Ёган Эрнст Глюк | |
Johann Ernst Glück | |
Мэмарыяльная дошка ў Вэтыне | |
Дата нараджэньня | 10 лістапада 1652 |
---|---|
Месца нараджэньня | Вэтын |
Дата сьмерці | 5 траўня 1705 (52 гады) |
Месца сьмерці | Масква |
Канфэсія | лютэранства |
Званьне | пастар |
Альма-матэр | |
Пасада |
багаслоў перакладнік |
Сужэнец | Хрыстына Райтэрн |
Дзеці | 2 сыны і 4 дачкі |
Ё́ган Эрнст Глюк (па-нямецку: Johann Ernst Glück, па-латыску: Johans Ernests Gliks; 10 лістапада 1652, Вэтын, Саксонія-Ангальт, Сьвятая Рымская імпэрыя — 5 траўня 1705, Масква, Расейская імпэрыя)[1] — нямецкі лютэранскі пастар і багаслоў, перакладнік Бібліі на латыскую мову.
Глюк нарадзіўся ў Вэтыне ў сям’і пастара. Навучаўся ў гімназіі ў Альтэнбургу, пасьля вывучаў багаслоўе, рыторыку, філязофію, геамэтрыю, гісторыю, геаграфію і лаціну ў Вітэнбэргу і Ляйпцыгу.
У 1673 року пераехаў у Відзэмэ (Лівонія, цяпер Латвія) дзеля прававедніцкай дзейнасьці. Каб мець магчымасьць перакладаць Біблію, вывучаў старажытнагабрэйскую і грэцкую мовы ў Гамбургу. У 1680 року вярнуўся ў Лівонію і пастаўлены пастарам гарнізону ў Дынамюндэ; з 1683 — пастар парафіі ў Марыенбургу (цяпер Алукснэ).
У Марыенбургу ў ягонай хаце працавала служанкай Марта Скаўронская, пазьней каханка і жонка расейскага імпэратара Пятра I.
У 1685 року Ёган Эрнст Глюк скончыў пераклад на латыскую мову Новага Запавету, да 1689 завяршыў пераклад усяе Бібліі(lv). Пры недахопе латыскіх адпаведнікаў у перакладзе карыстаўся нямецкімі тэрмінамі; некаторыя зь ягоных нэалягізмаў захаваліся ў латыскай мове. Вядомы таксама як заснавальнік латыскіх школаў у Лівоніі.
У 1687 прызначаны пробстам у Какенгаўзэне. У 1702 року пасьля заваёвы Марыенбургу расейскімі войскамі Ёган Глюк вывезены ў Расею. Пасаджаны ў палон у Кітай-горадзе (Масква), пазьней вызвалены пад нагляд. Заняўся навучаньнем дзяцей нямецкай, лацінскай ды іншым мовам, адкрыў школу і дабіўся прысваеньня ёй статусу гімназіі, аднак нечакана сканаў 5 траўня 1705 року.
Пахаваны на старых нямецкіх могілках Масквы (не захаваліся).
У ягоным доме ў Алукснэ адкрыты музэй ягонай памяці. Тут захоўваецца арыгінал першага выданьня Бібліі Глюка. На гербе Алукснэ(lv) выяўленая Біблія з годам выданьня «1689», то бок дата сканчэньня працы Ёгана Эрнста Глюка над сваім перакладам.