Bristeil | |
Гурт Bristeil у 2014 годзе, зьлева направа: Алег Вяль, Аляксандар «Stepkinz» Сьцяпановіч, Максім Быкаў, Генадзь «Дроп-рэ» Лукашанец | |
Гады | 2013 — цяпер |
---|---|
Краіна | |
Месца ўтварэньня | Менск, Беларусь |
Мова | беларуская |
Жанр | поп-рок[1], інды-рок[2] |
Зьвязаныя праекты | «Jitters», «Hair Peace Salon», «Helaiv» |
Удзельнікі | Алег Вяль Максім Быкаў Генадзь «Дроп-рэ» Лукашанец Аляксандар «Stepkinz» Сьцяпановіч |
bristeil.com |
Bristeil — беларускі поп-рок і інды-рок гурт зь Менску. Беларускамоўны калектыў быў створаны ў 2013 годзе франтмэнам «Hair Peace Salon» Алегам Вялем, які лічыцца адным з найлепшых рок-выканаўцаў краіны[3][4]. Гурт выпусьціў пазітыўна сустрэты «Tuzin.fm» дэбютны самотнік «Cyruĺnia Svietu»[5][6] й перамог у песенным конкурсе Tricky(ru), дарабіў яго незавершаную кампазыцыю[7][8], што разам дазволіла намінавацца па лініі ўзнагародаў «Tuzin.fm» на «Адкрыцьцё году» ў 2014 годзе[9]. У цяперашні час яго вакаліст-гітарыст Алег Вяль засяроджаны на напісаньні песень для свайго сольнага электроннага музычнага праекта пад назваю «Helaiv», створанага ў 2017 годзе[1][10][11][12].
Карані «Bristeil» паходзяць з «Hair Peace Salon», брыт-поп і пауэр-поп гурта зь Менску, аднаго з галоўных беларускіх прадстаўнікоў брытанскага інды-року[13][14][15][16][17]. Утвораны ў 1998 годзе й вядомы пераважна па свайму ангельскамоўнаму рэпэртуару, ён здабыў пэўны посьпех, за сваю гісторыю выдаў паўнафарматны альбом «Gentleman», а таксама з тузін сынглаў і самотнікаў[18], адзначыўшыся прызавым удзелам у шэрагу музычных спаборніцтваў[19].
З моманту рэлізу апошняе кружэлкі «Gentleman» «Hair Peace Salon» быў з большага неактыўны на музычнай сцэне, і ў 2013 годзе яго франтмэн Алег Вяль вырашыў працягнуць ствараць музыку самастойна й надалей. Ён прыпыніў дзейнасьць «Hair Peace Salon» з-за пасіўнасьці гурта, каб пісаць песьні ў новым праекце[20][21]. Атрымаўшы некаторы досьвед гульні дуэтам «VS ½ HPS» вясною 2013 году[22], бубнач «Hair Peace Salon» Аляксандар «Stepkinz» Сьцяпановіч вырашыў працягнуць творчы саюз з Алегам Вялем, і яны абодва заснавалі «Bristeil»[23].
У канцы 2013 году два іншых чальца далучыліся да ансамбля: бас-гітарыст Генадзь «Дроп-рэ» Лукашанец і сола-гітарыст Максім Быкаў, якія завяршылі фармаваньне клясычнага складу рок-гурта[23]. 2 сьнежня 2013 году «Bristeil» выпусціў першы сынгл «Heta Mahčyma» на «SoundСloud(uk)», які стане часткаю яго будучага дэбютнага міні-альбому[21][24]. Гэта быў першы рэліз музыкаў, і з дапамогаю яго «Bristeil» анансаваў новы беларускамоўны максі-сынгл, заплянаваны да выпуску вясною 2014 году[25].
Дэбютны самотнік «Cyruĺnia Svietu» быў выпушчаны ў сьвет 26 траўня 2014 году[5][6]. «Bristeil» напісаў чатыры песьні для гэтага EP, дзьве зь якіх сталі кавэрамі: адна – рок-вэрсіяю хіта Ланы Дэль Рэй[прыбраць шаблён] «Video Games» на беларускай мове, другая – песьняй «Hair Peace Salon» «Out of Time» з альбому «Gentleman», перасьпяванай на роднай мове пад назваю «Pa-za Časam»[26][27]. Рэліз атрымаў хвалебную ацэнку ад Сяргея Будкіна, заснавальніка музычнага парталу «Tuzin.fm»: «Глыбіня ў тэкстах і далікатнасьць у падачы. Кожны з чатырох трэкаў заслугоўвае ўвагі і, безумоўна, шчыльных ратацыяў»[28]. Праца над усімі трэкамі вялася яшчэ калі «Нair Рeace Salon» не сышоў у бестэрміновы творчы адпачынак, адсюль і назва максі-сынгла з адсылкаю да яго ангельскай назвы «па-беларуску: Цырульня сьвету»[5][6].
