«Hair Peace Salon» выступае на фэстывалі «Басовішча» (22 чэрвеня 2005 году), зьлева направа: Вадзім Дубіна, Максім «Gandibober» Дзевічэнскі, Алег Вяль, Артур Лучкоў.
«Hair Peace Salon» (з анг. — «Салён міру і валасоў»[25]) — брыт-поп і паўэр-поп гурт зь Менску, адзін з галоўных беларускіх прадстаўнікоў брытанскага інды-року[7][26][27][28][29][30][31][32]. Яго музыка вылучаецца ў большасьці ангельскамоўнай лірыкай з эмацыйнай падачай і рэзкімі перападамі настрою ў сьпевах[33][34][35]. Гурт быў заснаваны ў 1998 годзе й выдаў паўнафарматны альбом «Gentleman», а таксама з тузін сынглаў і самотнікаў[36]. У сярэдзіне 2013 году музыкі прыпынілі супрацоўніцтва й некаторыя людзі з апошняга складу гурту, уключаючы франтмэна й сузаснавальніка Алега Вяля, які лічыцца адным з найлепшых рок-выканаўцаў на Беларусі[25], сфармавалі беларускамоўнырок-гурт «Bristeil»[37], за якім у 2017 годзе зьявілася нараджэньне сольнага электроннага праекту музыкі «Helaiv»[38][39][40].
Алег Вяль пачаў марыць граць музыку яшчэ ў 1996 годзе[41]. На наступны год яго брат набыў для свайго гуртуўдарную ўстаноўку, і гэта стала першай матэрыяльнай падставаю для пачатку[41]. Алег хацеў далучыцца да музычнага калектыву брату, але яго ня ўзялі, таму што той яшчэ ня граў на аніякім музычным інструмэнту[41]. У 1998 годзе будучы вакаліст-гітарыст зьбірае двух школьных таварышаў, басіста Максіма Дзевічэнскага й барабаншчыка Аляксандара Вашчылу, у гурт[41]. Усе жадалі граць музыку як натхнёныя музычнымі гуртамі агульных сяброў, такімі як «Jitters», так і вядомымі на ўвесь сьвет гуртамі, такімі як «Nirvana», «Radiohead», «Pearl Jam»[35]. Першыя гады хлопцы толькі вучыліся, як граць, і экспэрымэнтавалі з новымі ідэямі й мэтадамі напісаньня твораў[35].
Упершыню назва «Hair Peace Salon» афіцыйна прагучала са сцэны менскага клюбу «База» 22 лютага 2002 году на канцэрце-трыбьюце Курта Кабэйна й гурту «Nirvana»[35]. Імпрэза была прысьвечана дню нараджэньня музыкі, і на ёй «Hair Peace Salon» адыграў некалькі песень[35]. На той момант гурт складаўся з трох чалавек: Алега, Максіма й Аляксандра, — але апошні ў тым жа годзе пакідае гурт і яго наступнікам становіцца Артур Лучкоў[41].
Неўзабаве склад узмацняе сола-гітарыст Вадзім Дубіна[41]. Такім чынам, гурт на 2003 год зьбірае клясычны склад рок-ансаблю з чатырох чалавекаў: рытм-гітара, сола-гітара, бас-гітара, барабаны[42]. У сакавіку «Hair Peace Salon» прымаюць удзел у фэсту авангарднай музыкі й моды ў Менску. У рэклямных мэтах гурт запісвае першы сынгл «Next Level», які складаўся зь дзьвюх песень, і ён выходзіць у пачатку 2004 году[43].
У чэрвені 2004 году «Hair Peace Salon» разам з «Jitters» прымае ўдзел у міжнародным фэстывалі «Piirideta Muusika» (па-эстонску: «Музыка бязь межаў»), які праходзіў у горадзе Нарва (Эстонія)[35]. У тыя гады Артур Лучкоў і Алег Вяль яшчэ таксама граюць у брыт-рок гурце «Jitters», дзе за бас-гітарай сьпяваў Канстанцін Карман[11], а да таго ж абодва англамоўныя музычныя калектывы часта выступалі разам на зборных канцэртах і сумесна езьдзілі па фэстывалях, так што музыкі добра ведалі адзін аднаго[44][45][46]. Калектыў робіць крокі на грандж сцэну, актыўна граючы на менскіх клюбных пляцоўках на працягу 2002—2004 гадоў[35].
У 2005 годзе па сямейных абставінах з гурту сыходзіць Вадзім Дубіна[13]. Праз чатыры месяцы пасьля доўгіх пошукаў і экспэрымэнтаў на яго месца прыходзіць гітарыст Вадзім Ісаеў з Жодзіна, знаёмства зь якім адбываецца праз «Музыкальную газету» й прыход якога робіць калектыў больш згуртаваным і цэласным[47]. У ліпені гурт удзельнічае ў польскім фэстывалі «Басовішча-2005»[48], у сьнежні — у «Рок-коле-2005» (Полацак)[49].
Наступны рэклямны CD групы зьяўляецца ў сьвет у тым жа 2005 годзе[50]. Плыта ўключыла ў сябе самотнік «Hover» з аднайменным загалоўным сынглам, а сама кампазыцыя «Hover» трапіла на брытанскую складанку альтэрнатыўнага року «Spotlight On» выдавецтва «Matchbox Recordings», выхад якой датуецца 14 лістапада 2005 году[51]. У кастрычніку Алег Вяль па пэўных тэхнічных і лягічных прычынах і каб больш часу ўдзяляць свайму гурту спыняе супрацоўніцтва з «Jitters», дзе ён паралельна граў на гітары й быў бэк-вакалістам[52]. Пад новы 2005 год склад пашырыў клявішнік-вакаліст Андрэй Козік з стылістычна блізкага «Hair Peace Salon» гурту «Rosary», але ў сукупнасьці ён пайграў супольна каля паўгода[13][41].
2007 год стаў годам выпуску другога самотніка, які разам з канцэртна-спаборніцкай актыўнасьцю за гэты час прынясе намінацыю ў катэгорыі «Прарыў году» на цырымоніі «Рок-каранацыя-2007» у наступным лютым[54][55][56].
Гурт выйграе майскі трэцьфінал па выніках галасаваньня гледачоў, вынікі якога зацьвердзіў гітарыст-пэдагог Уладзімер Угольнік[57][58], і сам фінал конкурсу «ИдиНаРок» у чэрвені з прызам запісаць песьню на прафэсійнай музычнай студыі[59][60]. Хлопцы граюць на вялікіх пляцоўках падчас сьвяткаваньня Дню гораду Менска й на фэстывалі «Амбасовішча», які быў праведзены амбасадай ЗША ў Беларусі ў верасьні[61][62], і толькі з-за махінацыяў з падлікам галасоў спыняюцца ў паўфінале міжнароднага конкурсу «Global Battle of the Bands», у якім яны ўдзельнічалі на працягу другой часткі 2007 году[63].
Пасьля спробаў пайграць разам з сэсійнымі клявішнікамі, у тым ліку на сцэне падчас імпрэзы «Акустыка вясны» ў сакавіку, у сувязі з паўгадовай замежнай камандзіроўкай Канстанціна Кармана[64], пад канец 2007 году колькасьць афіцыйных удзельнікаў гурту павялічваецца, як той прыпыняе існаваньне свайго гурту «Jitters» і запрашаецца далучыцца да «Hair Peace Salon» на пастаяннай аснове[65]. У гурце ўжо быў свой басыст, а паколькі Канстанцін Карман нядаўна купіў сынтэзатар «Roland JP-8000» падчас дзелавой паездкі ў Шатляндыю, то ён стаў клявішнікам, які сьпявае вакальныя партыі, а таксама складае сьпевы[66]. 28 кастрычніка 2007 году самотнік «Gipsy» быў выдадзены ў сьвет[14]. Новае аблічча гурту было паказана на канцэртнай прэзэнтацыі самотніка, падтрыманай выступленьнямі «Open Space» і некаторых іншых музыкаў-сяброў гурту, 18 лістапада 2007 году[67].
25 лістапада 2007 году для прасоўваньня новага супрацоўніцтва на лэйбле «West Records» быў выдадзены спліт-альбом «Split Before, Together Now»[68][69]. На CD трапілі самотнікі «Gypsy» «Hair Peace Salon» і «Pick Me Up» «Jitters» з арыгінальным афармленьнем вокладкі, на якую былі зьмешчаны два зьвязаныя шнуркамі дзіцячыя чаравікі як сымбаль таго, што раней было два гурты, але з гэтага часу яны аб’яднаны[70][71][72]. «Хлопцы зь „HPS“ заўсёды захапляліся творчасьцю ня вельмі вядомай, але каханай у пэўных колах каманды „Jitters“. А сёньня яны дагналі іх па майстэрству, сталі побач і ў чымсьці нават абышлі», — крытык Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты» падсумавала жыцьцёвы шлях гуртоў у сваім аглядзе на дыск[14].
У дадатак да рэгулярных канцэртаў, а іх было дадзена ў 2007 годзе каля 30, музыкі пасьпяхова ўдзельнічалі ў розных музычных конкурсах, такіх як «Музычны плэй-оф» (паўфіналісты)[73][74][75], «Залатая акустыка» (пераможцы)[76][77], «Рок-спарынг» (уладальнікі прызу на запіс на студыі)[74]. Па выніках апошняга конкурсу напрыканцы 2007 году Алена «Aresha» Сабалеўская з парталу «LiveSound.by» прадказала, што пра музыкаў гурту, які, на думку Сяргея Ясючэні, дырэктара «West Records», выбіўся ў трэнды[78], «будуць пісаць усё радзей і радзей, таму што пісалі пра іх вельмішмат»[79].
Афіцыйнае відэа да аднайменнага вядучага сынгла EP «Hover», у якім быў прадстаўлены новы выгляд гурту з Канстанцінам Карманам, было зьнята рэжысэрам Анатолем Вечарам у лютым 2008 году, і гатовы ролік 16 сакавіка быў паказаны па тэлебачаньні ў праграме «Pro движение+»[80][81]. Падчас першай частцы 2008 году на студыі «OSMOS» быў запісаны й новы сынгл «Stand The Rain» — прыз пераможцам музычнага конкурсу «ИдиНаРок»[82]. У сакавіку гурт выступіў у перадачы «Музычны партал» Першага Нацыянальнага каналу Беларускага радыё, дзе сыграў яшчэ не выдадзеныя песьні: «Stand The Rain», «Ice Age», «Borderline»[83].
У гэты ж час Вадзім Ісаеў пакідае гурт[84]. Гэта быў удар падчас сэсій запісу новай міні-плыты, і хаця гурт спрабаваў знайсьці новага сола-гітарыста, але гэтага зрабіць не ўдалося. Нягледзячы на гэта, квартэт, які застаўся, не пажадаў ні марудзіць тэмп запісу новых твораў, ні зьмяншаць колькасьць жывых выступаў[85]. Прэзэнтацыя новага самотніка «In Tune» была зладжана ў дзень яго выпуску 1 лістапада 2008 году ў клюбе «Bronx» з удзелам Вадзіма Ісава[84] пры падтрымцы фальклёрнага гурту «Akana-NHS(be)» з Ірэнай Катвіцкай і Русяй[86][87][88]. Гэты дыск быў запоўнены чатырма песьнямі, уключая бонусную «Stand The Rain», якая ўжо выдавалася на сынгле[84][89].
Як пераможца адборачных тураў разам з «Open Space»[90][91][92][93] у студзені 2009 году гурт грае на мясцовым фінале фэстывалю «Bandscan»[94], фінал якога павінен быў прайсьці ў Швэцыі, але «Hair Peace Salon» займае толькі другое месца[95]. Музычнае відэа на песьню «In Tune» было зьнята ў лютым, а сам завершаны кліп быў паказы публіцы ў сьнежні таго ж году[96][97]. У вясновы час Артур Лучкоў пакідае гурт у выніку рознагалосьсяў у «Hair Peace Salon», але пасьля кароткіх пошукаў Аляксей Кузьняцоў, былы ўдзельнік «Prophetic Dream», «Iris7»[98] і некаторых іншых гуртоў, апынаецца ў яго крэсле[99]. У ходзе наступнага пэрыяду году «Hair Peace Salon» актыўна працаваў у студыі над новымі музычнымі творамі, узбагачаў досьвед падачы сваіх акустычнай[100][101] і рокавай праграмаў[102][103][104], часта, як і ў мінулыя гады[105][106], ладзіў канцэрты разам з дружалюбным гуртам, таксама прадстаўніком брытанскай хвалі «Open Space» ды іншымі[107][108][109][110][111].
