DOS (па-ангельску: Disk Operating System — дыскавая апэрацыйная сыстэма) — сямейства апэрацыйных сыстэмаў для пэрсанальных кампутараў, арыентаваных на выкарыстаньне дыскавых назапашвальнікаў інфармацыі, такіх як цьвёрды дыск або дыскета[1]. Любая дыскавая АС падтрымлівае адну або некалькі файлавых сыстэмаў для арганізацыі захоўваньня, чытаньня і запісу інфармацыі з назапашвальнікаў. Сучасныя графічныя АС, такія як Windows або Linux, таксама трапляюць пад гэтае паняцьце. У выпадку бяздыскавай загрузкі апэрацыйная сыстэма ўсё адно працуе зь сеткавымі назапашвальнікамі[2].
Першыя кампутары ня мелі дыскавых назапашвальнікаў, і кіраваліся бяздыскавымі АС[3]. Галоўным недахопам пры працы зь імі была неабходнасьць загрузкі карыстальніцкіх праграмаў з стужкі, пэрфакарт, клавіятуры, усталяваньнем перамычак. Са зьяўленьнем дыскавых назапашвальнікаў (магнітнага тыпу) спатрэбілася распрацаваць падпраграмы кіраваньня імі. Дыскавая апэрацыйная сыстэма ўяўляе сабою аб’яднаньне АС і дыскавага інтэрфэйсу[4].
Акрамя доступу да дыскаў, ДАС прадстаўляе карыстальніку і звычайныя сыстэмныя функцыі, такія як увод і вывад на кансоль/клявіятуру, парты, апэрацыі з памяцьцю, працэсамі. Існавалі апэрацыйныя сыстэмы з такой назвай для вялікіх ЭВМ вытворчасьці IBM і іх клонаў у 1960—1980-х гадах. З прычыны шырокага распаўсюду адназадачнай тэкставай MS-DOS і яе канкурэнтаў на пэрсанальных кампутарах паняцьце «DOS» звычайна ўжывалі толькі ў гэтым сэнсе[5].
DOS зьяўляецца адназадачнай апэрацыйнай сыстэмаю[6]. Пасьля запуску кіраваньне перадаецца дастасоўнай праграме, якая атрымлівае ў сваё распараджэньне ўсе рэсурсы кампутара і можа ажыцьцяўляць увод-вывад з дапамогаю як функцый, якія прадстаўляюцца апэрацыйнай сыстэмаю, так і функцый базавай сыстэмы ўводу-вываду (BIOS), а таксама працаваць з прыладамі напрамую.
DOS мае кансольную сыстэму ўводу-вываду і падтрымлівае тры стандартныя струмені: stdin, stdout і stderr.
DOS — 16-бітная апэрацыйная сыстэма, якая працуе ў рэальным рэжыме працэсара, таму для пашырэньня магчымасьцяў і пераадоленьня абмежаваньняў рэальнага рэжыму былі створаныя так званыя пашыральнікі DOS. Яны запускаюць праграмы ў абароненым 32-бітным рэжыме і эмулююць крынічныя сэрвісы апэрацыйнай сыстэмы. Звычайна яны падтрымліваюць стандарт DOS Protected Mode Interface (DPMI). Самы вядомы і шырока выкарыстоўваны (у кампутарных гульнях) пашыральнік — DOS/4GW.
Існуе некалькі галінаў DOS для ПК. Усе яны падобныя па наборах каманд і базавай функцыянальнасьці, але адрозьніваюцца прадукцыйнасьцю, стабільнасьцю працы і дадатковымі функцыямі.
Зьяўленьне FreeDOS, а таксама разьвіцьцё вольнага праграмнага забесьпячэньня і асабліва DJGPP, прывяло да зьяўленьня цалкам вольнага дыстрыбутыва DOS GNU/DOS. У яго склад уваходзяць папулярныя GNU-дастасункі, такія як vim (тэкставы рэдактар), Arachne (вэб-браўзэр, паштовы кліент і файлавы мэнэджар), OpenGEM (графічны інтэрфэйс), розныя сродкі распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня для DOS. Яго аб’ём складае больш за 70 Мб двайковых праграмаў, а таксама больш за 200 Мб двайковых праграмаў і іх зыходнікаў. GNU/DOS можа спатрэбіцца карыстальнікам старых кампутараў, якія жадаюць карыстацца самымі сучаснымі вэрсіямі праграмаў, а таксама распрацоўшчыкам, якім неабходна поўнае кіраваньне абсталяваньнем кампутара.
Практычна ўсе згаданыя DOS зьяўляюцца адназадачнымі 16-разраднымі сыстэмамі з маналітным ядром і тэкставым уводам-вывадам. Графічныя абалонкі адсутнічаюць, але некаторыя маюць тэкставыя псэўдаграфічныя (Dos shell і падобныя). Доступ да хуткіх графічных працэдураў у DOS звычайна адсутнічае, так што распрацоўшчыкі праграмаў, дзе час мае крытычнае значэньне (гульні, вытворчае праграмнае забесьпячэньне…) выкарыстоўвалі сыстэму як просты загрузчык, зьвяртаючыся да рэсурсаў кампутара праз працэдуры BIOS, парты, чытаючы і запісваючы відэапамяць наўпрост.
Перавагамі сямейства DOS зьяўляліся:
Недахопы: