Ігар Грышчук

Ігар Грышчук
Рост: 194 см
Вага: 90 кг
Грамадзянства:
Нарадзіўся: 9 чэрвеня 1964(1964-06-09) (60 гадоў)
Альма-матэр:
Клюбы
Гады Клюб
1982—1984 РТІ[d]
1984—1986 Дынама Масква[d]
1986—1991 РТІ[d]
1991—2002 Анвіль

І́гар Грышчу́к (нар. 9 чэрвеня 1964 году, Менск, БССР) — беларускі і польскі (з 20 лютага 1998 году) баскетбаліст, цяпер трэнэр беларускага клюбу «Цмокі Менск». Найлепшы трэнэр Беларусі 2015 і 2016 гадоў.

Баскетболам займаўся з чацьвертай клясы ў школе. Скончыў Беларускі інстытут фізычнага выхаваньня.

Гульнявую кар’еру пачаў у 17-гадовым узросьце ў менскім клюбе «РТІ», у 1989—1991 выступаў за маскоўскае «Дынама», адначасна праходзячы ў ім вайсковую службу. На сэзон 1990—1991 вярнуўся ў родны клюб, зь якім удзельнічаў у Турніры імя вызваленьня Варшавы, дзе яго заўважылі ўласьнік і трэнэр клюбу «Правайд Улацлавак». Аднак пэўны час пытаньне трансфэру стаяла на месцы, бо беларускія ўлады не дазвалялі выезд на захад гульцоў маладзейшых за 28 гадоў.

Урэшце з сэзону 1991—1992 року Ігар Грышчук перайшоў у польскі клюб. Ужо зь першых матчаў разам зь Яўгенам Пустагварам стаў найлепшым гульцом у складзе «Правайду», які да апошняга моманту змагаўся з «Поганьню Шчэцін» за выхад у найвышэйшую лігу. Урэшце «Погань» выйшла наўпрост, а «Правайд» праз стыкавыя матчы. У рэгулярным сэзоне Грышчук зарабляў у сярэднім 23,3 пункту за гульню, а ў стыкавых матчах — 28,3 п/г.

Пасьля гэтага сэзону «Правайд Улацлавак» зьмяніў назву на «Нобілес». Клюб, які ня быў фаварытам, дайшоў да фіналу, дзе саступіў у 3 матчах «Сьлёнску Уроцлаў». Тым ня меней, Ігар Грышчук стаў пераможцам у сьпісе бамбардзіраў, здабыўшы ў суме 1044 пункты, і трапіў у сьпіс пяці найлепшых гульцоў сэзону паводле вэрсіі «Przeglądu Sportowego».

У сэзоне 1993—1994 Ігар Грышчук стаў другім у складзе каманды (пасьля Рамана Альшэўскага), пятым у лізе і другі раз запар вывеў «Нобілес» у фінал. Але золата чэмпіянату зноў накіравалася ва Ўроцлаў. За сэзон Грышчук зарабіў 888 пунктаў (21,6 у сярэднім за гульню).

У сэзоне 1994—1995 Грышчук зноў стаў найлепшым гульцом каманды — 20,8 пкт/гульня. Аднак «Нобілес» здабыў толькі бронзавыя мэдалі, а таксама заваяваў кубак Польшчы. Па выніках сэзону гулец другі раз быў абраны ў найлепшую пяцёрку паводле вэрсіі «Przeglądu Sportowego».

Сэзон 1995—1996 стаў адным з двух памятных сэзонаў Ігара Грышчука ў Польшчы. 3 красавіка 1996 у матчы чэмпіянату супраць «Сьлёнску» гулец, незадаволены рашэньнем судзьдзяў, пасьля матча ўварваўся да арбітраў і пагражаў ім «беларускай мафіяй». За гэта Грышчук быў дыскваліфікаваны на два матчы, а клюб быў пакараны штрафам тысячу злотых. Паколькі наступныя матчы прыйшліся акурат на паўфінал ізноў жа супраць «Сьлёнску», беларускі баскетбаліст ня змог дапамагчы «Нобілесу» ў першых двух матчах, і ў фінал прайшоў уроцлаўскі клюб. Трэці раз Грышчук увайшоў у пяцёрку найлепшых гульцоў чэмпіянату і стаў другім бамбардзірам з 801 пунктам.

У сэзоне 1996—1997 Грышчук набіраў ня меней 20 пунктаў/матч, але ягоны «Анвіль» саступіў ужо ў чвэрцьфінале плэй-оф.

У сэзоне 1997—1998 новым трэнэрам клюбу стаў Эўгеніюш Кіеўскі, які толькі што заваяваў са зборнай Польшчы 7-е месца на чэмпіянаце Эўропы. Тым ня меней, «Анвіль» заняў у чэмпіянаце толькі 7-ю пазыцыю і адразу ж вылецеў з плэй-оф зь лікам 0:3.

20 лютага 1998 року Ігар Грышчук прыняў польскае грамадзянства, працэдура па натуралізацыі заняла 5 гадоў.