У канцы 2009 году гурт адлюстраваў свой новы вобраз: абнавіў афіцыйны сайт, дызайн якога быў распрацаваны Палінай Пастушэнка, рэжысэрам апошняга кліпу «In Tune»[96]. У сьнежні 2009 году Аляксей Кузьняцоў пакіне гурт (пазьней Алег Вяль скажа, што сыход музыкі адбыўся з-за таго, што яны не гралі з гэтым бубначом добра ў гармоніі), і ўжо ў наступныя месяцы Уладзімер Агаян, прыхільнік гурту, які выйграў кастынг, стане яго пераемнікам[66]. Такім складам Вяль, Дзевічэнскі, Карман і Агаян учатырох пачалі працу над паўнафарматным альбомам[123][124].
У першыя некалькі месяцаў 2010 году гурт прымае ўдзел у адкрытым музычным фэсьце «Graffiti Open Music Fest», пасьпяхова праходзячы яго раўнды[125][126][127], а таксама дабіраецца да рэгіянальнага фіналу конкурсу «Рок-ноч»[20][128], калі 5 красавіка 2010 году першы сынгл пад назвай «Happy For A While» з будучага паўнафарматнага альбому быў выпушчаны спачатку на кітайскі рынак з асаблівай вокладкай, каб падтрымаць падпісаньне новага бубнача[129], у той час як яго сусьветны выхад адбудзецца 5 дзён пазьней[130][131]. Гэты выпуск азнаменаваў музычны зрух гурту ў бок паўэр-попу, а альбом зь новымі сьпевамі павінен быў выйсьці наступнай восеньню[132]. Новыя песьні з сынгла, як і зьменены дрэс-код музыкаў, былі прадстаўлены 10 красавіка ў клюбе «Broadway» у рамках прэм’ернага шоў разам з «Drum Ecstasy», «Кассиопея», «The Stampletons» ды іншымі[5][133][134].
У прэс-рэлізе ў падтрымку сынгла й самотніка было адзначана, што праца над маючым адбыцца дэбютным альбомам будзе завершана ў пачатку зімы 2010 году[139]. Тым ня менш на працягу 2011 году гурт працягнуў трымаць фокус на запісу твораў да будучага альбому, што абмежавала колькасьць канцэртаў[140][141][142]. Першапачаткова на дыску плянавалася выдаць 11 сьпеваў, і тэмы высакароднасьці, шчодрасьці, сілы духу, прагі да жыцьця з крыхай дзівацтваў і самаіроніі павінны былі прайсьці праз яго чырвонай ніткаю[143]. Разам з заканчэньнем працы над музычным бокам плыты ў канцы 2011 году пачаліся пошукі «сапраўднага мастака», які б намаляваў яго вокладку[144].
18 сакавіка 2012 году гурт зрабіў афіцыйны анонс свайго паўнафарматнага альбому ў кароткім відэа[145]. Музычныя творы за апошнія тры гады былі аб’яднаны ў альбом «Gentleman», і гэты рэліз пачаў быць даступны з афіцыйнага сайту з 21 сакавіка 2012 году бясплатна з магчымасьцю заплаціць столькі, колькі вы захочаце, для прыхільнікаў[146]. Нягледзячы на папярэднюю аб’яву, толькі 10 трэкаў зьявіліся ў фінальнай вэрсіі: адзін прышлося выдаліць[146]. На пярэдняй вокладцы й для аздабленьня буклету CD былі выкарыстаны аквафортэСяргея Балянка, беларускага мастака[147].
Альбом атрымаў у асноўным станоўчую крытыку: «добрая, грунтоўная, прадуманая й гожая праца. Ну й асобны рэспэкт афармленьню»[148], «яны маюць усё, што трэба — выдатныя галасы, неблагую лірыку, хвацкі гук, бездакорнае выкананьне, пісьменную падачу»[29], «„Rolz’n’Rulz“ чапляе»[7], «гэты калектыў і знаходзіцца якраз ці не за ўсіх бліжэй да стандартнай эўрапейскай традыцыі сумяшчэньня рокавага інструмэнтарыя з дастаткова папсовай мэлёдыкай»[7][149], «мэлядычныя й мэлянхалічныя песьні, прыгожыя гітары й распазнавальны высокі вакал Алега Вялю»[7], «зачараваньне „HPS“ ня толькі ў стылістычнай вытрыманасьці, ня толькі ў бездакорна якаснай аранжыровачнай і кампазытарскай працы, але й у безумоўнай арганічнасьці»[150], «шматгалосьсе, што часам прымушае ўспомніць лівэрпульскую чацьвёрку, надае гучаньню паветранасьць і адчуваньне буйнога мазка»[151]. У той жа час аглядальнікі пакрытыкавалі калектыў за адсутнасьць яркасьці й арыгінальнасьці, таму што запіс чуўся, як звычайны альбом брытанскай хвалі, ды за бруднаватае гаражнае гучаньне[7][147]. «Вельмі слаўная праца, дзе адчуваецца індывідуальнасьць», як было адзначана ў аглядзе году «Tuzin.fm»[152], была абрана ў некалькі топаў беларускіх альбомаў, выпушчаных у той час[153][154][155][156][157][158], а яе першы трэк «Borderline» быў выбраны ў топ лепшых сучасных беларускіх песень парталу"Lenta.ru"[159].