21 верасьня 2014 году «Bristeil» выпусьціў свой першы відэасынгл на новую песьню «Muzyka Hučyć»[29][30]. Гурт зрабіў кліп на аснове кадраў з сэансу жывога запісу кампазыцыі «Unfinished Song», напісанаю для конкурсу Tricky(ru)[31][32], спаборніцтва, выйгранага яго франтмэнам Алегам Вялем за год да таго[7][8][33]. Паводле ўмоваў конкурсу патрабавалася дарабіць незавершаную песьню Tricky(ru)[34], а пераможца атрымліваў магчымасьць прасьпяваць яе закончаную варыяцыю разам з ім на адной сцэне[35][36].
У той жа час, калі быў выпушчаны кліп, гурт зьмяніў і правапіс сваёй назвы. Арыгінальная назва калектыву «Брыстоль» (па-ангельску: «Bristol») была зьменена на «Bristeil». Лідэр гурта Алег Вяль абвясьціў пра гэта ў заяве для «Tuzin.fm»:
Цяпер назва каманды будзе пісацца як «Bristeil». Мы так вырашылі чыста з практычных меркаваньняў. Так нас лягчэй будзе знайсьці ў нэце, але ад гэтага сэнс назвы не зьмяняецца: мы маем на ўвазе нейкае месца, дзе напэўна добра. Адназначна там музыка й душа.[37] | ||
Музычная дзейнасьць гурта ў 2014 годзе дапамагла артыстам атрымаць намінацыю ў катэгорыі «Адкрыцьцё году» на прэміі «Героі году» «Tuzin.fm»[38][39]. Уручэньне яе ўзнагародаў адбылося 12 сьнежня 2014 году, і «Bristeil» быў абвешчаны ў складзе выканаўцаў на галя-канцэрце[40][41], але ў самы апошні момант перад сваім выступам басіст Генадзь «Дроп-рэ» Лукашанец пашкодзіў палец, якім ён граў. Такім чынам гурт не выступіў на канцэрце пераможцаў, але быў там і сустрэўся са сваімі прыхільнікамі на месцы правядзеньня цырымоніі ўзнагароджаньня[42].
Увосень 2014 году Маша Калесьнікава з Эўрапейскага радыё для Беларусі паведаміла, што гурт працуе над новымі песьнямі[29][30]. У тым жа годзе Ільля Маліноўскі, музычны рэдактар той жа радыёстанцыі, ужо прыадчыняў таямніцу аб рыхтаваным да выпуску сынглу «па-беларуску: Вольны», перазапісанага ў творчым перакладзе на беларускую сьпеву «Gentleman» з альбому «Hair Peace Salon» «Gentleman», але які яшчэ нідзе не выконваўся[43]. Тым ня менш апошні на дадзены момант музычны твор ад гурта быў прадстаўлены 9 верасьня 2015 году ў якасьці кароткага «Vine(uk)» кліпу[44], і, відавочна, асноўны фокус музыкаў быў ссунуты ў бок сваіх новых пабочных праектаў, у прыватнасьці «Helaiv» Алега Вяля[1][10][11][12].
Алег Клімаў як карэспандэнт газэты «Культура» рэфлектаваў наконт заняпаду гурта, які «шчыра шкада згінуў заўчасна», у 2017 годзе, выказваючы думку, што Алег Вяль не дацярпеў да таго моманту, каб яго дзецішча «трывала ўмацавалася на клюбнай канцэртнай сцэне»[45].
На прыкладзе міні-альбому «Cyruĺnia Svietu» Сяргей Будкін, заснавальнік «Tuzin.fm» і аўтар «Будзьма беларусамі!», пісаў, што ў творчасьці гурта захавалася разыначка, якая была ўласьцівая музыцы «Hair Peace Salon», з той толькі розьніцаю, што гучаньне новага калектыву Алега Вяля стала мякчэй. Унутраны драйв, сьветлы сум характарызуюць музыку разважаньняў багатага ўнутранага сьвету яго франтмэна, які «вельмі тонка адчувае рэальнасьць»[28][46]. «Tuzin.fm» каталягаваў гурт як «мілагучны інды-рок»[2].
Вячаслаў Радзівонаў, заснавальнік музычнага парталу «Ultra-music.com(be)», абазначаў гучаньне «Bristeil» як тое, якое нагадвае гурт «Hair Peace Salon» у яго раньнія гады[47]. Некалькі кантраставалі «Experty.by», што ахарактарызавалі музычную трансфармацыю брытанскага інды-рокера Алега Вяля ў сваім новым калектыве «прыкметным ухілам у поп-рок»[1].
Год | Назва |
---|---|
2013 | «Heta Mahčyma»[21][24] |
2014 | «Muzyka Hučyć»[29][30] |
Год | Назва |
---|---|
2014 | «Muzyka Hučyć»[29][30] |
Год | Намінант | Узнагарода | Вынік |
---|---|---|---|
2014 | Bristeil | «Адкрыцьцё году» | намінацыя[9][38][49] |