Reductio ad Hitlerum, або argumentum ad Hitlerum (з лацінскай «зьвядзеньне/апэляцыя да Гітлера», Hitlerus ёсьць лацінізаванай формай імя Гітлера) — тэрмін, прыдуманы філёзафам Лео Штраўсам у 1951 годзе[1]. Паводле Штраўса, гэта такі тып хітрыка, калі адзін з апанэнтаў параўноўвае погляды другога апанэнта з тымі, якіх прытрымліваўся Адольф Гітлер ці Нацыянал-сацыялістычная партыя. Выкарыстаньне гэтага выкруту часам называюць «разыгрываньнем нацысцкае карты»[2].
Выкрут часта прымае наступную форму: «Гітлер (ці нацысты) падтрымлівалі X, такім чынам, X — зло/нешта непажаданае/нешта дрэннае»[2]. Прыклад: «Гітлер падтрымліваў барацьбу з курэньнем, такім чынам, усе падобныя кампаніі — зло». Рытарычная каштоўнасьць аргумэнту складаецца ў тым, што ў бальшыні супольнасьцяў каштоўнасьці Гітлера й нацызму аўтаматычна лічацца непрымальнымі, і выкарыстаньне такога параўнаньня можа пацягнуць у апанэнта ўзьнікненьне эмацыйнай рэакцыі, якая не дазваляе даць рацыянальны адказ[2].
Прыклад контраргумэнту: «А калі Гітлер скажа, што двойчы два чатыры, то двойчы два аўтаматычна стане раўняцца пяці?»
Падвідамі гэтага выкруту зьяўляецца супастаўленьне прапановаў апанэнта з Галакостам, Гестапа, фашызмам ці таталітарызмам, а таксама з тэрарызмам[2]. Можа выкарыстоўвацца таксама зваротная форма: «Гітлер быў супраць X, такім чынам, X — гэта добра».