Пасьля выпуску альбому была зроблена замена ў гурце, які на нядоўгі час выступаў як трыё ізноў: новы бубнач Аляксандар Сьцяпановіч быў знойдзены ў пачатку жніўня замест Уладзімеру Агаяну, які пакінуў склад[160]. У сувязі з пошукамі барабаншчыка буйное шоў да выхаду плыты «Gentleman» было адкладзена да 11 кастрычніка 2012 году[161][162]. У гэты дзень «Hair Peace Salon» адыграў сольны канцэрт на адной з самых папулярных пляцовак Менску, у клюбе «RE:PUBLIC»[163]. Падчас яго гурт выканаў песьні з альбому, творы мінулых гадоў і некалькі кавэраў сваіх жа песень на беларускай мове, а таксама прэзэнтаваў цалкам новы сьпеў-дуэт з Ірэнай Катвіцкай, вакалісткай этнічных джаз калектываў «Akana-NHS(be)» і «Kazalpin», «Гарэла Сасна», праца над запісам якога распачалася яшчэ ў 2010 годзе[20][164][165].
У наступныя паўгады альбом быў падтрыманы шэрагам дадатковых шоў як у акустычным[160][166][167][168], так і ў рокавым фарматах[169][170][171]. На сваім трэцім выступленьні на штогадовай імпрэзе «Акустыка вясны», якое адбылося ў сакавіку 2013 году, гурт даў паслухаць са сцэны свой сьвежы матэрыял, які пазьней будзе афіцыйна выдадзены ўжо іншым калектывам Алега Вялю «Bristeil» на самотніку «Cyruĺnia Svietu»: новую песьню на беларускай мове «Nieba Abraz» і хіт амэрыканскайсьпявачкіЛаны Дэль Рэй «Video Games», які будзе перасьпяваны па-беларуску й стане яго адзінай такой кавэр-вэрсіяю[19][172][173].
Гурт атрымлівае намінацыю ў катэгорыі «Дэбют году» на музычнай прэміі «Rock Profi» за альбом «Gentleman»[174]. Апошняе на дадзены момант шоў на радзіме было адыграна 19 траўня 2013 году, калі музыкі далі сумесны канцэрт з «Open Space» у менскім рок-клюбе «TNT»[175]. У пачатку лета яны былі згаданы сярод канкурсантаў за права зграць на «Басовішча-2013», але не былі адабраны[176][177]. Тым ня менш у канцы жніўня яны разам з гуртамі «The Toobes» і «Dzieciuki» ўсё ж такі былі запрошаны прадставіць Беларусь у Польшчы на фэстывалі «Cieszanów Rock Festiwal 2013»[178][179][180].
Атрымаў некаторы досьвед гульні дуэтам «VS ½ HPS» вясной 2013 году[181], Алег Вяль і Аляксандар Сьцяпановіч разам з двума іншымі музыкамі ў выніку бязьдзейнасьці «Hair Peace Salon» восеньню стварылі новы беларускамоўны рок-гурт «Bristeil»[182][183][184]. Гурт «Hair Peace Salon» ніколі не заяўляў пра свой распад, але з 2013 году калектыў не выпускаў новых песень у сьвет.
Сяргей Будкін, аўтар «Будзьма беларусамі!» і рэдактар «Tuzin.fm», у 2014 годзе паспачуваў гурту, музыкі якога пасьля прэзэнтацыі альбому «апынуліся ў няпэўным стане», бо ён «меў усё, акрамя хіба што шанцаваньня»[185][186]. Алег Клімаў як карэспандэнт газэты «Культура» рэфлектаваў наконт заняпаду гурту, які «шчыра шкада згінуў заўчасна», у 2017 годзе, выказваючы думку, што Алег Вяль не дацярпеў да таго моманту, каб яго дзецішча «трывала ўмацавалася на клубнай канцэртнай сцэне»[187].
Музыкі «Hair Peace Salon», што пачыналі на рубяжы тысячагодзьдзяў у якасьці гурту альтэрнатыўнага року, праз пэрыяд інды-рок, брыт-рок і брыт-поп рэпэртуару першага дзесяцігодзьдзя 2000-х у 2010-я сталі найбольш вядомымі як выканаўцы ангельскамоўнагапаўэр-попу[4][188]. Сьпевы «Hair Peace Salon», як маюць на думку музычныя крытыкі, у асноўным напоўнены сумнымі й трагічнымі матывамі[4], але не адзін зь іх твораў не выбіваецца па-за рамкі вядомага брытанскага року[58]. Музыка гурта дае эмоцыі суму, суперажываньня, так што праца артыстаў больш падыходзіць пад вызначэньне брыт-року, дзе часта прысутнічае дэпрэсіўны настрой[105][98]. «Нячаста можна ўбачыць, як „Hair Peace Salon“ прышпільваецца, а яшчэ радзей — як народ пад іх трагічную музыку адрываецца», — Алена «Aresha» Сабалеўская, канцэртны аглядальнік «LiveSound.by», сьведчыла ў 2007 годзе[189]. Тым ня менш пасьля выхаду альбому «Gentleman» у 2012 годзе Алег Клімаў як калумніст «Советской Белоруссии» канстатаваў, што «гурт, які спачатку выконваў сумненькі інды-рок, дадаў агрэсіўнасьці, нэрвовасьці ў кампазыцыі, і зараз пад іх можна ня толькі пазяхаць, але й адрывацца на танцпляцы»[158].
