King’s Bounty

King’s Bounty
Дата выпуску 1 чэрвеня 1989 (Apple II)
1990 (DOS)
1990 (Commodore 64)
1990 (Macintosh)
21 лютага 1991 (Genesis)
1991 (Commodore Amiga)
Жанр Тактычная ролевая гульня
Сэрыя King’s Bounty
Стваральнікі
Распрацоўнік New World Computing
Выдаўцы New World Computing
Electronic Arts (пад Genesis)
Дызайнэр Джон Ван Канэгэм
Тэхнічныя дэталі
Плятформы DOS
Commodore 64
Apple II
Commodore Amiga
Macintosh
Genesis
Рэжым Адзінаасобная гульня
Носьбіты 5¼" дыскета
3½" дыскета
Кіраваньне клявіятура
King’s Bounty у Вікісховішчы

«King’s Bounty» (па-беларуску: Каралеўская ўзнагарода) — пакрокавая стратэгічна-ролевая гульня ў жанры фэнтэзі, выдадзеная фірмай New World Computing у 1990 року. Пачаткова распрацаваная для DOS, практычна адразу перанесеная на Commodore 64, пазьней на Apple II і Macintosh, а праз год была партаваная на Commodore Amiga і Sega Genesis у аблегчаным варыянце.

Галоўны пэрсанаж гульні — кароль Максімус, які накіроўваецца на пошукі Скіпэтру парадку, які знаходзіцца ў руках сілаў хаосу на чале з Арэкам Цмокадыхам. Гульня лічыцца непасрэднай папярэдніцай папулярнай сэрыі гульняў «Heroes of Might and Magic».

У «King’s Bounty» гулец кіруе адным пэрсанажам, кляса якога абіраецца на пачатку гульні з чатырох магчымых (рыцар, палядын, барбар і чараўніца). Пэрсанаж мае пэўныя атрыбуты, галоўным зь якіх ёсьць войска, складзенае з разнастайных мітычных істотаў. Пэрсанаж можа ў любы час мець да 5 розных тыпаў істотаў, прычым колькасьць істотаў у кожнай групе абмежаваная лідэрствам героя, і калі сумарная колькасьць адзінак жыцьця групы істотаў будзе вышэйшым за лідэрства героя, тады гэтая група ў баявым рэжыме выйдзе з падпарадкаваньня. Істоты набіраюцца ў войска героя з разнастайных жытлаў, якія можна выявіць на мапе. Пэрсанаж таксама мае магчымасьць карыстацца магічнымі закляцьцямі для зьмяненьня хады падзеяў.

Гульня складаецца з двух рэжымаў: падарожжа па мапе зямлі і бітва на адмысловай тактычнай мапе. У першым рэжыме гулец кіруе перамяшчэньнем пэрсанажа па землях, на якіх адбываецца дзеяньне. Другі рэжым актывуецца, калі пэрсанаж уключаецца ў бойку, абкладаючы замак суперніка альбо нападаючы на адно з войскаў, разьмешчаных на мапе зямлі. У тактычным рэжыме процілеглыя бакі пачаргова робяць хады ўсімі групамі істотаў, намагаючыся зьнішчыць усе варожыя сілы.

Мэтаю гульні ёсьць пошук і вяртаньне каралю легендарнага страчанага артэфакту, месцазнаходжаньне якога адзначанае на старажытнай мапе. Аднак гэтая мапа разарваная на шматлікія часткі, а кожная з частам альбо трапіла да аднаго зь ліхвяроў, зь якімі гулец і вымушаны змагацца, альбо захоўваецца разам з адным з 8 артэфактаў, раскіданых па мапе.

У гульні адбываецца ўлік часу ў гульнявых днях і тыднях (тыдзень складаецца з 5 дзён). Пры руху па раўніне ці па моры ў межах аднаго архіпэлягу за дзень гулец можа зьдзейсьніць некалькі хадоў, а пры руху па пустыні — толькі адзін крок. Пачатак кожнага тыдню адзначаецца сьпісаньнем грошай (за выкарыстаньне карабля, на падтрымку войска) і атрыманьнем заробку ад караля. Таксама кожны тыдзень абвяшчаецца тыднем пэўнага тыпу істотаў (выпадковым чынам, аднак кожны чацьверты тыдзень — сялянаў), пры гэтым баявыя магчымасьці абраных істотаў у гэты тыдзень павялічваюцца, а ўсе месцы, дзе іх можна набыць, ізноўку напаўняюцца. Адведзены для гульні час вызначаецца абраным на пачатку ўзроўнем складанасьці.

У порце для Sega Genesis, выдадзеным Electronic Arts у 1991 року, падарожжа па асноўнай мапе адбывалася ў рэальным часе, а таксама была перамаляваная большая частка графікі.

Афіцыйных працягаў сэрыі ад New World Computing не існуе. Аднак ужо ў 1992—1993 харкаўскі праграміст Сяргей Пракоф’еў распрацаваў аматарскі працяг, названы King’s Bounty 2. Гульня мела складацца зь дзьвюх частак, аднак другая так і не была дапісаная.

У 2005 украінская студыя «АльфаКласс», ачольваная Пракоф’евым, выдала гульню «Герои Мальгримии: Затерянный мир магии», якая зьявілася працягам King’s Bounty 2. У 2007 выйшла другая частка сэрыі «Герои Мальгримии 2: Нашествие некромантов», у 2009 — дапаўненьне «Герои Мальгримии 2: Победить дракона».

У 2001 кампанія 3DO выдала для плятформы PlayStation 2 гульню пад назовам Heroes of Might and Magic: Quest for the Dragon Bone Staff. Аднак нягледзячы на назву, гульня болей нагадвае працяг King’s Bounty, чым сэрыю Heroes of Might and Magic. Гульня рэалізаваная цалкам у трохвымернай графіцы і запазычвае музыку з трэцяй і чацьвертай частак Heroes of Might and Magic.

У сакавіку 2007 расейская фірма «1C» набыла правы на выкарыстаньне гандлёвай маркі «King’s Bounty». У гэтай сэрыі выдадзеныя гульні «King’s Bounty. Легенда о рыцаре» (2008), «King’s Bounty: Принцесса в доспехах» (2009), «King’s Bounty: Перекрёстки миров» (2010), «King’s Bounty: Legions», «King’s Bounty: Воин Севера» (2012).

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У King’s Bounty мелася магчымасьць лётаць у рэжыме падарожжа, такім чынам лёгка пераадольваючы любыя перашкоды. Дзеля гэтага неабходна, каб усе аддзелы ў войску героя ўмелі лётаць: цмокі, дэманы, вампіры, архімагі. У рэжыме палёту немагчыма біцца, наведваць месты, замкі, знакі, жытлы монстраў, зьбіраць куфры і артэфакты. Аднак час у палёце ідзе як звычайна, у тым ліку над пустыняй.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

King’s Bountyсховішча мультымэдыйных матэрыялаў