Каардынаты: 50°44′4″ пн. ш. 4°28′43″ у. д. / 50.73444° пн. ш. 4.47861° у. д.
Тып | каапэратыўнае таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Заснаваная | 3 траўня 1973 (51 год таму) |
Заснавальнікі | 239 банкаў з 15 краінаў |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Ля-Юльп (правінцыя Валёнскі Брабант, рэгіён Валёнія, Бэльгія)[1] |
Ключавыя фігуры | Готфрыд Ляйбрант[2], Явар Шах[3] |
Галіна | сувязь |
Прадукцыя | фінансавыя тэлекамунікацыі |
Абарачэньне | ▲745,136 млн эўра (2016 г.; $785,448 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲53,643 млн эўра (2016 г.; $56,545 млн) |
Чысты прыбытак | ▲26,219 млн эўра[4] (2016 г.; $27,638 млн)[5] |
Лік супрацоўнікаў | > 2000 |
Аўдытар | «Эрнст і Янг» (Ангельшчына), «Прайс, Ўотэрхаўс і Купэры» (Ангельшчына)[6] |
Тава́рыства сусьве́тнай міжба́нкаўскай фіна́нсавай су́вязі[7] (ТСМФС; анг. Society for Worldwide Interbank Financial Telecommunications, SWIFT) — прадпрыемства Бэльгіі, якое з 1973 году пастаўляе апраграмаваньне для міжнародных плацяжоў між банкамі і іншымі фінансавымі ўстановамі.
Праз сваю міжнародную «Сетку ТСМФС» (анг. SWIFTNet) надае банкам ідэнтыфікацыйныя коды ISO 9362 (SWIFT-коды) для зьдзяйсьненьня плацяжу на Міжнародны нумар банкаўскага рахунку атрымальніка. Прадпрыемства выстаўляе патрабаваньні на аплату, якія банкі пагашаюць праз карэспандэнцкія рахункі, якія маюць паміж сабой. Галаўное прадпрыемства месьціцца ў Бэльгіі (Ля-Юльп). На 2017 год аддзяленьні прадпрыемства працавалі ў 25 краінах сьвету.
На 2017 год «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» (ТСМФС; анг. SWIFT) прадавала банкам доступ да абмену паведамленьнямі праз «Сетку ТСМФС» (анг. SWIFTNet). Перасылка паведамленьняў ажыцьцяўлялася праз службу «Фін» (анг. FIN), якая дазваляла капіяваць розныя віды паведамленьняў ТСМФС, стасавацца ў суполках і аднаўляць дасланыя праз Сеціва паведамленьні. Доступ да сеткі зьдзяйсьняўся праз воблачны сэрвэр «Лайт 2» (Lite2). Для абмену паведамленьнямі на пашыральнай мове разьметкі (ПМР; анг. XML) выкарыстоўвалі праграму «ІнтэрАкт» (анг. InterAct). Праграма дазваляла рынкаўтваральнікам і іх кліентам імгненна абменьвацца зваротамі і адказамі. Праграму «ФайлАкт» (анг. FileAct) выкарыстоўвалі для дасылкі кампутарных файлаў, якія зьмяшчалі справаздачы, зьвесткі пра дзейнасьць і аплату, зборы перапіскі. Таксама прапаноўваўся ўласны браўзэр «ВэбАксэс» (анг. WebAccess — Вэб-доступ)[8].
За 2016 год звыш 11 000 банкаў з больш як 200 краінаў, якія карысталіся «Сеткай ТСМФС», перадалі звыш 6,5 млрд паведамленьняў праз службу «Фін» (+69%), звыш 4,2 млрд файлаў праз праграму «ФайлАкт» (+29%) і звыш 1 млрд паведамленьняў праз праграму «ІнтэрАкт» (+71%)[9].
На 2017 год КТАА «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» мела 28 сядзібаў у 25 дзяржавах:
Паводле 5-га артыкула Статута КТАА «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» ад 13 чэрвеня 2013 году, «пастаянная частка статутнага капіталу Таварыства складае 625 000 эўра». Акцыі маюць «намінальную вартасьць у 125 эўра кожная». Згодна з 10-м артыкулам Статута, «Кожная ўстанова, прынятая ў якасьці акцыянэра, мае спачатку атрымаць адну акцыю»[1]. З 8 чэрвеня 2017 году цану акцыі «ТСМФС» устанавілі ў памеры 4665 эўра[11]. Да ўдзелу ў Таварыстве дапускаліся 10 відаў установаў: банк, аплатная сыстэма, брокер, дэпазытарый, інвэстыцыйны кіраўнік, удзельнік фонду, карпарацыя, біржа, служба супастаўленьня і клірынгавы дом[12].
У траўні 1973 году 239 банкаў з 15 краінаў заснавалі ў Брусэлі (Бэльгія) КТАА «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» («ТСМФС»; анг. SWIFT) з мэтай усталяваньня агульных стандартаў для фінансавых транзакцыяў, стварэньня сыстэмы апрацоўкі супольнадаступных дадзеных і сусьветнай інфармацыйнай сеткі. У 1975 годзе ўсталявалі фундамэнтальныя апэрацыйныя інструкцыі і нормы адказнасьці. У 1977 годзе адаслалі першае паведамленьне. Пасьля тэрарыстычных нападаў 11 верасьня 2001 ЦРУ і Міністэрства фінансаў ЗША атрымалі доступ да фінансавае інфармацыі сеткі SWIFT з мэтай адсочваньня магчымых фінансавых транзакцыяў тэрарыстаў. На лістапад 2008 году прадпрыемства належала 8740 банкам з 209 краінаў. У 2008 годзе праз SWIFT штодзень праходзіла больш за мільён транзакцыяў пра грашовыя пераказы, міжбанкаўскія плацяжы, каштоўныя паперы. За год — 2,5 млрд плацёжных даручэньняў.