У сэзоне 1998—1999 Грышчук быў найбліжэй да чэмпіёнства. У першым матчы чвэрцьфіналу гулец набраў шэсьць перахопаў, што ёсьць чацьвертым вынікам у гісторыі польскіх плэй-офаў[1]. У паўфінале «Анвіль» лёгка разабраўся з «Бабрамі Бытам» 3:0, а ў фінале саступаў 0:2, аднак ва Ўлацлаўку адыграў 2 матчы. Дзьве наступныя сустрэчы супернікі выйгралі па адным разе, і лёс мэдалёў вызначыўся ў сёмым матчы ў «Народнай залі». У чацьвертай чвэрці Ігар Грышчык давёў лік да 60:60, аднак пасьля «Сьлёнск» зарабіў 7 пунктаў і перамог 67:60. У гэтым сэзоне Грышчук здабываў па 14,1 пкт/гульню, аднак адзначыўся ў іншых паказьніках. 20 верасьня 1998 у матчы супраць «Засталю» баскетбаліст запісаў на свой рахунак 15 перадачаў (восьмы вынік у гісторыі польскага чэмпіянату)[1], а ў чацьвертым фінальным паядынку са «Сьлёнскам» зрабіў 11 дакладных перадачаў (трэці вынік у гісторыі плэй-оф)[1].

У двух наступных сэзонах гулец зноўку здабываў з клюбам срэбныя мэдалі, саступаўшы ў абодвух выпадках «Сьлёнску».

Сэзон 2001—2002 року стаў апошнім у гульнявой кар’еры Ігара Грышчука. Гулец меў благія стасункі з трэнэрам Аляксандрам Петравічам, пагоршыліся паказьнікі, нават меў гульні без заробленых пунктаў. Празь некалькі месяцаў па сканчэньні сэзону гулец завяршыў баскетбольную кар’еру.

У наступным сэзоне Грышчук перайшоў на пасаду памочніка трэнэра свайго клюбу. У 2005—2008 быў галоўным трэнэрам «Чарных» са Слупску.

21 кастрычніка 2006 року кашулька пад нумарам 12 зь ягоным прозьвішчам была вывешаная пад столяй Залі чэмпіёнаў ва Ўлацлаўку. Гэты нумар зарэзэрваваны за Ігарам Грышчуком назаўжды, і ніводзін гулец ня можа выступаць у «Анвілі» пад гэтым нумарам.

У 2010 року быў прызначаны галоўным трэнэрам зборнай Польшчы[2].

13 лістапада 2014 року стаў галоўным трэнэрам беларускага клюбу «Цмокі Менск»[3]. Такім чынам, ён вярнуўся ў Беларусь пасьля 24-гадовага перапынку[4].

Перад ад’ездам у Польшчу Грышчук трапляў у другі склад зборнай СССР, па ягоным развале абараняў колеры Беларусі, за якую правёў 9 матчаў у званьні капітана (сярэдняя выніковасьць — 19,8 пкт/гульня).

Апошні раз згуляў за зборную 30 кастрычніка 1996. У студзені 2002 атрымаў запрашэньне на зборы перад матчамі плэй-оф ЧЭ супраць Вугоршчыны і Польшчы, аднак канчаткова вырашыў скончыць кар’еру.

  • Срэбны прызэр чэмпіянату Польшчы: 2×5 (1992/93, 1993/94, 1998/99, 1999/00, 2000/01)
  • Бронзавы прызэр чэмпіянату Польшчы: 3×1 (1994/95)
  • Уладальнік Кубка Польшчы: 1×2 (1995, 1996)
  • пяціразовы ўдзельнік матчу ўсіх зорак Польскай баскетбольнай лігі

За сваю баскетбольную кар’еру ў Польшчы Грышчук зарабіў у 388 матчах 6774 пункты (у сярэднім 17,2 за матч), што выводзіць яго на сёмае месца найлепшых бамбардзіраў Польскай баскетбольнай лігі.

  • 2005—2006 — упершыню ў гісторыі «Чарных» Слупск здабыў з клюбам бронзавыя мэдалі
  • 2008—2009 — бронзавы мэдаль з «Анвілем Сьлёнск»
  • 2009—2010 — срэбны мэдаль з «Анвілем Сьлёнск»
  1. ^ а б в Rekordy PLK sezonu 1998/1999 (пол.) Rekordy w polskiej lidze koszykówki Архіўная копія ад 17 лістапада 2014 г.
  2. ^ Игорь Грищук — главный тренер сборной Польши  (рас.) // Народная воля. — 22 сакавіка 2010. — № 44—45 (3174—3175).
  3. ^ Игорь Грищук назначен новым главным тренером мужской команды «Цмокі-Мінск» (рас.) // Цмокі Менск, 13 лістапада 2014 г. Праверана 17 лістапада 2014 г.
  4. ^ Игорь Грищук: белорусы не сдаются (рас.) // Цмокі Менск, 15 лістапада 2014 г. Праверана 17 лістапада 2014 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]