключна навіновага вяшчаньня: аналітыка, дакумэнтальныя фільмы, публіцыстыка. У 2007 г. лік штодзённых навінаў вырас з 40 да 60.
На чэрвень 2010 г. «5 канал» вяшчаў на 2/3 тэрыторыі Ўкраіны і вёў вяшчаньне праз спадарожнік[2]. 25 жніўня 2011 г. тэлемаратон у гонар 20-ай гадавіны незалежнасьці «Ўкраінская незалежнасьць» (вядоўцы Павал Кужэеў, Тацяна Даніленка) пабіў сусьветны рэкорд паводле працягласьці безупыннага этэру (52 гадзіны). У кастрычніку тэлемаратон адзначылі ў Кнізе рэкордаў Гінэса. У 2012 г. вядоўца «5 каналу» Сяргей Дарафееў (родам зь Беларусі)[3] атрымаў прэмію «За прафэсійную этыку». Таксама Дарафееў атрымаў статуэтку «Тэлетрыюмф»(uk) у намінацыі «Інтэрвіюэр» за перадачу «Партрэты».
Гэта — накід артыкула пра Ўкраіну. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |