ZX Spectrum | |
![]() | |
![]() | |
Тып | хатні кампутар |
---|---|
Распрацоўнік | Sinclair Research Ltd |
Вытворца | Timex Corporation |
Пакаленьне | 8-разрадны |
Дата выхаду | 23 красавіка 1982 |
Сканчэньне падтрымкі | 1992[1] |
Прададзена | 5 млн |
Апэрацыйная сыстэма | Sinclair BASIC |
Цэнтральны працэсар | Z80 @ 3,5 МГц |
Аб’ём памяці | 16 КБ / 48 КБ / 128 КБ |
Зьменны носьбіт | аўдыёкасэта, дыскета |
Папярэднік | ZX81 |
Наступнік | QL |
ZX Spectrum у Вікісховішчы |
ZX Spectrum — 8-разрадны[2] дамашні кампутар, створаны ангельскай кампаніяй Sinclair Research на аснове мікрапрацэсару Z80 фірмы «Zilog». У працэсе распрацоўкі кампутар называўся «ZX81 Colour» і «ZX82»[3], назва «ZX Spectrum» мела падкрэсьліць адно з галоўных адрозьненьняў ад ягонага папярэдніка ZX81 — каляровае адлюстраваньне. Прыхільнікі гэтага кампутара часта называюць яго «Спэкі» (анг. Speccy).
На пачатку 1980-х «ZX Spectrum» быў адным з найпапулярнейшых кампутараў у Эўропе, а ягоныя шматлікія клоны на пачатку 1990-х займелі шырокі распаўсюд на тэрыторыі былога СССР/СНД. Дзякуючы невысокаму кошту за першыя 17 месяцаў было прададзена больш за мільён гэтых машынаў. Нізкі кошт быў абумоўлены шэрагам фактараў: выкарыстаньнем тэхналёгіі ULA (Uncommitted Logic Array), з дапамогаю якой большая частка схемы зьмяшчалася ў адным чыпе; нізкімі тэхнічнымі і карыстальніцкімі характарыстыкамі ў параўнаньні з больш дарагімі кампутарамі; выкарыстаньнем бытавога тэлевізара ў якасьці манітору і магнітафону ў якасьці зьнешняга накапляльніка[4].
У 1980-х асноўным канкурэнтам ZX Spectrum на эўрапейскім рынку быў Commodore 64. Іншымі значнымі супернікамі былі 8-бітныя Atari, BBC Micro, Amstrad CPC і ў некаторых краінах MSX.
«Sinclair ZX Spectrum» быў прэзэнтаваны ў красавіку 1982 году ў двух варыянтах — з 16 і 48 КБ апэратыўнай памяці[5].
«ZX Spectrum 48» меў 16 КБ ПЧД, куды быў прашыты дыялект мовы праграмаваньня BASIC, гэтак званы Sinclair BASIC[6]. Гэтая ж праграма ПЧД забясьпечвала базавы ўвод-вывад і карыстальніцкі інтэрфэйс. Сыстэмнымі працэдурамі (напрыклад, друкам на экран) можна было скарыстацца з машыннага коду, выклікаўшы іх па абсалютных адрэсах[7]. Архітэктары кампутара прынялі палітыку не зьмяняць праграму ПЧД, нягледзячы на наяўнасьць у ёй памылак[8][9]. Разьмяшчэньне такой «апэрацыйнае сыстэмы» і мовы праграмаваньня ў пастаяннай памяці забясьпечвала перазагрузку кампутара за некалькі сэкундаў, улучна з тэставаньнем ПАД і, што істотна, зьмяншала памер праграмаў (праграмоўца мог выкарыстоўваць «стандартныя» працэдуры ПЧД, не выдаткоўваючы даступную апэратыўную памяць і не губляючы пры гэтым сумяшчальнасьць)[10].
Першая мадэль «ZX Spectrum» мела недарагую ў вырабе клявіятуру, якая складалася з 40 гумовых клявішаў[5]. Ейнай характэрнай адметнасьцю была шматфункцыянальнасьць: альфабэтна-лічбавыя клявішы мелі да сямі значэньняў у розных рэжымах. Пры гэтым рэжым уводу адлюстроўваўся з дапамогаю курсору. Такімі рэжымамі былі:
Рэжым пераключаўся як аўтаматычна, так і з дапамогаю кіраўнічых клявішаў Caps Shift і Symbol Shift. Напрыклад, у пачатку набору BASIC чакае нумар радку або каманду, таму курсор знаходзіцца ў рэжыме K. Аднаразовае націсканьне клявішы G у гэтым рэжыме спрычыніць аўтаматычны ўвод апэратара GO TO
. Пасьля гэтага курсор пераходзіць у рэжым L і дазваляе набіраць лік, імя зьменнай альбо матэматычны выраз (у тым ліку з дапамогаю рэжыму Е)[11]. Пазьнейшыя мадэлі (пачынаючы ад ZX Spectrum 128) дазвалялі ў якасьці альтэрнатывы набіраць каманды мовы па літарах[12].