Вольга Самусік, супрацоўніца «Музыкальнай газеты», апавядала на старонках выданьня пра выступ гурту на «Басовішча-2005», ладна ацаніў яго «прыгожы брыт-рок»: «Адчувальная прэтэнзія на заходнасьць гучаньня. Граюць хлопцы проста ачмурэць. „Басовішча“ — гэта ўжо ня іх узровень. Не разумеем, навошта яны марнуюць тут свой музычны час, ім трэба пакараць эўрапейскія вышыні… „Hair Peace Salon“ — добры гурт, асабліва для тых, хто зьяўляецца сапраўдным брыт-рокерам-попэрам»[190]. Па выніках яго верасьнёвага канцэрту ў 2006 годзе аглядальнік «Музыкальнай газеты» Слэп пісаў: «Склалася ўражаньне, што гэтай музыцы ўжо цесна ў маленькім клюбным памяшканьні. Па напалу эмоцыяў, якасьці матэрыялу ды яго выкананьня было відавочна, што хлопцам ужо час выходзіць на вялікія пляцоўкі да вялікай аўдыторыі»[191]. У справаздачы з невялікага клюбнага канцэрту ад прома-групы «LiveSound.by» у пачатку красавіка 2008 году Дар’я «misty» Іванкова апавядала пра душэўна блізкіх да суайчыньнікаў хлопцаў, якія «сталі зусім эўрапейскімі» і якія нават для вузкага кола людзей гралі, як «быццам для стадыёну»[192]. На наступны год Андрэй Чарніцкі, заснавальнік «LiveSound.by», у артыкуле пра студзеньскі трыбьют «U2» залічыў брыт-рок калектыў у шэраг гуртоў, якія «заслужана занялі сваё месца ўсталічныммэйнстрыме»[193], у той час як на 2010 год Сяргей «SB» Будкін згадаў гурт сярод «моцных сераднякоў беларускага року»[194].
Пасьля наведваньня аднаго з сумесных канцэртаў беларускіх брыт-рокераў восеньню 2007 году Кацярына «Fobia_L» Асіпчык з «LiveSound.by» станоўча ахарактарызавала якасьць гуку й своеасаблівасьць стылю «ангельскіх спадароў», на погляд Машы «СкаZка» Сказкі адтуль жа[63], і выказала рэспэкт артыстам за зьнешні выгляд і музыку адпаведныя брытанскай хвалі[195]. Пасьля праслухоўваньня «сапраўднай брыт-поп» праграмы «Hair Peace Salon» на канцэрце ў Ліцэі БДУ ў лістападзе 2007 году ў карэспандэнту «LiveSound.by» Вікі «Кактус» Нарко стварылася ўражаньне, што выступаў «не беларускі гурт, а вялікабрытанскія музыкі вельмі добрага ўзроўню»[16]. Сьпявак Дзьмітры Калдун як экспэрт парталу «Tuzin.fm» на прыкладзе кавэру «Студзень» вылучаў амэрыканскую мэлёдыку й якасьць гуку гурту[196]. Вольга Зінгер са слуцкай газэты «Інфа-Кур’ер» у сваім рэпартажы з выступленьня «Hair Peace Salon» у 2013 годзе засьведчыла, што выкананая ім праграма дазваляе прыняць думку музычных крытыкаў наконт самага брытанскага гурту Беларусі, адзначыў яго «відавочна высокі ўзровень»[171].
У рэцэнзіі самотніку 2005 году «Hover» Алег «О’К» Клімаў з «Музыкальнай газеты» апісваў музыку «Hair Peace Salon» як «гітарны рок на ангельскай мове, багаты па думцы, эфэктны, які адсылае цябе да прог-музыцы (гэта як калі б брыт-рокеры ўскладніліся з нейкага ражна)… выдатны вакал. З аранжыровачнымі эмоцыямі, як і „ўхвалена“ да такога роду музыцы, — бедна»[50]. У цэлым гучаньне калектыву параўноўваецца зь творчасьцю «Jitters», гурту брытанскага року, усе ўдзельнікі якога падзялялі гэтую стылістычную блізкасьць[197], і якім тураваў сам галоўны рэдактар газэты пасьля праслухоўваньня прома-дыскаў 2005 году абодвух: «Пра „Jitters“ можна напісаць усё тое, што напісана пра „HPS“. Можа, „жітэрсы“ крыху больш рэзкія. А палова складу „Jitters“ і зусім грае ў „Hair Peace Salon“… ці наадварот»[198]. «Далей „Jitters“ — амаль нічога не зьмянілася — ратацыя „Hair Peace Salon“ на 50%», — галоўны рэдактар сайту «tvordom.com» Янка Бусел адзначыў па выніках годных і роўных выступаў абодвух гуртоў запар у рамках вечарыны брытанскага року ў сакавіку 2005 году й дадаў, што вакал «Hair Peace Salon» «бясспрэчна захапляе»[199]. СЛЭП як канцэртны аглядальнік партала «XLAM.BY» паўтарыў думку абодвух, бо «ад перамены месцаў складнікаў сума ня зьменьваецца»[200]. «Цудоўна згуртаваным блокам выглядалі й слухаліся „Hair Peace Salon“ і „Jitters“», — адзначала W. для «Музыкальнай газеты» ў справаздачы з вясновага трыбьюту «Depeche Mode» у 2006 годзе, вылучыў «якасны брыт-рок», але й заўважыў, што «агульнанароднае прызнаньне наўрад ці здарыцца», бо мэнталітэт іх суайчыньнікаў «не пад тое заточаны»[201], што адлюстравала й падобную выснову журналіста «Белорусской деловой газеты» Паўла Сьвярдлова[9].
Як перадавала Алена «Aresha» Сабалеўская праз «LiveSound.by» ды «Музыкальную газету», са зьяўленнем у 2007 годзе за сынтэзатарам Канстанціна Кармана гурт стаў граць па-новаму, дзесьці можна было правесьці паралель з гуртом «beZ bileta»[106], а агульнае гучаньне стала яшчэ больш глыбокім, рамантычным і насычаным[14][58]. Па выніках праслухоўваньня альбому «Split Before, Together Now» яна ж яшчэ раз безумоўна прыпісала творчасьць «менскіх пабрацімаў гурта „Coldplay“», як ужо пісаў Сяргей Будкін як карэспандэнт «Музыкальнай газеты» у 2005 годзе[49], да брытанскай рок-сцэны, таму што «гурты, якіх адносяць да брыт-попу („Travis“, „Radiohead“, „Muse“, „Blur“, „Coldplay“) маюць шмат агульнага, яны вядомыя, такім чынам, да чагосьці аднаго іх можна прыпісаць… У „салонаў“ ёсьць штосьці ў гучаньні, блізкае ўсім гэтым калектывам, са сваімі асаблівасьцямі, вядома, але вядомае сапраўды гэтак жа»[14].
Музыку «Hair Peace Salon» у рэцэнзіі гэтага жа альбому Тацяна Заміроўская са штотыднёвіка «БелГазета» апісала словамі: «брыт-рок з галавакружнымі перапляценьнямі гармоніяў а-ля „The Mars Volta“, тэхнічнымі гітарнымі арпэджыё а-ля „Muse“ і нэўратычна-пачуцьцёвымі інтанацыямі а-ля „Travis“… Сякія-такія мэлёдыі „HPS“ невытлумачальным чынам нагадваюць новы альбом „Radiohead“ (які выйшаў пасьля таго, як матэрыял дадзенага дыску быў запісаны!)»[202]. Іншае параўнаньне з «Radiohead» яна зрабіла праз «БелаПАН» у 2009 годзе[203]. Юлія «Ju» Тынявіцкая для «XLAM.BY» па прыезду з «Басовішча-2005» таксама пісала пра арыентацыю «вельмі цікавага гурту» на «„Radiohead“ і кампанію» яшчэ ў 2005 годзе[48], у пачатку якога калектыў, як адзначыла WASP для «Музыкальнай газеты», «выразна вытрымаў стыль, па-туманна-альбіёнаўскі», адыграў на вечары, прысьвечаным творчасьці «Radiohead»[204].
Супрацоўнікі «Эўрапейскага радыё для Беларусі» ў 2010 годзе адзначалі, што ў эфіры гурт часта блытаюць з «Open Space»[205]. Аўтары «LiveSound.by» знайшлі падабенства з «Naka» пасьля сумеснага канцэрту ў траўні 2008 году[206].
Самотнік «In Tune» 2008 году адзначаўся SLAP для «Tuzin.fm» як «мэлядычная, рамантычная й напоўненая сьветлым сумам, але дужа рытмічна зьбітая поп-музыка»[82], у той час як канцэртная праграма «Gentleman» асьвятлялася Сяргеем Будкіным, музычным аглядальнікам «Будзьма беларусамі!», ужо як «мэлядычная рок-музыка»[166]. Экспэрт «Тузін Гітоў» Севярын Квяткоўскі[прыбраць шаблён] аднойчы выклаў думку, што музыка гурту нагадвае яму гурт «Czerwone Gitary» і Пола Макартні ў сучаснай брыт-поп стылістыцы[207]. Аляксандар Філімонаў, аўтар «Lenta.ru», у 2013 годзе падсумаваў думкі ўсіх крытыкаў, канстатаваў, што гурт «дэманструе беражлівыя адносіны да спадчыны пост-року, брыт-попу, паўэр-попу»[159].
На пытаньне Вольгі Асокінай з «Бабруйскага кур’еру» пра што іх песьні Канстанцін Карман у 2012 годзе адказваў так: «Гэта вынаходзтва ўласнай рэальнасьці. Мы закранаем вечныя тэмы, якія заўсёды будуць актуальныя»[23].
Калегі музыкаў, прадстаўнікі грандж сцэны з гурту «Caravan», на пытанне «Музыкальнай газеты» пра каманды, якія ім даспадобы, у другім студзеньскім нумары 2005 году вылучылі «выдатныя калектывы» «Hair Peace Salon» і «Jitters», таму што «яны граюць арыгінальную музыку»[208]. Віталь Артыст, франтмэн «BeZ bileta», таксама пахваліў абодва ў 2006 годзе: «Я вельмі рады, што давялося прадстаўляць нашу краіну з такімі гуртамі, як „Jitters“ і „Hair Peace Salon“. У Алецка мы па-сапраўднаму „запалілі“[209]. З гэтага часу там будуць больш паважаць беларусаў»[210]. Ён жа ў 2010 годзе праз «Советскую Белоруссию» яшчэ раз прарэклямаваў «таленавіты праект» «HPS»[211].
Яўген Змушко, вакаліст гурту «Мутнаевока», у 2007 годзе праз «Музыкальную газету» вылучыў «Hair Peace Salon» сярод гуртоў, уклініцца ў шэраг якіх ён бы хацеў[212]. Аляксей Бразгаўка, франтмэн гранж гурту «Karavan», адзначаў для «Музыкальнай газеты», што заўсёды прыемна граць з гуртам «Hair Peace Salon»[213]. Гурт «Дзецідзяцей» шанаваў «Hair Peace Salon», бо ён грае «добрую музыку»[214]. Артур Шустоўскі, франтмэн гурту «In Vino», характарызаваў сваіх супернікаў па «Global Battle of the Bands» як «цікавы, прафэсійны, моцны калектыў»[215].
«Што „Hair Peace Salon“ — музыка не для масаў, вядома ўжо даўно», — пісала пра гурт у 2007 годзе Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты»[64], сьцьвердзіў меркаваньне Алега «О’К» Клімава, выказанае за два гады да таго[198]. Пасьля наведваньня вясновага грандж-сэйшну 2006 году Ганна Сівакова ад «Музыкальнай газеты» абмалявала выступ гурту так: «Незвычайна прыгожая, філязофская, эмацыйная музыка. Шкада, ня ўсімі прымальная»[216]. «LiveSound.by» апісаў артыстызм «Hair Peace Salon» на фоне сумеснага канцэрту «British Lovers» з «Open Space» у чэрвені таго ж году амаль аднолькавым чынам: «Творчасьць не для ўсіх, у нейкай меры арыстакратычная, якае не прэтэндуе на масавасьць»[105].
«Перад намі наглядны прыклад таго, як калектыў дамагаецца посьпеху й вядомасьці праз творчасьць», — пісала Алена «Aresha» Сабалеўская з «LiveSound.by»[67]. Культуролаг Максім Жбанкоў у аналізе 2008 году для Беларусі заключыў, што выйгрышнае становішча занялі артысты «без відавочнай палітычнай прапіскі», да якіх аднёс і «Hair Peace Salon», прадстаўніка «новай гітарнай хвалі»[217][218]. У запісцы са зборнага канцэрту-паніхіды па Курту Кабэйну ўвесну 2006 году Ганна Сівакова ад «Музыкальнай газеты» назвала фаварытам «Hair Peace Salon», які «ўвёў усіх у транс сваёй жывой, эмацыянальнай псыхадэлікай»[219]. «Нягледзячы на багацьце каманд, якія граюць у стылі брыт-рок, гэты музычны напрамак у нашай краіне доўгі час заставаўся ў цяні. І вось здарыўся прарыў», — сустракаў выхад дыску «Split Before, Together Now» Андрэй «duckling» Чарніцкі[12]. Камітэт карэспандэнтаў «Эўрапейскага радыё для Беларусі» на чале з Машай Яр, які даваў справаздачу з фэсту «Be Free» ў 2009 годзе, паведаміў пра «прыгожыя мэлёдыі й гарманічныя хады» гурту, які прывёз «песьні, падобныя на песьні»[220].
Заснавальнік сайту «Ultra-music.com» Віталь Радзівонаў у сваім запісу з фэсту «Жывы Гук ON-line» летам 2009 году папракнуў гурт за нуднасьць канцэртнай праграмы, паставіў яму ў прыклад гурт «The Toobes»[221], але ўжо праз год як член журы «Graffiti Open Music Fest» засьведчыў прагрэс «дарослага й вядомага» калектыву, выступ якога спадабаўся[222].
Па ўражаньнях ад жывых выступаў гурту карэспандэнты «XLAM.BY» і «Музыкальнай газеты» Юлія «Ju» Тынявіцкая й Алена «Aresha» Сабалеўская адзначалі харэаграфію, пазытыўную энэргію й вакальныя здольнасьці Канстанціна Кармана[58][60], «прыемны голас» адзначаў і ihar з «XLAM.BY»[57].
Алег Вяль падчас выступу гурту на тэлеканале «Сталічнае тэлебачаньне» у 2010 годзе быў названы «адным з лепшых беларускіх рок-выканаўцаў»[25]. Алена Сабалеўская, аўтар «Музыкальнай газеты», па выніках «Акустыкі вясны» вясной 2007 году пісала, што «вакальныя дадзеныя Алега не пакідаюць абыякавым»[64]. І пад рокавы акампанэмэнт, на яе ж думку, «наймацнейшы голас Алега… гучыць ашаламляльна», адзначала яна ў тыя ж часы здольнасьць вакаліста ўжо як рэпарцёр «LiveSound.by»[223]. Віка «Кактус» Нарко з таго ж рэсурсу таксама захаплялася моцай «мяккага й прыемнага» голасу франтмэна[224]. Алег Клімаў, музычны экспэрт праекту «Experty.by», у 2012 годзе прыпісаў яго ж да шэрагу «лепшых айчынных рок-вакалістаў, якія сьпяваюць на ангельскай мове»[7].
Алена «Aresha» Сабалеўская з «LiveSound.by» на прыкладзе трыбьюту «Placebo» у 2006 годзе падкрэсьлівала чысьціню, ветлівасьць і прыгажосьць выкананьня, «дарослы падыход да справы» гурту[225], якога, па ўспамінах Яўженіі й Алехандры з «Музыкальнай газеты», здаволеная публіка не хацела адпускаць[226]. Master Shablonov у справаздачы з вечарыны «Brit Rock Party» для «XLAM.BY» у 2007 годзе прыгадваў факт, што гурт з «самымі лепшымі прыхільніцамі» публіка любіць[227]. У тым жа годзе травеньскі вечар «Great Music Evening» запомніўся аўтарам «LiveSound.by» Лёшу «Tiktak» Старавойтаву выхадам «Hair Peace Salon», які падняў настрой і некалькі ажывіў публіку[228], бо, як пісала Алена «Aresha» Сабалеўская, «дзяўчынкі перад сцэнаю былі задаволеныя на ўсе сто»[223], але пасьля сумеснай імпрэзы з гуртом «Glofira» ў сакавіку 2008 году Кацярына «Fobia_L» Асіпчык удакладніла калегаў: гурт менавіта дамскі[229]. Яна ж пісала пра «спакойны,роўны й чысты гук» гурту на «Inside Out Fest» у аглядзе фэстывалю для «LiveSound.by» у 2007 годзе[230]. Падобнымі словамі аглядальнік «tvordom.com» Алесь Менскі апісаў выхад гурта, які выступіў «роўна й цікава», на вечары памяці Джыма Морысана ў снежні 2004 году[231].
Інтэлігентнасьць і прастату ў дачыненьні да музыкаў «Hair Peace Salon» узгадваў Gooffy з «XLAM.BY»[232], Воля Кузьміч ад Задзіночаньня беларускіх студэнтаў апісвала «кранальную інтэлігентнасьць»[233], Воля Вітушка адтуль жа таксама стала сьведкаю інтэлігентнасьці й джэнтэльмэнства артыстаў[95]. Антрэпрэнэр Ян Бусел з нумару гурта на адкрыцьці беларускага фан-клюбу «Radiohead» у сакавіку 2005 году вынес «сьціпласьць паводзінаў удзельнікаў, што падкупляе»[234]. Дыджэі «World Government» апавялі «Experty.by» пра гурт у 2010 годзе так: «Яны захавалі нейкую чысьціню, і ў іх абсалютна няма патасу ці аплёмбу, што нам вельмі імпануе»[139]. У 2012 годзе журналіст «Эўрапейскага радыё для Беларусі» Маша Калесьнікава запрашала на канцэрт «беларускіх джэнтльмэнаў»[235], якой па яго выніках туравала Ірэна Катвіцкая праз «Будзьма беларусамі!»: «Гэта джэнтльмэны нашай беларускай сцэны, і іх вытанчанасьць мне вельмі даспадобы»[164].
Члены гурту, які на працягу першых дзесяці гадоў быў выключна ангельскамоўным[26], у адным з інтэрвію «XLAM.BY» у сярэдзіне 2000-х гадоў выказалі меркаваньне, што з-за таго, што яны не сьпявалі на беларускай мове, іх зь цяжкасьцю запрашалі на фэстывалі й кепска «крутылі» па радыё, нягледзячы на якасную творчую працу, а на прамы запыт журналіста сайту, ці будуць яны пісаць песьні на беларускай мове, Алег Вяль ды Максім Дзевічэнскі адказалі адмоўна, у той як іншая частка ўдзельнікаў на чале з Артурам Лучковым ды Андрэем Козікам была больш схільная паспрабаваць[41]. Вакаліст і аўтар тэкстаў быў такой думкі, што «не заўсёды хочацца, каб мяне разумелі», а басыст аргумэнтаваў словамі: «Каму гэта будзе цікава, той возьме й перакладзе»[41].
