The Monks — амэрыканскі рок-гурт, вядомы сваім адзіным альбомам, што выйшаў у 1966 годзе. The Monks запісваліся і выдаваліся ў Нямеччыне. Творчасьць гурта спарадзіла культ між аматараў і некаторых музыкаў, якія лічаць іхні альбом Black Monk Time адным з найлепшых у гісторыі рок-музыкі.
Гурт склаўся зь пяці амэрыканскіх жаўнераў, якія праходзілі службу ў Нямеччыне ў сярэдзіне 1960-х:
Яны пачалі граць у 1964 годзе пад назовам The 5 Torquays. Спачатку яны мала розьніліся ад іншых гуртоў першай паловы 1960-х — выконвалі каверы на Чака Бэрры і гралі музыку, натхнёную брытанскімі біт-гуртамі. У той жа час гурт шмат экспэрымэнтаваў у музыцы. Гэры Бёргэр заўважаў: «Заняло, мабыць, каля году, каб вырабіць патрэбнае гучаньне. Мы ўвесь час экспэрымэнтавалі».
Пасьля сканчэньня службы ў войску чальцы гурта выпрацавалі свой выразны музычны стыль, разам з адметным назовам і выглядам. Эвалюцыя ад іхняга ранейшага звыклага і болей эстэтычнага гучаньня да жорсткага і авангарднага адбылася, па іх прызнаньні, дзеля «парачкі звар’яцелых фантазёраў-экзыстэнцыялістаў» на імя Вальтэр Німан і Карль Рэмі. Рэмі, студэнт аддзяленьня дызайну ўнівэрсытэту ў Вульме, і Німан, студэнт мастацкай акадэміі ў Эсэне, спраектавалі The Monks як «анты-Бітлз»: кароткія валасы з выстрыжанай танзурай, чорнае адзеньне, зашмаргі вакол шыі і імідж жорсткіх і небясьпечных асобаў. Рэмі і Німан былі часткай нямецкай паваеннай авангарднай інтэлігенцыі, якая паўплывала на брытанска-амэрыканскі поп, напэўна, у такой жа меры, як гамбурская сцэна на раньніх «Бітлз».
У пачатку 1965 году Дэйв Дэй і Роджэр Джонстан зьнянацку выстрыглі ў сябе на галовах танзуры манахаў. Астача гурта насьледавала ім, і напрыканцы музыкі апрануліся ва ўніформу — чыста чорнае адзеньне, часам сутаны, з зашмаргамі заміж гальштукаў. Эдзі Шо пазьней тлумачыў, што зашмаргі былі сымбалем мэтафарычных зашмаргаў, якія носіць усё чалавецтва. Выступы на канцэртах насілі такі ж характар чорнага гумару, што аматары не заўсёды сустракалі з прыязьню. На канцэртах былі розныя рэакцыі публікі, а адзін слухач нават спрабаваў задушыць Гэры Бёргэра на выступе ў Гамбургу праз пачутае ім блюзьнерства.
Гурт выпрацаваў свой вельмі адметны стыль. У ім почасту адзначалі блізкасьць да такога напрамку мастацтва як дадаізм.
Гурт адкінуў многія тыповыя рысы рок-н-ролу 60-х:
Многія падобныя музычныя элемэнты можна знайсьці ў некаторых нью-ёрскіх гуртоў 60-х, такіх як The Fugs і The Velvet Underground. Праз гэтыя рысы гурт The Monks почасту разглядаюць як пачынальнікаў пазьнейшага панк-руху. Дзеля іхніх імправізацыяў, шумавога гучаньня і адметных рытмаў іх таксама часам разглядаюць як распачынальнікаў краўт-року.
Трэба сказаць, што, нягледзячы на адкіданьне многіх канонаў, гучаньне The Monks заставалася досыць якасным і багатым, чаго патрабавалі, наогул, высокія музычныя стандарты 60-х: прысутнічалі якасныя вакальныя гармоніі на бэк-вакалах, у некаторых песьнях былі багатыя мэлёдыі.
У 1967 годзе гурт выпусьціў два самотнікі, а пасьля распаўся праз спрэчкі што да напрамку разьвіцьця і нутраныя сваркі.
У 2000 годзе адбылося ўзьяднаньне гурта на фэсьце Cavestomp у Нью-Ёрку.
Ад жніўня 2006 году Гэры Бёргэр займае пасаду мэра гораду Тортл-Рыва, штат Мінэсота.