Іван Эйсмант | |
![]() | |
Дата нараджэньня | 20 студзеня 1977 (48 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | тэлевядовец |
Месца працы | |
Жонка | Натальля Эйсмант |
Узнагароды | |
Іва́н Міха́йлавіч Э́йсмант, творчы псэўданім Іван Міха́йлаў (нар. 1977, в. Луцкаўляны, Гарадзенскі раён, цяпер Беларусь) — беларускі тэлевядоўца, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі.
Нарадзіўся 20 студзеня 1977 году ў в. Луцкаўляны Гарадзенскага раёну[1] ў сям’і Міхаіла Андрэевіча й Ганны Канстаўцінаўны Эйсмантаў[2]. У 1998 годзе[3] з адзнакаю скончыў Акадэмію МУС Беларусі[4] па спэцыяльнасьці юрыст[1][3]. Восем гадоў працаваў па спэцыяльнасьці ў Гародні, меў званьне капітана[2]. У гэты час працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Прессбол»[4].
На тэлебачаньне прыйшоў вядучым праграмы «Дзелавое жыцьцё». У далейшым вёў праграмы «Сфэра інтарэсаў», «Зона Х», «Навіны», «Панарама». Вёў праграмы «Галоўны этэр»[3], у якой зьяўляўся разам з жонкаю Натальляю, і «Спорт-кадр»[4].
Вучыўся ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь[2]. Займаў пасаду галоўнага дырэктара Галоўнай дырэкцыі Агенцыі тэлевізійных навінаў(ru) Першага нацыянальнага тэлеканалу.
12 мая 2017 г. прызначаны намесьнікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі[5].
6 лютага 2018 г. прызначаны на пасаду кіраўніка НДТРК РБ[6].
У лютым 2020 году заявіў, што на базе Агенцыі тэлевізійных навінаў(ru) будзе створаны новы навіновы канал, які можна будзе параўнаць з «Euronews(be)» і «BBC»[7]. У лютым 2020 году грэбліва выказаўся пра тарашкевіцу[8]. У чэрвені 2020 году, камэнтуючы справу «Белгазпрамбанку» й Віктара Бабарыкі, заявіў, што «ва ўнутраныя беларускія справы ўмешваецца іншая дзяржава»[9]. У ліпені 2020 году выказаў упэўненасьць у тым, што значная частка беларускага сэгмэнту Інтэрнэту «выкарыстоўваецца на разгойдваньне сытуацыі»[10].
У жніўні 2020 году частка супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі паспрабавала арганізаваць страйк. Эйсмант адмовіўся выходзіць да пратэстоўцаў на вуліцу й заявіў, па словах перамоўшчыкаў, што «ўсе, каму штосьці не падабаецца, могуць звольніцца на працягу гадзіны»[11][12]. Празь некалькі дзён Эйсмант адказаў на афіцыйныя паведамленьні пра пачатак забастоўкі, заявіўшы, што яна супярэчыць заканадаўству. Частка звольненых і супрацоўнікаў, якія звольніліся, была заменена расейскімі грамадзянамі, у тым ліку з «Расеі сёньня(be)»[13][14][15]. Таксама Эйсмант адмовіўся асьвятляць масавыя пратэсты ў рэспубліцы, што было адным з патрабаваньняў некалькіх сотняў супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі[16][17].
Іван Эйсмант станавіўся суб’ектам забароны на паездкі й замарожваньня актываў Эўрапейскім Зьвязам як частка сьпісу беларускіх чыноўнікаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі, падтасоўку вынікаў галасаваньня й прапаганду[18]. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 17 сьнежня 2020 году Эйсмант быў уключаны ў «чорны сьпіс» ЭЗ за парушэньні правоў чалавека[19]. Рада Эўрапейскага зьвязу[прыбраць шаблён] адзначыла, што Эйсмант як кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі адказвае за распаўсюджваньне прапаганды ў дзяржаўных СМІ й падтрымлівае рэжым Лукашэнкі[19]. Таксама Эйсмант выступіў з публічнымі заявамі з крытыкаю мірных пратэстоўцаў, адмовіўся асьвятляць пратэсты ды звольніў страйкуючых супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі[19]. Акрамя таго, Эйсманта ў свае санкцыйныя сьпісы ўключылі Вялікабрытанія[20], Швайцарыя[21][22]. 26 студзеня 2021 году да сьнежаньскага пакету санкцый ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[23]. У жніўні 2023 года да санкцый супраць Эйсманта далучылася Канада[24].
Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны[3].
Мае сястру Ганну Эйсмант, тэлевядучую Белтэлерадыёкампаніі[4]. З 2010 году ў шлюбе з тэлевядучаю Натальляю Сялюн (Эйсмант)[25].