Ня менш характэрным быў адзіны графічны рэжым кампутара пры адсутнасьці тэкставага. Колеры (8 колераў і два ўзроўні яркасьці плюс атрыбут мігценьня) і ўласна графіка захоўваліся ў розных месцах памяці[13]. Пры гэтым, хоць графічнае разьдзяленьне складала 256×192 пунктаў, колеравыя атрыбуты задаваліся па знакамесцах. Кожнае знакамесца памерам 8×8 піксэлаў магло мець толькі два прыпісныя яму колеры (гэтак званыя колеры «атраманту» і «паперы» ў Sinclair BASIC) і па адным атрыбуце яркасьці і мігценьня[14]. Такім чынам, вобласьць 8×8 піксэлаў кадавалася 9 байтамі ПАД (8 байтаў — пабітавы малюнак, 1 байт — атрыбуты колеру: 3 біты — колер знаку, 3 біты — колер фону, 1 біт яркасьці і 1 біт мігценьня знакамесца). Такая арганізацыя выклікала пэўныя праблемы пры стварэньні кампутарнае графікі[15]. Зь іншага боку, малы аб’ём экраннае памяці (каля 7 КБ) дазваляў хутчэй перамалёўваць экран і павялічыць дзелю ПАД для выкарыстаньня «ўласна праграмай»[15], што было істотным для кампутарных гульняў. Акрамя таго, асаблівая арганізацыя графічнага рэжыму дазваляла значна аптымізаваць вывад тэксту пры адсутнасьці тэкставага рэжыму[16].
Першыя мадэлі ZX Spectrum мелі аднабітны выхад гуку праз убудаваны дынамік[17]. Прайграваньне музыкі, асабліва шматгалоснае, патрабавала выкарыстаньня амаль усяго часу працэсару, бо гук цалкам генэраваўся праграмна[18]. У мадэлі ZX Spectrum 128 была дададзеная мікрасхема гукагенэратару AY-3-8912, што дазваляла прайграваць трохканальны гук без вялікіх выдаткаў працэсарнага часу[19][20]. Падключэньне гэтае мікрасхемы было магчымае і для мадэляў з аб’ёмам памяці 48 КБ[21][22][23].
Арыгінальныя мадэлі «ZX Spectrum», выпушчаныя «Sinclair Research»:
Апаратную частку ZX Spectrum 16K/48K распрацаваў Рычард Альтвасэр з «Sinclair Research», корпус машыны быў створаны прамысловым дызайнэрам Рыкам Дыкінсанам[8]. Праграмнае забесьпячэньне для новага кампутара распрацаваў Стыў Вікерс па кантракце з кампаніяй «Nine Tiles Ltd», у якой быў створаны «Sinclair BASIC»[6]. Мадэль мела гумовыя клявішы, мініятурны корпус і характэрны лягатып у выглядзе спэктру[5]. Кампутар быў выпушчаны на рынак у 1982 року па кошце ў 125 фунтаў за мадэль з 16 КБ ПАД і 175 фунтаў — за мадэль з 48 КБ; гэтыя цэны пазьней былі зьніжаныя да £99,95 і £129,95 адпаведна[8]. Уласьнікі мадэлі з 16 КБ памяці маглі набыць абнаўленьне на 32 КБ; для абнаўленьня карыстальнікі маглі даслаць свой «Spectrum» у «Sinclair Research» па пошце[5][24]. Староньнія фірмы таксама прапаноўвалі ПАД-модуль на 32 КБ, які падключаўся ў порт пашырэньня[25][26].
З чэрвеня 1984 року распрацоўнікі рыхтавалі ZX Spectrum+, які выйшаў у кастрычніку таго ж року[8]. Гэта быў «Spectrum» з 48 КБ ПАД, абноўленым корпусам і клявіятурай; на корпусе зьявілася кнопка скіду[27]. Даволі хутка новая мадэль стала прадавацца ўдвая лепей за папярэднюю[28]; тым ня меней, некаторыя прадаўцы паведамлялі пра высокі адсотак паломак[29].
«Sinclair Research» распрацоўвала ZX Spectrum 128 супольна са сваім гішпанскім дыстрыб’ютарам «Investrónica»[30]. «Investrónica» дапамогла адаптаваць «ZX Spectrum+» да гішпанскага рынку пасьля таго, як гішпанскі ўрад абклаў асобным падаткам усе кампутары з памяцьцю 64 КБ і меней, якія не падтрымліваюць гішпанскую мову[31]. Новая мадэль зьмяшчала 128 КБ ПАД, трохканальны гук праз AY-3-8912, сумяшчальнасьць зь MIDI, порт RS-232, RGB-выхад на манітор, а таксама 32 КБ ПЧД з палепшаным Бэйсік-рэдактарам[19]. Машына была ўпершыню прэзэнтаваная і выпушчаная ў продаж у верасьні 1985 року ў Гішпаніі[30]. У Вялікабрытаніі пачатак продажу быў адкладзены да лютага 1986 з-за вялікае колькасьці нераспрададзеных «Spectrum+»; пачатковы кошт «ZX Spectrum 128» быў устаноўлены ў £179,95[8].