Канстанцін Карман наконт моўнага пытаньня тлумачыў «Tuzin.fm» у 2007 годзе так: «Мы не паэты — на ангельскай мове пісаць і выкладаць думкі нават прасьцей. А наяўнасьць у Беларусі пэўнай ангельскамоўнай культуры азначае, што й наша краіна спрычынілася да Эўропы, якая ў большасьці сьпявае па-ангельску»[68]. На падобнае пытаньне «Эўрапейскага радыё для Беларусі» ў тым жа годзе музыкі адказвалі, што іх выбар ёсьць даніна ўсей рокавай музыцы, ды й «ангельская мова — гэта мова рок-н-ролу»[236]. «Мы пяём па-ангельску, таму што пэўныя ў тым, што ангельскамоўнае мастацтва павінна прысутнічаць тут. Гэта набліжае нас да эўрапейскага кантэксту», — казалі музыкі «Tuzin.fm» у 2009 годзе[237]. У 2014 годзе Алег Вяль для «Эўрапейскага радыё для Беларусі» патлумачыў выбар замежнай мовы так: «Мы проста хацелі быць бліжэйшымі да той музыкі, якую слухалі, — а тое, што мову не разумеюць, — стварае для слухача пэўную загадку, а загадка ў мастацтве — заўсёды плюс»[238].
Музычны рэдактар радыёстанцыі «Unistar» Аляксандар Ажынскі казаў «Эўрапейскаму радыё для Беларусі» у 2009 годзе, што ангельскамоўны рок «Hair Peace Salon» часта грае на яе хвалях, таму што станцыя «аддае перавагу якаснай папулярнай музыцы» цікавай дарослым[239][240].
Тым ня менш зь цягам часу музыкі ўсё ж такі «адкрылі для сябе незвычайную пекнасьць і мэлядычнасьць беларускай мовы», як прызналіся ў 2015 годзе інфармацыйнаму агенцтву «Мінск-навіны» ва ўспамінах пра вопыт напісаньня сваёй першай такой песьні «Студзень»[241]. «Ідэя засьпяваць па-беларуску завабіла нас тым, што гэта абсалютна новы віток у нашай творчасьці, які можа прыцягнуць большую колькасьць слухачоў», — казалі музыкі парталу «Наша Ніва» пра сынгл у 2009 годзе[26], разгарнуў станоўчы адказ, дадзены «Tuzin.fm»: «Наша мова — вельмі клёвая. Таму маем намер сьпяваць і па-беларуску. Мы ж жывем тут»[237].
Шлях да патрабаванай беларусізацыі[242], які аднак будзе незразумелы экспэртам «Tuzin.fm» Алегам Хаменкай[243], але які пазьней Сяргей Будкін усё ж такі акрэсьліць як «досыць удалыя экспэрымэнты»[29] й «якая ім яўна пасуе»[166], чыё меркаваньне падзеліць Ільля Маліноўскі, журналіст «Эўрапейскага радыё для Беларусі»[244][245], неўзабаве падтрымаў кавэр сваёй жа песьні «Gipsy» «Цянькі», таксама зроблены на лірыку Віталя Воранава[246][247]. «Па-свойму беларуская мова гучыць крута», — разважаў Алег Вяль на запыт «Эўрапейскага радыё для Беларусі» вясною 2010 году[20]. У інтэрвію «Experty.by» вясною 2012 году ён жа адзначыў: «Беларуская мова для мяне стала вельмі важнай. Спадзяюся, што мы здолеем рэалізаваць нейкія новыя трэкі адразу на беларускай»[144]. Падчас прэм’еры апошняга сынгла «Гарэла Сасна» на «Tuzin.fm» вакаліст і зусім упэўніў грамадзтва: «Мы й надалей будзем імкнуцца, каб роднай мовы ў нашай творчасьці было больш»[248].
У цэлым жа ў 2014 годзе ў рэтраспэктыве стасункаў франтмэна з беларускай мовай для «Будзьма беларусамі!» і «Tuzin.fm» Сяргей Будкін прыйдзе да высновы, што «з вуснаў Алега ангельская мова гучала цалкам самадастаткова й гарманічна», але «ня менш прыгожа ён пяе й па-свойму»[185][186].
Алег Вяль заўсёды марыў пра доўгую, гучную й нестандартную назву свайго гурту а-ля «Mother Love Bone», «Ugly Kid Joe», «Jefferson Airplane», «Hairspray Queen»[35]. Аднойчы найменьне «Hair Peace Salon» было прапанавана сябрам артыста, які таксама пісаў музыку[41]. Алег Вяль убачыў частку лірыкі да яго песьні пад назвай «Hair Peace Salon»[41]. Ягоны сябар узяў гэтае напісаньне з адной амэрыканскай кінастужкі, гэта быў усяго толькі знак на даму[41]. Алег Вяль правёў дасьледаваньне й не знайшоў аніякіх гуртоў, якія бы зваліся падобна гэтаму, толькі цырульню ў Дэнвэры, Каларада, ЗША[41]. Другой раз напісаньне «Hair Peace» ён вылучыў на вакне ў дакумэнтальным фільме пра Джона Ленана й Ёка Она «Bed-In»[41].
^Максим Жбанков. Белорусская культура: между «Батлейкой» и «Белcатом» // Белорусский ежегодник 2008 (рас.) / Анатолий Паньковский, Валерия Костюгова. — Минск: Белорусский институт стратегических исследований, Белорусский фонд публичной политики, 2009. — С. 215. — 416 с.
^Maksim Zhbankov. Belarusian Culture: between Batleika and Belsat // Belarusian Yearbook 2008 / Anatoly Pankovsky, Valeria Kostyugova. — Minsk: Belarusian Institute for Strategic Studies, Belarus Public Policy Fund, 2009. — P. 192. — 360 p..