Працэсар Z80 мае 16-разрадную шыну адрасу, таму можа адрасаваць наўпрост толькі 64 КБ памяці. Дзеля доступу да дадатковых 80 КБ ПАД ужывалася тэхніка пераключэньня банкаў памяці, такім чынам апэратыўная памяць была дасяжная ў выглядзе васьмі старонак, падключаных у верхнюю частку адраснае прасторы. Падобным чынам выконвалася пераключэньне між новымі 16 КБ ПЧД і арыгінальнымі 16 КБ ПЧД у ніжняй частцы адраснае прасторы[20].
Дзеля выкарыстаньня новых гукавых магчымасьцяў у «Sinclair BASIC» зьявілася інструкцыя PLAY
, дзеля пераключэньня ў рэжым «Spectrum 48K» — SPECTRUM
[19]. Новыя інструкцыі занялі месца двух існуючых «сымбалеў, вызначаных карыстальнікам»[32], што выклікала праблемы сумяшчальнасьці з некаторымі старымі BASIC-праграмамі.
Мадэлі «ZX Spectrum», выпушчаныя кампаніяй «Amstrad» пасьля перадачы правоў на ўсю лінейку машынаў:
У 1986 року, неўзабаве пасьля набыцьця брэнду «Sinclair» і правоў на ўсю лінейку «Spectrum»[33], кампанія «Amstrad» выпусьціла ZX Spectrum +2. Машына мела шэры корпус са спружыннай клявіятурай, двума партамі джойстыкаў, а таксама ўбудаваным касэтным магнітафонам, менаваным «Datacorder» (як у «Amstrad CPC 464»), аднак у астатнім машына была цалкам ідэнтычная «ZX Spectrum 128». Цана вытворчасьці была зьніжаная, у выніку чаго раздробавыя цэны зьнізіліся да £139-£149.
Новая клявіятура ня мела надпісаў з ключавымі словамі BASIC, за выняткам LOAD
, CODE
і RUN
, якія былі патрэбныя для запуску праграмаў. Аднак гэта не зьяўлялася вялікай праблемай, паколькі ў «+2» прысутнічала сыстэма мэню, падобнага да «ZX Spectrum 128», дзе можна было пераключацца між старым BASIC 48K і BASIC 128K з наборам ключавых словаў палітарна[34].
ZX Spectrum +3 выглядаў падобна да мадэлі «+2», аднак замест магнітафону меў прывад 3-цалявых гнуткіх дыскаў (як у «Amstrad CPC 6128»); корпус был чорнага колеру. Мадэль была выпушчаная ў 1987 року з пачатковым коштам у £249, які пазьней упаў да £199[35][36]. Гэта быў першы «Spectrum», здольны запускаць апэрацыйную сыстэму CP/M без дадатковага абсталяваньня[37].
У 1983 року Мартын Брэнэн распрацоўваў у Sinclair Research гульнявую прыстаўку LC3 (Low Cost Colour Computer), рэалізаваную ўсяго на дзьвюх мікрасхемах, з гульнямі на катрыджах. Стыў Бэры распрацоўваў для LC3 шматзадачную апэрацыйную сыстэму з аконным графічным інтэрфэйсам. Пасьля перанакіраваньня высілкаў на Sinclair QL праект быў спынены ў лістападзе 1983[38].
У сярэдзіне 1980-х Sinclair Research распрацоўвала праект Loki[39] ў якасьці нашмат таньнейшага (каля £200) канкурэнта кампутара Amiga. Плянавалася, што Loki будзе працаваць на Z80H з частасьцю 7 МГц і мець ня меней як 128 КБ ПАД. Для гуку і відэа выкарыстоўваліся дзьве спэцыялізаваныя мікрасхемы. Праект быў зачынены ў 1986 року пасьля ўгоды з Amstrad.
«Sinclair» ліцэнзавала «Spectrum» амэрыканскай кампаніі «Timex». Яе мадэлі, пароджаныя ад «Spectrum»:
Напрыканцы 1989 году ў Вялікабрытаніі кампанія «Miles Gordon Technology» (вытворца пэрыфэрыі) выпусьціла кампутар «SAM Coupé» ў якасьці патэнцыйнага спадчыньніка «Spectrum», сумяшчальную зь ім. Аднак на той час ужо выйшлі на рынак «Commodore Amiga» і «Atari ST».
Дзякуючы таніне і прастэчы канструкцыі шырокі распаўсюд займелі «неафіцыйныя» клёны «Spectrum» на тэрыторыі былога СССР адразу пасьля падзеньня «жалезнае заслоны». Дзясяткі варыянтаў кампутара выпускаліся на прадпрыемствах і зьбіраліся радыёаматарамі. Неліцэнзійныя клёны выпускаліся таксама ў Польшчы, Усходняй Нямеччыне, Румыніі, Чэхаславаччыне, Аргентыне, Бразыліі і шэрагу іншых краін.
ZX Spectrum — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў